Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менская сустрэча як знак правалу эўразійскай інтэграцыі


Майкл Кэйсі, журналіст, выпускнік Калюмбійскага ўнівэрсытэту, у артыкуле на сайце The Moscow Times разглядае цьмяныя пэрспэктывы Эўразійскага эканамічнага саюзу.

У аўторак, 26 жніўня, уся ўвага будзе прыкаваная да Менску, дзе сустрэнуцца прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Факт, што ў Менску спачатку плянавалі пасяджэньне кіраўнікоў Мытнага саюзу, цяпер практычна нікім ня згадваецца, і гэта адлюстроўвае штораз большую непатрэбнасьць гэтага мытнага ўтварэньня, якое неўзабаве ператворыцца ў Эўразійскі эканамічны саюз (ЭЭС).

Крыху больш за паўгода пасьля таго, як былы ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч ганебна ўцёк з Кіева, цяжка ўжо успомніць, як гэта ўсё пачалося. Што выклікала гэты гвалт — чаму гэтая катастрофа здарылася і працягваецца?

Можна тут прыводзіць мноства прычынаў — ад меркаванага ўварваньня НАТО да патрэбы Крамля павысіць сваю папулярнасьць — але роля Эўразійскага эканамічнага саюзу, задуманага Ўладзімірам Пуцінам, зьяўляецца ва ўсім гэтым вельмі важнай.

У процівагу Эўразьвязу Пуцін памкнуўся стварыць новы «геапалітычны полюс» паміж Брусэлем і Пэкінам.

Расея, натуральна, зьбіралася руліць гэтай постсавецкай групоўкай, ядро якой мелася складацца зь Беларусі, Казахстану і, самае галоўнае, Украіны. Былы амбасадар ЗША Майкл Макфол у нядаўнім сваім камэнтары назваў Эўразійскі эканамічны саюз «найважнейшым зьнешнепалітычным праектам» Пуціна.

Хоць Пуцін першапачаткова меркаваў сабраць постсавецкія землі ў нешта накшталт колішняй гегемоніі — ён уяляў сабе Эўразійскі эканамічны саюз як геапалітычны бастыён пад кантролем Масквы — у сапраўднасьці ЭЭС стаў усяго абалонкай. Хоць Беларусь і Казахстан далучыліся да гэтага саюзу, ён насамрэч застаецца пусты без Украіны.

Ну бо фактычна, прыгадаем — пажар на Майдане ўспыхнуў толькі тады, калі Януковіч упершыню даў сыгнал, што ён хоча адысьці ад Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам і наблізіцца да патэнцыйнага сяброўства ў ЭЭС. І вось мы празь дзевяць месяцаў пасьля таго выбуху ўсё яшчэ падбіраем аскепкі.

Зразумела, што Эўразійскі эканамічны саюз неўзабаве ўступіць у этап канчатковага фармаваньня і без Украіны. Уступленьне саюзу ў жыцьцё прызначана на 1 студзеня 2015 году — Пуцін заявіў, што ЭЭС адкрые новую «эпоху». Але без удзелу Украіны ЭЭС ня зможа і наблізіцца да таго «полюса», якім яго хоча бачыць Пуцін.

І нават тыя, хто застаецца сябрам ЭЭС, як здаецца, пачалі аддаляцца ад Расеі. (...) Казахстан выступае супраць уступленьня Армэніі ў ЭЭС — Астана запатрабавала, каб спрэчная тэрыторыя Нагорнага Карабаху засталася па-за аб’яднаньнем.

Кіргізстан дае рады атрымліваць крэдыт за крэдытам ад Масквы, адначасова адштурхоўваючы пэрспэктыву сяброўства ў ЭЭС да 2020 году. Азербайджан, Узьбекістан і Туркменістан — тры постсавецкія дзяржавы з найбольш істотным эканамічным патэнцыялам, ня лічачы Балтыі — не выяўляюць вялікай ахвоты ўступіць у гэты саюз. Надзеі Пуціна на далучэньне Ўкраіны памерлі, хутчэй за ўсё, з рашэньнем Кіева нарэшце падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам у чэрвені.

Але гэта яшчэ ня ўсё. (...) Як Казахстан, так і Беларусь публічна заявілі, што ня будуць далучацца да Расеі ў яе забароне на імпарт харчовых прадуктаў з многіх заходніх краінаў. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прывёў канкрэтныя прыклады, адзначыўшы патрэбу ягонай краіны ў польскіх яблыках і нямецкіх харчах.

Казахстан быў больш непасрэдны. Расея заявіла, што ў тэлефоннай размове паміж Пуціным і Назарбаевым 7 жніўня бакі абмеркавалі пашырэньне супрацоўніцтва адносна санкцый — у той самы час Астана катэгарычна заявіла, што санкцыі былі аднабаковым крокам Масквы.

Тым часам Расея будзе вымушаная зьвярнуцца да былых савецкіх рэспублік ў справе імпартазамяшчэньня. Неабходнасьць Расеі ў набыцьці прадукцыі з Кіргізстану, Таджыкістану і Армэніі дазволіць гэтым тром краінам атрымаць яшчэ больш саступак ад Масквы ў справе далучэньня да ЭЭС. (...)

Казахстан будзе і далей аслабляць неэканамічныя ўмовы сяброўства ў Эўразійскім саюзе дзе толькі зможа, а Беларусь будзе працягваць ігнараваць расейскія санкцыі. І Эўразійскі саюз — самы істотны праект зьнешняй палітыкі Пуціна — будзе працягваць сваю хісткую хаду наперад, але без Украіны і без рэальнай магчымасьці атрымаць нейкую геапалітычную вагу ў агляднай будучыні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG