Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі настаўнікам і мэдыкам падвысяць


Заробак настаўнік вачамі карыкатурыста

Заробак настаўнік вачамі карыкатурыста

Ад 1 верасьня ў Беларусі падвышаюць заробкі настаўнікам і мэдыкам.

Заробкі пэдагагічных і іншых работнікаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спэцыяльнай, прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, сацыяльна-пэдагагічных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павялічваюцца дыфэрэнцыявана за наяўнасьць кваліфікацыйных катэгорыяў.

Так, за другую кваліфікацыйную катэгорыю надбаўка складзе 30% ад тарыфнага акладу (стаўкi) замест 15%, за першую катэгорыю — 55% замест 20%, за вышэйшую катэгорыю — 90% замест 30%, за катэгорыю «настаўнік-мэтадыст» — 120% замест 40%.

Кіраўнікам устаноў, пэдработнікам, якія ня маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнікам фізычнага выхаваньня ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам прадугледжваецца павышэньне тарыфнага акладу на 10%, памочнікам выхавальнікаў — на 20%, работнікам кухні — на 10%.

Павелічэньне надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі дазволіць павысіць сярэдні заробак настаўнікаў у сярэднім на 18%.

Таксама з 1 верасьня ў Беларусі павышаюцца тарыфныя стаўкі (аклады) для асобных катэгорыяў работнікаў аховы здароўя.

Тарыфныя стаўкі ўчастковым лекарам-тэрапэўтам і лекарам-пэдыятрам, лекарам агульнай практыкі, а таксама лекарам-спэцыялістам, якія аказваюць хуткую мэддапамогу, павялічаныя на 60%.

Участковым мэдсёстрам, памочнікам лекара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, мэдсёстрам агульнай практыкі, фэльчарам, мэдработнікам фэльчарска-акушэрскіх пунктаў і мэдработнікам зь сярэдняй мэдыцынскай адукацыяй, якія аказваюць хуткую дапамогу, — на 50%. На 40% павышаныя тарыфныя стаўкі санітаркам хуткай дапамогі.

Акрамя таго, урачам-спэцыялістам тарыфныя стаўкі павялічваюцца на 50%, мэдработнікам зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй (за выключэньнем названых вышэй) — на 40%, малодшым мэдсёстрам па догляду за хворымі, няням, сёстрам-гаспадыням, санітаркам — на 30%.

Мінулым разам заробкі мэдыкам павялічвалі на 20–40%. Гэта адбылося сёлета ў красавіку.

На пачатку ліпеня прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч паабяцаў, што заробкі настаўнікаў з 1 верасьня вырастуць у сярэднім на 15–18%.

Паводле прэм’ера, сярэдні заробак бюджэтніка да канца году складзе ўсяго каля 80% ад сярэдняга заробку па краіне.

XS
SM
MD
LG