Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Ніякі Лукашэнка не міратворац


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе, архіўнае фота

26 жніўня ў Менску маюць адбыцца шматбаковыя перамовы ў фармаце «Мытны саюз — Эўразьвяз — Украіна» пра будучыню Ўкраіны, ахопленай збройным супрацьстаяньнем. Чытайце пра тое, як у Менску рыхтуюцца да саміту...

Ці не ўпершыню за апошнія два дзясяткі гадоў Менск будзе прымаць перамоўнікаў такога высокага ўзроўню. Апроч кіраўнікоў Украіны, Расеі і Казахстану, дамаўляцца пра мір ва Ўкраіне прыедуць Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, віцэ-старшыня Эўракамісіі Гюнтэр Этынгер і эўракамісар па гандлі Карл дэ Гухт.

У Менск сярод іншых высокіх асобаў маюць прыехаць прэзыдэнты варагуючых краінаў — Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін. Ці адбудзецца іх сустрэча ў фармаце сам-насам — пакуль невядома. Як заявіў сёньня кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў, заплянаваны цэлы шэраг двухбаковых перамоваў, але пра тое, хто і з кім будзе сустракацца, абвесьцяць толькі заўтра.

Мерапрыемства, якое можа стаць паваротным у расейска-ўкраінскім канфлікце, ужо адзначанае вялізнай цікавасьцю з боку мас-мэдыяў. Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, на перамовы акрэдытавана больш за 300 журналістаў, і заяўкі паступаюць надалей. Асобна ідзе акрэдытацыя на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацыяў у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Прыблізны графік прыбыцьця перамоўнікаў досыць расьцягнуты, і фактычна самалёты будуць прызямляцца да сярэдзіны дня.

Як удакладнілі ў амбасадах краінаў, чые кіраўнікі гатовыя выпрацоўваць у Менску салідарную пазыцыю, першым зьбіраецца прыляцець Пятро Парашэнка — у раёне 11-й раніцы. Дзесьці ў гэты ж час прыбудуць прадстаўнікі Эўразьвязу на чале з Кэтрын Эштан. Уладзімер Пуцін традыцыйна не сьпяшаецца, ягоны борт чакаецца дзесьці ў 13.30.

Кансультацыі па ўкраінскай праблематыцы будуць праходзіць у Палацы незалежнасьці, нядаўна збудаваным на праспэкце Пераможцаў непадалёк ад лукашэнкаўскай рэзыдэнцыі ў Драздах. Па ўсім пэрымэтры палаца ідзе апошняя падрыхтоўка: дзясяткі супрацоўнікаў «Зелянбуду» падмятаюць пляц, прамысловыя альпіністы мыюць вокны, людзі ў цывільным аглядаюць тэрыторыю. Дзяржаўтаінспэкцыя ўжо папярэдзіла аўтааматараў, што заўтра маршруты па праспэкце Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай лепш не плянаваць, бо рух транспарту будзе перакрывацца.

Ці зможа менская сустрэча паспрыяць дээскаляцыі канфлікту? Якія дывідэнды атрымае гаспадар перамоўнай пляцоўкі — Аляксандар Лукашэнка? Сытуацыю аналізуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Ніякага аптымізму на гэты конт я ня маю — ня бачу канструктыўных прапановаў у ніводнага з бакоў, якія будуць прысутнічаць на гэтых перамовах. З боку Ўкраіны ёсьць толькі адно выйсьце — хутчэй і пасьпяхова скончыць антытэрарыстычную апэрацыю, ачысьціць Украіну ад гэтых узброеных фармаваньняў. З боку Расеі ўвогуле няма ніякіх прапаноў і ніякага добрага выйсьця. Эўразьвяз у асобе Кэтрын Эштан — гэта толькі пасярэднік. Ну, і два статысты — Назарбаеў і Лукашэнка».

Карэспандэнт: «Якую выгаду ад умоўнай „міратворчасьці“ атрымае Лукашэнка?»

«Не перастаю паўтараць адну простую рэч: ніякі Лукашэнка не міратворац. У яго для гэтага няма ні моцнай дзяржавы, ні — галоўнае — рэпутацыі і даверу. Да гэтага чалавека ў нікога з усясьветных палітыкаў няма даверу, у тым ліку ні ў Пуціна, ні ў Парашэнкі. Які міратворац? Тое, што адбываюцца сёньня зьмены ў дачыненьні да Беларусі ў міжнароднай палітыцы, дык такія ж самыя зьмены адбываюцца, прыкладам, у бок Ірану. Проста яны, зыходзячы з інтарэсаў „рэалпалітык“, становяцца не такімі істотнымі, як пагроза з боку Расеі. Таму ніякай заслугі Лукашэнкі ў гэтай зьмене стаўленьня да ягонага рэжыму ў Эўропе няма. Гэта ўсяго толькі прывабная краіна як месца для перамоваў, бо лепшага і бліжэйшага месца няма. І дзеля гэтага выкарыстоўваецца Беларусь. Ніякай заслугі тут ні беларускага народу, ні Лукашэнкі няма і быць ня можа».

Аляксандар Лукашэнка, прымяраючыся да ролі міратворцы, намагаецца лавіраваць паміж Масквой і Кіевам. 24 жніўня, напярэдадні саміту, ён павіншаваў свайго ўкраінскага калегу Пятра Парашэнку з Днём незалежнасьці Ўкраіны, адзначыўшы «высокі ўзровень двухбаковых адносінаў»: «Шчыра даражу ўсталяваным паміж намі ўзаемаразуменьнем і буду рады працягу канструктыўнага дыялёгу, накіраванага на далейшае ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ўкраінай», — падкрэсьліў у тэлеграме Лукашэнка. Але ці ня стане менская сустрэча марнай ва ўмовах, калі кожны з бакоў едзе са сваім пералікам патрабаваньняў і ўльтыматумаў? Палітоляг Вячаслаў Оргіш разьлічвае, што эмоцыі саступяць месца здароваму сэнсу:

«У палітыцы ўвогуле не бывае пустых сустрэчаў — бываюць сустрэчы, якія замаруджваюць той ці іншы працэс альбо яго паскараюць. Таму сустракацца трэба, бо калі не сустракацца і не размаўляць, то эскаляцыя канфлікту будзе ўзрастаць і нічога добрага ад гэтага чакаць не давядзецца. Відавочна, што на дадзены момант так званыя ДНР і ЛНР пераходзяць да больш актыўных дзеяньняў, у той жа час украінскае войска дэманструе дрэнную дзеяздольнасьць, і Кіеву, хоча ён таго ці ня хоча, трэба зараз сядаць за стол перамоваў і шукаць н

У палітыцы ўвогуле не бывае пустых сустрэчаў — бываюць сустрэчы, якія замаруджваюць той ці іншы працэс альбо яго паскараюць

ейкага паразуменьня ў перамоўным працэсе. А што тычыцца гэтак званых паўстанцаў, самаабвешчанай Наваросіі, то відавочна, што яны таксама ў пэўным сэнсе зацікаўленыя ў перамоўным працэсе, гэта дае ім магчымасьць перагрупавацца, сканцэнтраваць сілы на тым ці іншым напрамку. Дый увогуле час — такая рэч, што можа даць нейкія перавагі ў сэнсе дыпляматыі, у ваенным пляне, эканамічным. Таму яны, відаць, таксама разьлічваюць на перамовы, якія нешта ім прынясуць. Калі не ў стратэгіі, то, ва ўсялякім выпадку, у сэнсе тактыкі».

Напярэдадні зацікаўленыя бакі выказаліся наконт чаканьняў ад менскай сустрэчы. Так, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў, што едзе дамаўляцца пра мір, бо «ўвесь сьвет ужо стаміўся ад вайны». Пры гэтым Парашэнка ўдакладніў, што будзе заклікаць Расею вывесьці баевікоў зь мяцежных рэгіёнаў Усходняй Украіны. Кэтрын Эштан падкрэсьліла, што перамовы ў Менску — «магчымасьць, якую нельга змарнаваць». Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў сёньня на брыфінгу запэўніў, што Расея выступае за «гарманізацыю адносінаў паміж Мытным саюзам, Украінай і Эўразьвязам». Праўда, ягоныя заявы суправаджаюцца ўсё новымі фактамі несанкцыянаванага ўваходу расейскіх войскаў на тэрыторыю Данбасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG