Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Гарань: Пуцін зрывае менскую сустрэчу


Аляксей Гарань
Аляксей Гарань

Украінскі гісторык-міжнароднік і палітоляг Аляксей Гарань падзяліўся са Свабодай меркаваньнем, дзеля чаго напярэдадні менскай сустрэчы Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Пуціна адбываецца абвастрэньне ваеннай сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

— Раніцай 25 жніўня калёна расейскіх войскаў увайшла на тэрыторыю Ўкраіны, пачала абстрэльваць Новаазоўск і рушыла на Марыюпаль. Чым такія дзеяньні можна патлумачыць, улічваючы, што заўтра ў Менску мае адбыцца сустрэча Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі, на якой лідэры краін маюць абмяркоўваць шляхі выхаду з канфліктнай сытуацыі?

— Магчымыя дзьве прычыны ўварваньня. Першая: Пуцін робіць усё для таго, каб арганізаваць правакацыі і сарваць менскія перамовы, таму што на гэтых перамовах ён ня будзе выглядаць належным чынам. Ён разумее, што зь іміджавага пункту гледжаньня перамовы зь Пятром Парашэнкам будуць прайграныя. Таму ён і прагне сарваць мерапрыемства. Другая прычына: Пуцін максымальна падвышае стаўкі напярэдадні сустрэчы ў Менску, хочучы правесьці яе з пазыцыі сілы.

— Ці можна разьлічваць, што на перамовах прэзыдэнты сапраўды будуць перамаўляцца і да чагосьці дамовяцца?

— Радыкальных рашэньняў дакладна ня будзе. У лепшым выпадку сустрэча можа стаць пачаткам рэальнага перамоўнага працэсу. У горшым — ня дасьць абсалютна ніякіх вынікаў. Уладзімер Пуцін будзе выкарыстоўваць факт сустрэчы як камуфляж — маўляў, я ж імкнуся дамаўляцца. Але расейскі прэзыдэнт ужо цяпер вельмі моцна прайграе іміджава, бо Ўкраіна паказвае сваю гатоўнасьць да перамоваў, да міралюбства, і ўсяму сьвету зразумела, хто агрэсар.

— У суботу 23 жніўня адбылася сустрэча канцлера Нямеччына Ангелы Мэркель і ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Ці гэта значыць, што яна адназначна стаіць на баку ўкраінцаў, нягледзячы на тое, што віцэ-канцлер публічна выказаўся за фэдэралізацыю Ўкраіны?

— Сам візыт Ангелы Мэркель у Кіеў — гэта надзвычай дакладны сыгнал пра тое, што немцы добра разумеюць тую небясьпеку, якую нясе расейская агрэсія. Нямеччына паказала салідарнасьць з Украінай праз стварэньне з ініцыятывы Ангелы Мэркель Фонду адраджэньня Данбасу. Таксама спадарыня Мэркель вельмі выразна сказала, што яна не прызнае анэксіі Крыму, і абвергла тое, што немцы нібыта падтрымліваюць ідэю фэдэралізацыі Ўкраіны. Нямеччына гаворыць пра дэцэнтралізацыю, што фактычна супадае з афіцыйным плянам новай украінскай улады.

— Хто арганізаваў парад ваеннапалонных у Данецку?

— Вядома, Расея. Хто ж яшчэ? Цынічнае парушэньне ўсіх патрабаваньняў наконт стаўленьня да палонных. Гэта ў стылі Пуціна. І зроблена гэта было, каб яшчэ больш падвысіць градус напалу перад сустрэчай у Менску. Чарговая цынічная правакацыя, як гэта было ўжо з так званым гуманітарным канвоем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG