Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія танкі і БТРы ўварваліся ва Ўкраіну, рухаюцца на Марыюпаль


Украінскае агенцтва УНІАН паведамляе, што раніцай 25 жніўня калёна расейскіх войскаў ўвайшла на тэрыторыю Ўкраіны, пачала абстрэльваць Новаазоўск і рушыла на Марыюпаль.

«Мы назіралі, як расейскі дэсант зайшоў з боку мяжы праз поле. У калёне былі танкі, БТР і „Камазы“. Яны разьмясьціліся на полі паміж вёскамі Шчарбак і Маркіна, ледзь вышэй пункта пропуску „Новаазоўск“. Іх дазор і некалькі танкаў вылучыліся ў раён пасёлка Розы Люксэмбург», — распавёў памежнік Дзьмітрый з часткі 9937 Данецкага памежнага атрада.

Расейскія войскі ўвайшлі ўглыб тэрыторыі Ўкраіны на 4–5 кілямэтраў, а дазор прайшоў крыху далей — на 10 кілямэтраў. Украінскія памежнікі адступілі, адлегласьць паміж імі і войскамі агрэсара — 3-4 кілямэтры.

Украінскія вайскоўцы налічылі не менш за 10 танкаў, на БТРах — сьцягі дэсанту.

«Мы — пяхота, а супраць нас танкі, БТР і артылерыя. Абарону трымаць пры наступе мы яшчэ зможам, калі будзе наступаць пяхота, узмоцненая БТРамі, але не пры наступе танкаў», — кажа Дзьмітрый.

Паводле памежніка, расейцы пачалі абстрэльваць іх ранейшыя пазыцыі пад Новаазоўскам, калёна рушыла па прамой дарозе на Марыюпаль. У той жа час, у прэсавай службе Данецкага памежнага атрада распавялі, што не валодаюць інфармацыяй пра ўварваньне расійскіх войскаў.

Аб ўварваньні новай калёны са спасылкай на свае крыніцы паведамляе дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Алег Ляшко:

«Мяжу перасеклі больш за 10 танкаў, БТРы, устаноўкі „Град“, два дзесяткі грузавікоў з расійскімі наймітамі. Зараз ідзе абстрэл нашых памежнікаў каля вёскі Халоднае. Да гэтага ў выніку мінамётных абстрэлаў на працягу двух сутак з расійскай тэрыторыі была цалкам зьнішчаная наша памежная застава „Сядоў“. Расейскія „Грады“ і артылерыя зараз грунтуюцца паміж сёламі Коні і Сядова, абстрэльваюць блёкпост „Новаазоўск“ і трасу», — піша Ляшко ў Facebook.

Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў падтрымцы баевікоў на Данбасе тэхнікай і жывой сілай. Масква неаднаразова адмаўляла гэтыя абвінавачваньні.

Сытуацыя ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на 24 жніўня.
Сытуацыя ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на 24 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG