Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш» ваеннапалонных у Данецку — выклік для ўсяго сьвету, — Мінабароны Ўкраіны


Human Rights Watch назвалі ўчарашні «марш» ўкраінскіх ваеннапалонных парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі.

Так званы «марш» ваеннапалонных у Данецку зьяўляецца выклікам не толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго сьвету. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «1+1» заявіў міністар абароны Ўкраіны Валерый Гэлэтэй. «Тое, што яны зрабілі, зьяўляецца цынізмам вайны. Гэты сцэнар цяжка зразумець. Ён расьпісаны ў Крамлі, таму што там хочуць паказаць няздольнасьць украінскай арміі ваяваць», — адзначыў міністар абароны. Валерый Гэлэтэй заявіў, што «парад ўкраінскіх ваеннапалонных» зьяўляецца выклікам ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго сьвету.

Прарасейскія баевікі ў Данецку ў Дзень незалежнасьці Ўкраіны правялі па цэнтральных вуліцах горада дзясяткі захопленых у палон ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле паведамленьняў мясцовых СМІ, некаторыя людзі глядзелі на гэта, крычалі «фашысты» і кідалі ў палонных пустыя бутэлькі, яйкі камяні і сьмецьце. У палонных рукі былі счэпленыя ззаду, іх канваіравалі баевікі з сабакамі і зброяй. Пасьля праходу калоны палонных асфальт дэманстратыўна памылі камунальнай тэхнікай. У міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch назвалі «марш» ўкраінскіх ваеннапалонных парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі. Святкаваньне 23-й гадавіны Незалежнасьці Ўкраіны адбылося на фоне антытэрарыстычнай апэрацыі, якая з красавіка працягваецца на Данбасе. Сілы АТА спрабуюць вярнуць кантроль над захопленымі прарасейскімі баявікамі Данецкам, Луганскам і іншымі населенымі пунктамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG