Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ukraine Today як тролінг Russia Today


Да Дня незалежнасьці Ўкраіны група кампаній «1 +1 мэдыя», якая належыць днепрапятроўскаму губэрнатару бізнэсоўцу Ігару Каламойскаму, запускае вяшчаньне міжнароднага навіннага тэлеканала Ukraine Today на англійскай мове.

Праз спадарожнік Ноtbird яго можна глядзець на большай частцы Эўропы і Расеі, а з часам — і на тэрыторыі ЗША.

Паводле генэральнага прадзюсара Ukraine Today Тацяны Пушновай, рашэньне аб стварэньні тэлеканала група «1 +1 мэдыя» прыняла ў сакавіку гэтага года:

"Асноўны матыў зьяўленьня праекта зьвязаны з тым, што многія краіны атрымліваюць не адпаведную рэчаіснасьці карціну пра падзеі ва Ўкраіне, у асноўным, з расейскіх СМІ, якія скажаюць факты і часьцяком паведамляюць адкрытую хлусьню. Мы думалі, як мы можам паўплываць на гэтую сытуацыю, і ў выніку вырашылі стварыць міжнародны навінны тэлеканал. Прыярытэтнымі для нас зьяўляюцца краіны Эўразьвязу, на гэтай тэрыторыі вяшчаньне будзе арганізаванае да канца года, а з Новага года мы плянуем перайсьці на іншы спадарожнік, які будзе забясьпечваць прыём сыгналу Ukraine Today ў ЗША. Мы плянуем выходзіць у эўрапейскіх кабэльных сетках з магчымасьцю расейскай і нямецкай дарожак.

— У многіх СМІ гучаць здагадкі, што ваш тэлеканал — гэта альтэрнатыва Russia Today. Ці так гэта?

— Усе калегі задаюць менавіта такое пытаньне. Не магу сказаць, што на такую рэакцыю разьлічвалі, але дзесьці ў глыбіні душы падазравалі яе. Мы выбралі такую назву не таму, што існуе Russia Today. Гэта па-першае. А па-другое, мы так назвалі канал, таму што існуе Russia Today. Мы хочам паказаць, што можна рабіць міжнародны тэлеканал, які ў сваёй працы не будзе выкарыстоўваць прапагандысцкія мэсэджы і будзе рабіць стаўку на высокапрафэсійную, якасную журналістыку. Мы чакалі, што паўстане падобная дыскусія. Але, з іншага боку, гэта будзе нашым мяккім тролінгам. Чаму тролінг ня можа быць маркетынгавай стратэгіяй? Мы хочам прадэманстраваць, што заўсёды ў журналістаў ёсьць магчымасьць працаваць сумленна.

У штаце кругласутачнага канала акрамя украінцаў ёсьць і грамадзяне Вялікабрытаніі, Канады, Ірляндыі і ЗША. На пачатковым этапе ў кадры не будзе вядучых, але пасьля яны з’явяцца, і вядучымі будуць выключна англамоўныя журналісты.

Кіраўніцтва міжнароднага навіннага тэлеканалу, які будзе распавядаць не толькі пра падзеі на Украіне, але і ў Расіі, СНД і ў краінах Эўразьвязу, ужо плянуе і выхад у недалёкай будучыні яго расейскамоўнай вэрсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG