Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вядзе Айчынную вайну,— прэзыдэнт Парашэнка


Ukraine -- Petro Poroshenko
Ukraine -- Petro Poroshenko

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў вайсковыя дзеяньні з прарасейскімі баевікамі, якія адбываюцца цяпер на ўсходзе дзяржавы, Айчыннай вайной 2014 года за незалежнасьць Украіны.

«Падзеі апошніх месяцаў сталі для нас хоць і не абвешчанай, але сапраўднай вайной. Яна, магчыма, так і ўвойдзе ў гісторыю як Айчынная вайна чатырнаццатага года. Вайна супраць зьнешняй агрэсіі. За Украіну, за яе свабоду, за гонар і славу, за народ. За Незалежнасьць. „Айчынная“ яна таму, што на абарону Радзімы падняліся ўсе — ад малога да вялікага. Барацьба за перамогу стала ўсенародным рухам, справай усіх і кожнага. Перакананы: бітва за Украіну, за незалежнасьць завершыцца для нас пасьпяхова — дзякуючы агульнанацыянальнай салідарнасьці, памножанай на мужнасьць і гераізм нашых воінаў»,- заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле ягоных словаў, пад час гэтай Айчыннай вайны нарадзілася новая ўкраінская армія. Ён заявіў, што ва Ўкраіне больш ня будуць сьвяткаваць Дзень абаронца Айчыны паводле календара суседняй дзяржавы.

Свой выступ Парашэнка працягнуў словамі пашаны і ўдзячнасьці вайскоўцам, якія бяруць удзел у баявых дзеяньнях у Данбасе, спагады сем’ям загіблых у вайсковых дзеяньнях.

"Наш вораг доўга і настойліва трэніраваўся, каб напасьці на Ўкраіну, але мы да гэтага не былі гатовыя. Мы паверылі, што сьвет стаў вэгетарыянскім, і нават добраахвотна пазбавіліся ядзернай зброі. А вайна прыйшла адтуль, адкуль яе не чакалі. Вайна нам навязаная нам звонку, гэта не наш выбар, наш выбар — мір",— заявіў прэзыдэнт Украіны.

Парашэнка нагадаў пра свой плян мірнага ўрэгуляваньня ў Данбасе:

«Але крокі для міру не могуць быць аднабаковымі, ва ўрон сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны».

Прэзыдэнт Украіны падзякаваў краінам Захаду і іншым дзяржавам сьвету, якія падставілі плячо ў цяжкі для Украіны час:

«Сябры, з намі ўвесь сьвет, мы даказалі здольнасьць абараняць нашую дзяржаву... У агляднай пэрспэктыве над нашай дзяржавай будзе вісець пагроза вайны, з гэтай пагрозай трэба будзе навучыцца жыць».

Прэзідэнт Украіны вылучыць значныя асігнаванні на абнаўленне ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі. Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў у выступе на Майдане Незалежнасці на парадзе з нагоды свята.

«Цяпер з Храшчаціка проста ў зону АТА пройдзе калёна новай, толькі закупленай або выпушчанай або адрамантаванай тэхнікі. Згодна з плянам на 2015 — 2017 гады, на пераўзбраеньне і абнаўленьне ваеннай тэхнікі заплянавана выдзеліць больш за 40 мільярдаў грыўняў. Гэта дазволіць мадэрнізаваць, закупіць новыя і паставіць у войскі самалёты, верталёты, баявыя караблі і катэры », — адзначыў Парашэнка.

«І гэта толькі сціплы пачатак. Мы павінны, абавязкова павінны пастаянна ўмацоўваць нашу армію. Бо хто шкадуе грошай на сваё войска, будзе карміць чужое», — дадаў прэзыдэнт Украіны. Паводле Парашэнкі тэхніка з парадных разьлікаў адразу з параду накіруецца ў зону Антытэрарыстычнай апэрацыі.

У парадзе прынялі ўдзел вайскоўцы, якія ваявалі з прарасейскімі баевікамі ў Данбасе. Вайскова-марскі парад з нагоды Дня незалежнасьці Ўкраіны пройдзе ў Адэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG