Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свае першыя кавуны фэрмэр Віктар Залескі зь вёскі Іванаўка Рэчыцкага раёну вырасьціў задоўга да закліку Аляксандра Лукашэнкі займацца на Палесьсі вырошчваньнем бахчавых культур — кавуноў і дыняў.

Навукоўцы з Інстытуту гароднінаводзтва багата часу правялі ў фэрмэра ў Іванаўцы, перш чым выдаць свае рэкамэндацыі па вырошчваньні гэтай ягады ў Беларусі. Рэпартаж зь Іванаўкі, фэрмэркай гаспадаркі пад Рэчыцай.

Каля пяцідзесяці тон таварных кавуноў вырасьціў сёлета на двухгектарнай плошчы фэрмэр Залескі. Было б і болей, але не хапіла вады для паліву, каб меншыя зь іх дарасьлі да 5-7 кіляграмаў. Не вазіць жа на продаж любімыя ўсімі ягады-кавуны, у якіх вага кіляграм ці паўтара. А першыя свае важкія ягады Віктар Залескі вырасьціў да «Дажынак-2006», якія ў той год ладзіліся ў Рэчыцы. Залескі: «Калі ў Рэчыцы былі „Дажынкі“, я вырасьціў да тых „Дажынак“ кавуны. Тадышні дырэктар Інстытуту гароднінаводзтва Аляксандар Аўтка разам са шматлікай сьвітай тут на „Дажынках“ быў. І яму сказалі, што я вырошчваю кавуны. Ён не паверыў. Прыехаў — а было гэта 27 верасьня, — то на полі ўжо, канечне, нічога не было. Усё ж прыбралі. Ляжала толькі на падворку горка кавуноў, як і зараз ляжыць. Так і тады ляжала».

Кавуны чакаюць адпраўкі ў гандлёвыя кропкі

Кавуны чакаюць адпраўкі ў гандлёвыя кропкі

Фэрмэр згадвае, што дырэктар інстытуту запатрабаваў завезьці яго на поле, дзе тыя кавуны расьлі:

«Я яго завёў на тое поле, і ён кавуновыя пугі — яны сухія, але ж былі — стаў выдзіраць зь зямлі: а ці не прышпандораны яны для паказухі? А потым запытаўся: „Ці можна, я прышлю сюды сваіх навукоўцаў?“ І на наступны год прыслалі сваіх навукоўцаў — Мечыслава Сьцяпуру і Андрэя (не памятае прозьвішча), і яны тут у мяне, скажам так, рабілі досьледы. Потым ўжо вырошчвалі кавуны ў Менску, а яшчэ праз тры гады Інстытут гароднінаводзтва даслаў мне рэкамэндацыі, як вырошчваць кавуны».

Фэрмэр распавядае пра гэта з усьмешкаю, бо у той час ён і без тых навуковых рэкамэндацый вырошчваю кавуны тонамі:

«Вось гэтыя дактары навук, якія ў мяне тут сем гадоў абаранялі дысэртацыі, — яны б хоць слова пра мяне сказалі. Я тры гады прашу трактар МТЗ-1221 у лізінг — не даюць. Патрабуюць пастаўшчыкі адразу 350 мільёнаў — вымі іх ды пакладзі».

Брэнд Залескага

Брэнд Залескага

Дарэчы, колішні наведвальнік фэрмэрскай гаспадаркі у Іванаўцы, а цяпер загадчык лябараторыі аграхіміі і харчаваньня расьлін «Інтытуту гароднінаводзтва» Мечыслаў Сьцяпура заяўляў мэдыям, што асабіста прысутнічаў пры зборы першага ўраджаю з прэзыдэнцкага гарода ў афіцыйнай рэзыдэнцыі «Дразды», і што кавуны у «Драздах» па смакавых якасьцях нават пераўзыходзяць знакамітыя астраханскія.

Рэчыцкі фэрмэр кажа, што ягоныя кавуны з посьпехам прадаюць сёлета і ў райцэнтры, і ў Гомелі на Давыдаўскім рынку. Многія гандлёвыя цэнтры закупляюць у яго і кавуны, і памідоры, і дыні, якія фэрмэр таксама вырошчвае. Былі нават такія канкурэнты зь ліку пастаўшчыкоў астраханскіх кавуноў, што насылалі на Залескага кантралёраў: маўляў, закупляе фэрмэр кавуны па-за межамі Беларусі і дэмпінгуе на рынку. Адсталі ад фэрмэра кантралёры, калі пабачылі, што на ягоным полі і 20-кіляграмовыя ягады растуць. За якасьць сваіх кавуноў фэрмэр Залескі таксама не хвалюецца: аналізы паказваюць высокую якасьць. І асабістыя назіраньні маюцца:

«Чытаю часьцяком, што прывазнымі кавунамі там атруціўся, там. І усюды пішуць: не рэкамэндунцца даваць дзецям. У мяне ёсьць унучка — ёй два гады. Мае кавуны унучка есьць — і ніякіх высыпаньняў, ніякай дыярэі».

Каб вырошчваць кавуны і дыні, патрэбна, як лічыць фэрмэр, адмысловая працавітасьць, добрыя гатункі насеньня, тэхналёгіі і Божая дапамога. Насеньне кавуноў Залескі купляў як у расейскім Краснадары, так і ў далёкім замежжы. Тэхналягічныя падыходы да вырошчваньня любой культуры вывучаў у польскіх фэрмэраў, якія спачатку праводзяць шырокі аналіз глебы, на якой хочуць штосьці вырасьціць. А пасьля ўжо атрымліваць рэкамэндацыі, што ўнесьці, каб патрэбная культура вырасла. Той жа кавун ці дыня:

«Нашы навукоўцы. Яны агульныя даюць рэкамэндацыі — і ўсё. Трэба ствараць такія падразьдзяленьні — хаця б у буйнейшых гарадах, такіх як Гомель, Мазыр, Калінкавічы, Рэчыца — 4 ці 5 на рэгіён, якія б маглі зрабіць аналіз глебы, даць рэкамэндацыі, якія мікраэлемэнты унесьці, каб дадзеная культура вырасла».

На Давыдаўскім рынку ў Гомелі - кавуны фэрмера Залескага

На Давыдаўскім рынку ў Гомелі - кавуны фэрмера Залескага

Цікаўлюся ў фэрмэра, што будзе, калі на Палесьсі гаспадарнікі кінуцца выконваць указаньні кіраўніка дзяржавы і пачнуць паўсюдна займацца кавунамі, дынямі, іншымі бахчавымі культурамі?

Залескі: «Частку чакае нават не расчараваньне, а банкруцтва, а частку — добрыя фінансавыя вынікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG