Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель: Парашэнка гатовы абмяркоўваць дэцэнтралізацыю Ўкраіны


Ангела Мэркель і Пётр Парашэнка

Ангела Мэркель і Пётр Парашэнка

Пасьля сустрэчы ў Кіеве з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам канцлер Нямеччыны Ангела Меркель паведаміла журналістам, што падтрымлівае «тэрытарыяльную цэласнасць» Украіны, улучна з Крымам, незаконна далучаным Масквой.

Пры гэтым яе ўзрадавала гатовасьць украінскага лідэра абмяркоўваць дэцэнтралізацыю рэгіёнаў краіны. На сумеснай з Парашэнкам прэсавай канфэрэнцыі Мэркель таксама заклікала Кіеў і Маскву дасягнуць пагадненьня аб кантролі за расейска-ўкраінскай мяжой, безь якога, паводле яе словаў, немагчыма ўсталяваньне міру ў рэгіёне. Яна дадала, што не выключае магчымасьці ўвядзеньня новых санкцыяў у дачыненьні да Расеі, калі сытуацыя на ўсходзе Украіны пагоршыцца. Канцлер таксама заявіла, што яе стаўленне да далучэньня Расеяй Крыму застаецца нязьменным.

Пётр Парашэнка назваў Мэркель «добрым сябрам і моцным адвакатам Украіны». Парашэнка таксама заявіў, што яго краіна не ахвяруе суверэнітэтам дзеля міру. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што Ўкраіна ўзгодніць з Эўрапейскім зьвязам сваю пазыцыю на сустрэчы лідэраў Расеі, Украіны, Казахстану і Беларусі ў Менску 26 жніўня. Парашэнка падкрэсьліў, што канцлер паабяцала выдзеліць Украіне 500 мільёнаў эўра на аднаўленьне ўсходніх рэгіёнаў краіны.

Мэркель прыбыла ў Кіеў у суботу раніцай, каб правесьці перамовы з Парашэнкам і прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцанюком. Гэты візыт ва Ўкраіну стаў для канцлера Нямеччыны першым пасьля ўцёкаў з Кіеву экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча.

XS
SM
MD
LG