Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня мае значэньня, ад чыёй кулі загінуў чалавек — ад нацысцкай альбо сталінскай»


5 гадоў таму Эўрапарлямэнт заклікаў усе эўрапейскія краіны адзначаць 23 жніўня як Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму — у памяць аб ахвярах масавых расстрэлаў і дэпартацыяў. Беларускія грамадзкія актывісты вось ўжо 5 гадоў запар у гэты дзень наведваюць Катынь і Курапаты. А на дзяржаўным узроўні гэты дзень ніяк не адзначаецца.

Беларусь застаецца адзінай дзяржавай сярод эўрапейскіх краінаў, дзе не ўшанаваная памяць ахвяраў сталінізму, лічыць дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў. Калі памяць ахвяраў нацызму ў Беларусі ў нейкай ступені, але ня ў поўнай меры, увекавечваецца, то для памяці ахвяр сталінізму ў Беларусі з боку дзяржавы нічога не робіцца, і ня бачна ніякіх зрухаў у пэрспэктыве, сьцьвярджае спадар Кузьняцоў. І цалкам праігнараваныя рэкамэндацыі ўплывовых міжнародных структур — Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Эўрапейскага парлямэнту:

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

«Тым былі ўказаньні, што трэба працягваць вывучэньне таталітарнай спадчыны, распрацоўваць і удасканальваць вучэбныя праграмы і дапаможнікі, зьвязаныя з тэмай і нацызму, і сталінізму, і быў зварот падтрымліваць працу няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца гэтай тэмай. І быў яшчэ зварот і заклік да ўсіх дзяржаваў адкрыць свае гістарычныя і палітычныя архівы. На жаль, у нас нічога не зьмянілася ў гэтым пляне. І галоўнае — гэты дзень ня стаў своеасаблівым днём, я б сказаў, днём нацыянальнага замірэньня ў магіл».

Навукоўцы, дасьледчыкі дагэтуль спрачаюцца, колькі людзей у Беларусі пацярпелі ад рэпрэсій. Ёсць тэрмін «юрыдычныя рэпрэсіі» — гэта тыя рэпрэсіі, якія вызначаны заканадаўствам: то бок каго прысудзіць да вышэйшай меры, каго — у лягер, каго пазбавіць выбарчых правоў... Што тычыцца афіцыйнай статыстыкі, якую яшчэ ў 1993 годзе агучыў дасьледчык, дырэктар Дэпартамэнту па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір Адамушка (то бок гэта база дадзеных, якая стваралася для рэабілітацыі) — у Беларусі, пачынаючы з 1918 года да 1953-га было рэпрэсавана прыкладна 600 тысяч чалавек. Зь іх 250 тысяч рэпрэсавана па лініі судовых і несудовых органаў, і 350 тысяч — у так званым адміністратыўным парадку, то бок ссылка — высылка. Але гэта тыя дадзеныя, якія афіцыйна зафіксаваныя, то бок ёсьць справы ў КДБ, ёсьць дакумэнты ў МУС — НКВД.

Але дасьледчык Ігар Кузьняцоў лічыць, што рэпрэсаваных у Беларусі было значна больш:

«Паводле маіх падлікаў (гэта навуковыя падлікі, прагнозы, аналізы) — прыкладна гэта лічба складае з улікам так званых юрыдычных рэпрэсіяў, да якіх я яшчэ дадаю дзьве катэгорыі: гэта катэгорыі дзеці і жонкі „ворагаў народу“ і дадаю катэгорыю пазбаўленых выбарчых правоў — я магу сьмела назваць лічбу: прыкладна гэта 1 мільён 600 тысяч — 1 мільён 800 тысяч».

Паводле афіцыйных дадзеных, падчас сталінскіх рэпрэсій у Беларусі было расстраляна 30 — 35 тысяч чалавек. Але толькі ў Курапатах мінімальная лічба паводле афіцыйных расьсьледаваньняў, складае 30 — 35 тысяч. Толькі ў Менску, акрамя Курапатаў, ёсьць як мінімум 8 месцаў масавых расстрэлаў, а ў Беларусі дзясяткі такіх месцаў. Так што лічбы не стыкуюцца, сьцьвярджае Ігар Кузьняцоў:

«Я заўсёды кажу: няважна, колькі расстраляна — 35 тысяч альбо 350. Зь іх 95% нявінна асуджаныя. І якраз гэты дзень зьяўляецца вельмі знакавым: ня мае значэньня, ад чыёй кулі загінуў наш суайчыньнік — ад нацысцкай альбо сталінскай. І тыя, і тыя загінулі ад двух рэжымаў. І памяць павінна быць аднолькавай. Ня можа быць падзелу памяці паводле прынцыпу: ахвяраў нацызму можна ўвекавечваць, а ахвяраў сталінізму — нельга. Тут абсалютны знак роўнасьці павінен быць паміж ахвярамі двух рэжымаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG