Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаос ва ўкраінскіх турмах і спадзяваньні на менскую сустрэчу


Сэпаратыст ля турмы

Сэпаратыст ля турмы

У зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне — у Луганскай ды Данецкай абласьцях — у 20 папраўчых установах, у тым ліку і з вышэйшым узроўнем бясьпекі, утрымліваецца каля 10 тысячаў ЗК. Як і ўсяму насельніцтву, вязьням у рэгіёне не хапае вады ды ежы, яны ня маюць сувязі з роднымі зь іншых куткоў краіны. Калёніі разам зь сядзельцамі апынаюцца пад абстрэлам ды бамбёжкамі.

У гэтых абставінах вязьні, згодна з паведамленьнямі ўкраінскіх СМІ, спрабуюць уцякаць. Таксама паведамляецца, што некаторыя калёніі на тэрыторыі антытэрарыстычнай апэрацыі проста адчыняюцца — або на загад Кіева, або наадварот — падпарадкоўваючыся рашэньню сэпаратыстаў. І сядзельцы, у тым ліку крымінальнікі-рэцыдывісты — гвалтаўнікі, забойцы — апынаюцца на волі.

Гісторыя нядаўніх савецкіх часоў вучыць: хаос у турмах падчас рэвалюцыяў, войнаў ды збройных канфліктаў заўсёды абарочваўся для астатняй, «мірнай» часткі краіны і нават для суседніх зь ёй тэрыторыяў ростам крыміналу, марадэрства.

Наколькі з гэтага гледзішча можа быць небясьпечнай сытуацыя для Беларусі, якая мае празрыстыя межы з Украінай? Такое пытаньне наша праграма задала беларускім ды ўкраінскім экспэртам, а таксама прадстаўнікам грамадзкасьці — мінакам на вуліцах Магілёва.

«Эфэкт салёнага агурка»

Як паведамілі ў прэс-службе беларускага МУС, падставаў, каб хвалявацца, у беларусаў няма. Ведамства ня мае інфармацыі наконт вызваленьня ўкраінскіх вязьняў і іх магчымых уцёкаў за мяжу.

Тым часам апытаньне мінакоў на вуліцах Магілёва паказала, многія ўдзельнікі зьдзіўленыя, што ў зоне канфлікту ўсё яшчэ застаюцца турмы. Шмат хто кажа, што гэта дэстабілізуе становішча ў рэгіёне. Не выключаюць і таго, што крымінальнікі з Украіны могуць перабрацца ў Беларусь, і крымінагенная сытуацыя тут пагоршыцца.

Паводле аднаго з апытаных, «гэта ўжо праходзілі ў 1953 годзе, калі Берыя адчыніў турмы. Скончылася ўсё дэстабілізацыяй абстаноўкі. Улічваючы, што робіцца там, нічога добрага чакаць нельга. Мы побач жывём, адны на адных уплываем. Вы ж ведаеце эфэкт салёнага агурка. Калі агурок пакласьці ў бочку з расолам, то ён сьвежым ужо ня будзе».

А цяпер украінскі погляд на сытуацыю. Што ж насамрэч адбываецца ва ўкраінскіх турмах і наколькі небясьпечная тамтэйшая сытуацыя для суседняй Беларусі?

Афіцыйны Кіеў пра вызваленьні ды ўцёкі зьняволеных у зоне АТА

Кіраўніца аддзелу ўзаемадзеяньня са сродкамі масавай інфармацыі Дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Ўкраіны Кацярына Дзенісюк запэўніла: ніякага загаду з Кіева на масавае вызваленьне вязьняў ды амністыю для асуджаных няма. Сапраўды, у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі апынаюцца і папраўчыя ўстановы. Здаралася, што ўзброеныя людзі, пагражаючы кіраўнікам папраўчых устаноў забойствам іхніх блізкіх або сваякоў зьняволеных, патрабавалі вызваленьня некаторых асабліва цяжкіх злачынцаў. Аднак па ўсіх гэтых выпадках былі праведзеныя мерапрыемствы, каб запэўніць бясьпеку закладнікаў ды прадухіліць вызваленьне злачынцаў. На пачатку жніўня была абстраляная калёнія строгага рэжыму ў Данецку. 106 зьняволеных, скарыстаўшы паніку, пакінулі турэмную тэрыторыю. Цяпер ўцекачы або вярнуліся назад, або паведамілі пра сваё месцазнаходжаньне. Таксама ў жніўні была абстраляная жаночая калёнія, і яе эвакуявалі ў іншае месца. Пэнітэнцыярная служба Ўкраіны ўсімі сіламі імкнецца запэўніць бясьпеку зьняволеных у калёніях зоны АТА, — запэўнілі нас.

Незалежныя экспэрты: «Сытуацыя выклікае страх ува ўсіх»

Тым часам незалежныя экспэрты з Хэльсынскай групы ў Харкаве бачаць сытуацыю нашмат больш складанай. Што адбываецца з асуджанымі калёніяў на тэрыторыях, якія захопленыя сэпаратыстамі, сёньня дакладна ня скажа ніхто. Ня выключана, што крымінальнікі, сярод якіх ёсьць і пажыцьцёвікі, гуляюць на волі. Як гуляе на волі і палова вязьняў — уцекачоў з Данецкай калёніі, якая трапіла пад абстрэл.

На пачатку канфлікту наша сувязь са зьняволенымі луганскіх ды данецкіх турмаў была няблага наладжаная. Цяпер, паводле агульных зьвестак, на тэрыторыі АТА няма ні вады, ні ежы

Паводле юрыста і праваабаронцы Людмілы Клачко, гэта і «ня вельмі небясьпечныя злачынцы, якія рабілі дробныя крадзяжы ці прымалі наркотыкі, і асабліва яны не сапсуюць крымінагенную сытуацыю, бо і на волі такіх шмат... Аднак гэта і сур’ёзныя злачынцы: забойцы, гвалтаўнікі».

Як кажа Людміла Клачко, апошняя сувязь зь вязьнямі (а да вядомых падзеяў яны актыўна кантактавалі з Хэльсынскай групай) была на пачатку канфлікту.

Клачко: «На пачатку канфлікту наша сувязь са зьняволенымі луганскіх ды данецкіх турмаў была няблага наладжаная. Тады нам паведамлялі, што вельмі кепска з харчаваньнем, што суды не працуюць, што паседжаньні адкладаюцца, што паўцякалі пракуроры... Аднак у вязьняў былі нейкія спадзяваньні на справядлівыя ў выніку пераменаў рашэньні, людзі былі гатовыя чакаць ды цярпець. Цяпер, паводле агульных зьвестак, на тэрыторыі АТА няма ні вады, ні ежы. Вядома, што абстрэлы не абыходзяцца без чалавечых ахвяраў».

«Гэта гуманітарная катастрофа, — працягвае мая суразмоўніца. — Людзі, безумоўна, раззлаваныя. На жаль, Кіеў страціў час, каб паўплываць на сытуацыю ў турмах на ўсходзе Ўкраіны».

«Сёньня ўсё тое, што адбываецца, выклікае страх ува ўсіх, — адзначае праваабаронца. — Неяк кантраляваць сытуацыю з крымінальнікамі ў тым рэгіёне можна было, пакуль яшчэ хадзілі цягнікі, пакуль прадстаўнікі ЛНР і ДНР лічылі, што яны кантралююць сытуацыю, хоць гэтага, як відаць, не было. Тады трэба было этапаваць асабліва небясьпечных вязьняў у цэнтар краіны, каб іх ахоўваць... Разумееце, гэта трэба было зрабіць раней», — кажа праваабаронца.

Крымскія «закладнікі» і спадзяваньні на сустрэчу ў Менску

Ня менш трывожная сытуацыя і з крымскімі вязьнямі, — лічаць незалежныя ўкраінскія экспэрты. Асуджаныя крымчане, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах мацерыковай Украіны, ня маюць аніякіх сувязяў са сваімі сваякамі ды блізкімі на паўвостраве. Тое ж тычыцца і сядзельцаў крымскіх турмаў, якія паходзяць з мацерыка. Сотні гэтых людзі павінны былі вызваліцца яшчэ на пачатку году, але іх па-ранейшаму трымаюць за кратамі. Тыя, хто яшчэ не адбыў сваіх тэрмінаў, настойліва патрабуюць пераводу: з Крыму — на мацярык, і наадварот. І там, і там вязьні пагражаюць масавымі галадоўкамі ды іншымі пратэстнымі акцыямі.

Адзін зь вязьняў сымфэропальскай папраўчай установы, які некалькі месяцаў таму меўся выйсьці на волю, сказаў праз тэлефон, што многія асуджаныя адчуваюць сябе закладнікамі сытуацыі і шмат хто ў калёніі гатовы пачаць галодны страйк.

«Выруліць гэтую сытуацыю цалкам магчыма, — кажа юрыст і праваабаронца Людміла Клачко, — аднак без сустрэчы ў Менску справа наўрад ці пойдзе».

Клачко: «Рэч вось у чым. На ўзроўні сыстэмы выкананьня пакараньняў усе кантактуюць паміж сабой. На міждзяржаўным узроўні Кіеў не прызнае Сымфэропаль, а Масква — Кіеў. Мы спадзяёмся на сустрэчу ў Менску і на тое, што наш прэзыдэнт Парашэнка і прэзыдэнт Расеі неяк пачнуць кантактаваць, пачнуць дзейнічаць міждзяржаўныя пагадненьні, якія дазволяць вырашаць актуальныя праблемы, у тым ліку і праблему зь вязьнямі. Пакуль жа мы ніяк ня можам перавезьці зьняволеных з крымскіх турмаў у мацерыковую Ўкраіну. І наадварот, тых асуджаных, якія сядзяць у вязьніцах мацерыковай Украіны — на паўвостраў. Такіх таксама нямала, якія паходзяць з Крыму, а цяпер не атрымліваюць ад сваіх родных ані лістоў, ані пасылак, увогуле ніякіх вестак. Вырашыць сытуацыю можна элемэнтарна. Частку эшалёнаў накіраваць у адзін бок, частку — у другі».

Як кажа прадстаўніца Хэльсынскай групы, у гэтых пытаньнях нельга марудзіць. Бо сытуацыя робіцца небясьпечнай як для астатняй Украіны, так і для сумежных дзяржаваў: «Крымінальнікі дакладна не пабягуць з Украіны ў ЭЗ, а вось у Беларусь ды Расею — цалкам рэальна».

Крымінальнікі просяцца на фронт

Паводле ўкраінскіх СМІ, якія, у сваю чаргу, спасылаюцца на крыніцы ў нацыянальнай пэнітэнцыярнай службе, асуджаныя краіны ня так даўно атрымалі зварот ад крыміналітэту Расеі з прапановай зладзіць бунты. Аднак большасьць вязьняў гэтага звароту не падтрымала і заявіла пра сваё жаданьне дапамагчы ўладам абараняць радзіму. Асуджаныя сьцьвярджаюць, што ў такі складаны час, калі вырашаецца лёс Украіны, нават тыя, хто адбывае пакараньне, ня могуць заставацца ўбаку, таму яны настойваюць на стварэньні штрафных батальёнаў. Кшталту тых, якія дзейнічалі ў часы Другой усясьветнай вайны.

Адзін з асуджаных Кіраваградзкай калёніі асобага рэжыму патлумачыў сваю гатоўнасьць ваяваць у штрафным фармаваньні так:

«У кожнага чалавека ёсьць бацькі, браты, сёстры, і кожны перажывае за іх, за тое, што цяпер адбываецца на радзіме. Лічу, што Ўкраіна аказалася непадрыхтаванаю да гэтых падзеяў».

Зьняволеныя папраўчай установы ўпэўненыя, што іхнюю ініцыятыву падтрымаюць у большасьці іншых украінскіх турмаў. Да таго ж сярод асуджаных нямала прадстаўнікоў рэдкіх ваенных спэцыяльнасьцяў. Гэтыя людзі падчас баявых дзеяньняў змаглі б рэабілітавацца перад Айчынай.

Паводле намесьніка кіраўніка кіраваградзкай пэнітэнцыярнай службы Паўла Крамарава, такія заявы з просьбай накіраваць іх на дзейную службу ў войску прынесьлі многія асуджаныя. «Зразумела, гэта можна разглядаць як патрыятычны парыў...Аднак перашкодай такім памкненьням зьяўляюцца законы. Украінскім заканадаўствам не прадугледжана выкарыстаньне асуджаных і фармаваньне зь іх нейкіх вайсковых ды іншых падразьдзяленьняў, а таксама ўдзел у абароне краіны».

У кіраўніцтва ўкраінскіх калёніяў паступаюць ад зьняволеных і розныя іншыя прапановы дапамагчы фронту. Так асуджаныя жытомірскай ПК у нерабочы час робяць на «промцы» камплекты прыладаў для замацаваньня тэхнікі на чыгуначных плятформах, шыюць матрацы...

Былы палітвязень: «Калі б падобная сытуацыя здарылася ў Беларусі...»

Мікалай Аўтуховіч, колішні воін-аўганец, былы беларускі палітвязень, які сядзеў і на строгім рэжыме, мяркуе, што калі б падобная сытуацыя здарылася ў Беларусі і калі б размова ішла пра яе свабоду ды незалежнасьць, большасьць знаёмых зэкаў, з тых каго ён добра ведае, пайшла б змагацца за радзіму. Пры гэтым ён ня ўпэўнены, што большасьць ваявала б за ўладу.

Аўтуховіч: «Хутчэй за ўсё, супраць. Пераважная большасьць зэкаў лічыць ворагамі ўладу. Але ж Беларусь — гэта адно, а Ўкраіна — зусім іншае. У турмах у зоне АТА не сядзяць людзі выключна з Луганску ды Данецку. Там, хутчэй за ўсё, людзі з заходняй часткі краіны, дзе дамінуе настрой за "незалежну Ўкраіну". Але з савецкіх часоў прынята накіроўваць вязьняў чым далей ад дому».

Як ставіцца былы беларускі палітвязень да таго, што адначасна разам з такой патрыятычнай хваляй сярод украінскіх ЗК назіраецца і хваля ўцёкаў?

«Шмат людзей уцякаюць, — гаворыць Мікалай Аўтуховіч. — У канкрэтным выпадку, калі бамбёжкі і абстрэлы, а ў будынкі трапляюць снарады, то ўцякаць неабходна. Усім. Думаю, што адміністрацыя гэта добра разумее. Калі гэтыя людзі вернуцца, то ім нічога ня будзе. Аднак гэта ў выпадку, калі яны нічога не нарабілі крымінальнага. Бо некаторыя ў падобнай сытуацыі могуць заняцца марадэрствам, усім чым хочаш. Кожны чалавек ужо перад уцёкамі ведае, што ён будзе рабіць на волі. Людзі ўцякаюць у тым ліку і ў Беларусі. Калі я сядзеў, былі арганізаваныя ўцёкі з Мазырскай калёніі. Тых людзей схапілі. Ва ўцекачоў заўсёды ёсьць матыў. Яны ўсьведамляюць, што робяць»...

— Але, калі ўлічыць празрыстасьць межаў, украінскія крымінальнікі могуць спакойна трапіць у Беларусь...

Аўтуховіч: «У Беларусь, а таксама ў Расею... Наколькі бясьпечна гэта для Беларусі — ня ведаю. Калі б мяне спыталі пра нейкага канкрэтнага зэка, якога я ведаю, я мог бы зрабіць выснову, чаго ад яго можна чакаць... А тут людзі, якія мне не вядомыя. Адзін можа рабіць злое, другі — не... Мне вельмі цяжка тут нешта сказаць».

Былы начальнік турмы: «Бачыць у бандытах хаўрусьнікаў наіўна»

Колішні начальнік менскай «Валадаркі», які перад гэтым кіраваў папраўчай калёніяй строгага рэжыму ў Навасадах, Алег Алкаеў кажа, што ніхто не павінен разьлічваць на рэцыдывістаў да давяраць іхнім памкненьням служыць у штрафных вайсковых фармаваньнях.

Алкаеў: «Бандытаў выпускаць нельга. Бачыць у іх хаўрусьнікаў — наіўна. Ня тая гэта падтрымка. Не палітычныя ў штрафбаты просяцца, а асабліва небясьпечныя рэцыдывісты. Зразумела, яны змогуць паваяваць. Байцоў тых жа штрафных батальёнаў пускалі на мінныя палі. Маўляў — табе далі волю, дык адкупляй учыненае ўласнай крывёю. Аднак патрыятызму ў такіх умовах чакаць ня трэба. Галоўнае пачуцьцё ЗК — азлобленасьць на ўладу, якая яго пасадзіла».

Палкоўнік міліцыі Алкаеў дапускае, што пры цяперашняй празрыстасьці межаў з натоўпам цывільных уцекачоў у суседнія краіны могуць прыбываць і ўцекачы-крымінальнікі. Варта ўзгадаць прыклад той жа Югаславіі.

Алкаеў: «Давайце ўзгадаем: калі ў былой Югаславіі разгарэўся канфлікт, Эўропа ўцяміла гэта толькі тады, калі туды хлынула 100 тысяч уцекачоў. А да гэтага яны рэагавалі індыфэрэнтна на югаслаўскія падзеі, на генацыд. Калі ж уцекачы перасеклі межы, эўрапейцы згодна з уласнымі законамі былі вымушаныя ўтрымліваць усіх тых уцекачоў... Вось тады і прыйшло разуменьне сытуацыі. Межы — яны толькі для нармальных, законапаслухмяных людзей. Для злачынцаў такой устаноўкі няма...У канкрэтнай сытуацыі ўсё далёка ня так ужо і бясьпечна».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG