Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зорку ў Маскве расфарбаваў кіеўскі эстрэмал


Руфэр «Mustang Wanted»

Руфэр «Mustang Wanted»

Грамадзянін Украіны, вядомы «руфэр» з Кіеву Рыгор па мянушцы Mustang Wanted, заявіў сёньня ў фэйсбуку, што гэта ён размаляваў днямі ў колеры ўкраінскага сьцяга зорку на сьпічаку вышыннага дому ў Маскве і падняў над ёй сьцяг Украіны.

Зьвяртаючыся да ўкраінцаў, расейцаў і асобна маскоўскіх праваахоўнікаў, ён заявіў, што мае фота і відэадоказы свайго ўчынку.

Паводле яго, ён зьдзейсьніў гэта «ў парыве шчырых патрыятычных пачуцьцяў», прызнае сябе вінаватым у «хуліганстве» і гатовы паўстаць перад расейскім судом, але ў абмен на вызваленьне «цудоўнай і сьмелай украінскай дзяўчыны Надзеі Саўчанкі».

«Яна напэўна ні ў чым не вінаватая, а я хоць зорку размаляваў», – напісаў ён.

А чацьвёра расіян, супраць якіх па абвінавачаньні ў гэтым «хуліганстве» распачалі крымінальную справу і якім зараз пагражае сем гадоў турмы, да падзеі ня маюць дачыненьня, запэўнівае Рыгор.

«Свой учынак лічу арт-пэрформансам і прысьвячаю яго Дню Незалежнасьці Ўкраіны, а таксама ўсім хлопцам, якія абараняюць зараз маю Радзіму! Слава Ўкраіне!» – напісаў ён.

Пазаўчора раніцай масквічы пабачылі, што зорка на сьпічаку адной са сталінскіх высотак, на Кацельніцкай узьбярэжнай, пафарбаваная ў сіні і жоўты колеры, а над ёй усталяваны дзяржаўны сьцяг Украіны. У асяродзьдзі «руфэраў» – аматараў падымацца на вяршыні розных будынкаў – адразу западозрылі ў гэтым, сярод іншых, менавіта Рыгора «Мустанга», які ў тыя дні быў у Маскве, але ён спачатку адмаўляў гэта. Між тым, расейская паліцыя затрымала па падазрэньні ў размалёўцы зоркі і ўсталяваньні сьцяга чатырох маладых расіян – двух хлопцаў і двух дзяўчат, якія якраз у тую раніцу зьдзейсьнілі на тым жа будынку ўласнае «правапарушэньне» – адзін зь іх саскочыў з даху на парашуце. Іх узялі пад хатні арышт і выставілі крымінальныя абвінавачаньні ў «хуліганстве», а менавіта ў «апаганеньні» будынку.

Украінка Надзея Саўчанка, афіцэр і ўдзельніца антытэрарыстычнай апэрацыі, яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня трапіла ў палон да сэпаратыстаў на Луганшчыне і была незаконна вывезеная ў Расею, дзе ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары ў Варонежы. У Расеі яе абвінавачваюць, у прыватнасьці, у дачыненьні да гібелі двух расейскіх журналістаў, якія, нелегальна пракраўшыся ва Ўкраіну, знаходзіліся ў баявых шэрагах сэпаратыстаў і асьвятлялі іх напады на ўкраінскіх сілавікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG