Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулым годзе ў беларускамоўных клясах Менску навучалася 1,6% школьнікаў


Generic -- Teacher sitting in classroom (©Shutterstock)
Generic -- Teacher sitting in classroom (©Shutterstock)

Старшыня камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Міхаіл Мірончык 22 жніўня на Аўгустоўскім форуме пэдагагічных работнікаў — 2014 выказаў абурэньне скарачэньнем беларускамоўнага навучаньня ў Менску.

Ён адзначыў, што ў мінулым навучальным годзе ў 148 клясах зь беларускай мовай навучаньня ў Менску займалася толькі 1,6% школьнікаў.

«За апошнія пяць гадоў гэтыя паказчыкі скараціліся ў паўтара раза. Ёсьць факты, якія проста выклікаюць абурэньне. У асобна ўзятых раёнах цягам трох апошніх гадоў з 16 старэйшых груп дашкольных устаноў да гэтага году засталася адна, а беларускамоўных клясаў у школах ды гімназіях і зусім няма», — цытуе БелаПАН Міхаіла Мірончыка.

Ён адзначыў, што ў Менску пражывае дастатковая колькасьць бацькоў, якія жадаюць аддаць дзяцей у беларускамоўныя групы дзіцячых садоў і ў беларускамоўныя клясы, «проста зь імі трэба працаваць».

Паводле Мірончыка, вялікае значэньне ў разьвіцьці беларускамоўных клясаў мае пераемнасьць. «Аддаючы дзіця ў беларускамоўны садок, бацькі павінны быць упэўненыя, што дзіця зможа працягнуць навучаньне ў беларускамоўнай школе, каледжы, сыстэме вышэйшай адукацыі», — сказаў ён.

Мірончык адзначыў, што цяпер у Менску працуюць пяць гімназіяў зь беларускай мовай навучаньня — №№ 4, 9, 14, 23 і 28, і неабходна разьвіваць «беларускамоўны сэгмэнт у адукацыйнай прасторы гораду». «Для рэалізацыі гэтай задачы трэба бліжэйшым часам распрацаваць комплексны плян мерапрыемстваў», — сказаў кіраўнік адукацыйнага камітэту.

Ён таксама выказаў занепакоенасьць узроўнем ведаў па беларускай мове сярод школьнікаў, бо сёлета на высокім узроўні экзамэн па замежных мовах здалі 76% выпускнікоў 11-х клясаў, па расейскай мове — 63,9%, па беларускай мове — 45,8%. «І гэта ў краіне, дзе, па выніках апошняга перапісу, большая частка насельніцтва ўсьведамляе сябе беларусамі», — заявіў Мірончык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG