Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: чумы нібыта няма, а вяскоўцаў прымушаюць пазбаўляцца ад сьвіней


Другая хваля барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней шырыцца на Гомельшчыне. Усьлед за патрабаваньнямі ўладаў пазбыцца сьвінога пагалоўя на прыватных падворках у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах такія ж указаньні атрымалі многія вяскоўцы у Жлобінскім і Сьветлагорскім раёнах.

У вёсцы Хутар Сьветлагорскага раёну сьвіней патрабавалі забіваць на прыватных падворках летась — і сёлета патрабуюць таго ж самага.

Апавядае вяскоўка Марыя: «Летась так было — прымушалі ўсіх забіваць сваіх сьвіней. Пазьней увосень мы сталі тэлефанаваць усюды, пытацца, што і як — ніхто нічога ня ведае. Людзі панакуплялі парасят. А цяпер ізноў нечага ўсхадзіліся? Езьдзяць, прымушаюць усіх, каб забівалі сьвіней. Міліцыя езьдзіць, вэтэрынарная служба езьдзіць. Прымушаюць забіваць, і ўжо амаль усе пазабівалі».

Вяскоўцы бядуюць, што безь сьвіней вырашчаную бульбу ды гародніну ня будзе куды падзець. А тлумачэньне мясцовай вэтэрынарнай службы, што ўспышкі афрыканскай чумы сьвіней няма, а ёсьць толькі неабходнасьць зьліквідаваць пагалоўе ў 5-кілямэтровай буфэрнай зоне вакол комплексу Сьветлагорскага ўпраўленьня тэхналягічнага транспарту ВА «Беларуснафта», людзей толькі абурае:

Людзі панакуплялі парасят. А цяпер ізноў нечага ўсхадзіліся? Езьдзяць, прымушаюць усіх, каб забівалі сьвіней

«Панасявалі ўсяго, а зараз трэба на сьметнік усё вывозіць — дзе бульбу, дзе буракі, дзе гарбузы, дзе зерне. Людзі ж кармы не купляюць, а сваім усім кормяць. Прымушаюць, бо ў нас у Хутары ёсьць комплекс, дзе „Беларуснафта“ сьвіней трымае. Можа, каб не заразіць сваіх, дык прымушаюць, каб мы самі забівалі. Летась пабілі так бяз толку, дык сёлета нашы вяскоўцы кудысьці ў Гомель тэлефанавалі. Дык Гомель нібыта сказаў, што ўказаньня забіваць сьвіней не было. Хто гэта тут вінаваты, мы й самі ня ведаем».

Тым часам міліцыя й вэтэрынарныя лекары, як сьцьвярджаюць жыхары Хутара, надзвычай настойліва патрабуюць пазбаўляцца сьвінога пагалоўя — усяго дарэшты.

Гаворыць спадар Васіль: «Участковы быў і з вэтэрынарнай службы. Прыехалі, папыталіся, ці ёсьць сьвіньні? Адказваем: ёсьць. Настойліва папрасілі: трэба зьнішчыць, бо побач комплекс. Маўляў, у людзей менш сьвіней, чым на комплексе. Вось будзем сёньня ўвечары рэзаць».

У суседнім са Сьветлагорскім — Жлобінскім раёне людзей таксама прымушалі ліквідаваць сьвіное пагалоўе на ўласных падворках. У вёсцы Праскурні, у прыватнасьці, выставілі нават супольны міліцэйскі й вэтэрынарны пост.

Проста сказалі не трымаць сьвіней, бо было падазрэньне на АЧС. Узмацняем кантроль

Тутэйшы вясковец Аляксандар удакладняе: «Нібыта на месяц карантын. Сказалі, што будзе карантынная зона. Пост стаіць — вэтслужба й міліцыя. Круглыя суткі. І загадалі біць сьвіней — і ўсё».

У Жлобінскай раённай вэтэрынарнай службе, гэтаксама як і ў суседнім раёне, цьвердзяць, што ўведзеныя меры — гэта ўсяго толькі прафіляктычная засьцярога ад небясьпечнага вірусу афрыканскай чумы сьвіней:

«Проста сказалі не трымаць сьвіней, бо было падазрэньне на АЧС. Узмацняем кантроль».

Мясцовыя жыхары, у сваю чаргу, распавядаюць, што сьмяротны вірус знайшлі ў Праскурнях у гаспадарцы тутэйшага фэрмэра, які трымаў больш за сотню жывёлін. Усе яны пайшлі пад нож.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG