Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледчы камітэт абвяргае, што спрабаваў «замяць» справу пра зьбіцьцё за капусту


Збор капусты ў Магілёве

Збор капусты ў Магілёве

У Сьледчым камітэце правялі службовую праверку пасьля публікацыяў у СМІ пра зьбіцьцё агранома фэрмэрскай гаспадаркі «Дружба» Смалявіцкага раёну Ганны Крапіўкі за тое, што яна зафіксавала на фота, як раённыя начальнікі нібыта кралі капусту на полі гаспадаркі.

Служба ўнутранай бясьпекі Сьледчага камітэту не пацьвердзіла інфармацыі інтэрнэт-СМІ пра тое, што пасьля інцыдэнту, ведучы праверку факту зьбіцьця агранома Ганны Крапіўкі, сьледчая са Смалявіцкага аддзелу Сьледчага камітэту нібыта прапаноўвала пацярпелай «замяць справу».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч, які адказвае за сувязі з мэдыямі:

«Акцэнтую, што наша служба ўласнай бясьпекі праводзіла ўнутраную праверку па гэтым факце, і па выніках праверкі было высьветлена, што тое, што разьмясьцілі ў інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасьці. Гаворка пра дзеяньні сьледчага. Сьледчы не прапаноўваў такіх рэчаў, як „давайце замнём“ ды іншае».

Паводле прадстаўніка СК, сам інцыдэнт з крадзяжом капусты і зьбіцьцём Ганны Крапіўкі правяраецца:

«Смалявіцкі раённы аддзел СК разьбіраецца ў акалічнасьцях крадзяжу гародніны, а таксама ў нанясеньні пашкоджаньняў дзяўчыне, якая спыняла гэты крадзеж. Па нанесеных пашкоджаньнях праводзіцца судова-мэдычная экспэртыза, на падставе якой будзе вырашана пытаньне аб узбуджэньні крымінальнай справы», — паведаміў Сяргей Кабаковіч.

Таксама Сяргей Кабаковіч з СК папярэдзіў, што за ілжывы данос на службовую асобу, які спалучаецца з абвінавачваньнем у цяжкім службовым злачынстве, пагражае да 5 год зьняволеньня.

20 жніўня ў інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, паводле якіх агранома гаспадаркі «Дружба» Смалявіцкага раёну Ганну Крапіўку зьбілі мужчыны, калі яна сфатаграфавала, як тыя нібыта крадуць капусту на полі гаспадаркі. Пра мужчын паведамлялася, што гэта «высокія чыны з раёну».

Ганна Крапіўка зь пераломам рукі трапіла ў шпіталь, дзе яе наведвала сьледчая СК. Паводле першапачатковай інфармацыі, сьледчая нібыта параіла «замяць справу», калі ўбачыла, хто на здымку. Пацярпелая Ганна Крапіўка сказала пасьля гэтага сваёй знаёмай, што баіцца за сваю бясьпеку.

Цяпер Ганна Крапіўка на кантакт з журналістамі не выходзіць, яе мабільны тэлефон адключаны. Сёньня аказаўся адключаны і тэлефон СФГ «Дружба», па якім яшчэ ўчора Свабодзе пацьвердзілі, што Ганна Крапіўка працуе аграномам і ў яе была зламаная рука.

Намесьнік смалявіцкага пракурора Раман Лесін адмовіўся камэнтаваць інцыдэнт карэспандэнту Свабоды, спаслаўшыся на занятасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG