Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць прычын, чаму гэтыя выходныя могуць стаць пачаткам эндшпілю ва Ўкраіне


Візыт нямецкага канцлера Ангелы Мэркель (у цэнтры) у Кіеў на гэтых выходных абудзіў надзеі, што яна магла б дапамагчы расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну (зьлева) і ўкраінскаму прэзыдэнту Пятру Парашэнку прыйсьці да ўгоды, якая спыніць украінскі крызіс.

Спробы прадказаць вынік канфлікту ва Ўкраіне — рызыкоўная рэч. Але заўтрашні візыт нямецкага канцлера Ангелы Мэркель у Кіеў спарадзіў надзеі, што разьвязаньне ўкраінска-расейскага супрацьстаяньня і крывавых баёў у Данбасе, можа, нарэшце блізкае. Разгледзім пяць асноўных фактараў, якія да гэтага прычынныя.

Справа ў Нямеччыне

Ад красавіка, калі пачаліся баі паміж украінскім войскам і прарасейскімі сэпаратыстамі, шэраг заходніх дзеячаў ужо наведалі Ўкраіну. Гэта канадзкі прэм’ер-міністар Стывэн Гарпэр, віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, генэральны сакратар НАТО Фог Расмусэн.

Але ніхто не прычыніўся да гэтай справы так шмат як Мэркель, якая курыруе найбуйнейшую эканоміку Эўропы, грае першую скрыпку ў дыскусіях пра замежную палітыку ў Эўразьвязе і — як чалавек, які вырас ва Ўсходняй Нямеччыне пад камуністамі і гаворыць па-расейску — мае больш абазнаныя працоўныя адносіны з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, чым шмат хто з яе эўразьвязаўскіх калегаў.

Паездка Мэркель сьледам за запрашэньнем ад украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі — відавочнае падмацаваньне для Кіева пасьля таго, як цягам месяцаў ЭЗ толькі квола цікавіўся ўкраінскімі справамі. Але нямецкая лідэрка ўжо загаварыла на кампрамісных тонах. Прамаўляючы 18 жніўня ў Рызе, Мэркель вытрымала тонкую раўнавагу паміж інтарэсамі Ўсходу і Захаду — дакляруючы, што НАТО дасьць адпор любой расейскай агрэсіі, скіраванай на Балтыку або Польшчу, але выключыўшы пастаянную прысутнасьць НАТО ў рэгіёне. Некаторыя мэдыі выказалі здагадку, што яна вязе ў Кіеў прапанову наконт пагадненьня, якое прадугледжвае выгады і ахвяры для усіх бакоў.

«The Independent» піша, што гэты плян фармальна аддае Крым Расеі ў абмен на адмову Крамля ад падтрымкі Данбасу і на доўгатэрміновую дамову пра газ, якая будзе ўключаць кампэнсацыі за страчаныя даходы ў Крыме, у тым ліку арэнду за Чарнаморскі флёт. Дамова павінна таксама забараніць Маскве надалей перашкаджаць эўраінтэграцыі Кіева, а той, у сваю чаргу, мае пагадзіцца не ўступаць у НАТО. Пацьвердзіць праўдзівасьць артыкула зь незалежных крыніц не ўдалося.

Багі гісторыі кажуць «Так»

Візыт Мэркель супадае зь дзьвюма гістарычна значнымі датамі. 23 жніўня — 75-я гадавіна падпісаньня пакту Молатава — Рыбэнтропа аб ненападзе паміж нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам. Прыкра вядомы сакрэтны пратакол да гэтага пакту даў Маскве магчымасьць сфармаваць сваю «сфэру ўплыву» і прымусова анэксаваць балтыйскія дзяржавы і часткі Румыніі, Польшчы ды Фінляндыі.

Наступнага дня Ўкраіна адзначае 23-ю гадавіну сваёй дэклярацыі незалежнасьці ад Савецкага Саюзу. Вайсковы парад, які традыцыйна ладзіцца ў гэты дзень, мае сёлета асаблівую значнасьць.

Вядома, гістарычныя супадзеньні — зусім не гарантыя супрацоўніцтва. Але любое пагадненьне, якое пакладзе канец рэваншысцкай кампаніі Крамля ва Ўкраіне, стала б удалаю гістарычнаю кодаю.

Парашэнка і Пуцін сустрэнуцца сам-насам

Апошні раз яны сустракаліся ў чэрвені, калі разам з сусьветнымі лідэрамі адзначалі ў Францыі 70-ю гадавіну высадкі ў Нармандыі. Тады яны перакінуліся некалькімі словамі — што характэрна, была пры гэтым і Мэркель — але вынікі былі нязначныя. Але цяпер абодва лідэры зноў маюць сустрэцца 26 жніўня ў Менску, у прысутнасьці дэлегацыі ЭЗ, якую ўзначаліць кіраўніца замежнай палітыкі Кэтрын Эштан, і двух галоўных саюзьнікаў Пуціна ў рэгіёне — беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і казахскага лідэра Нурсултана Назарбаева.

Чыноўнікі з усіх бакоў акрэсьлілі парадак дня ў самых памяркоўных выразах — энэргія, гуманітарныя патрэбы і «шырэйшыя палітычныя праблемы». Дагэтуль няма пэўнасьці, ці сустрэнуцца Парашэнка і Пуцін твар у твар. Але ўкраінскія чыноўнікі намякнулі, што адбываецца пэўны прагрэс, а памочнік Парашэнкі Валеры Чалы адзначыў, што «акрэсьліваецца выразная дыпляматычная дарожная мапа», якая дазволіць бакам «размаўляць пра рух ад вайны да міру».

Прыліў вайны зьмяняецца адлівам

Аптымістычны выгляд украінскіх чыноўнікаў, можа, менш зьвязаны з дыпляматыяй, а больш — з ваеннымі посьпехамі. Украінская армія, якой напачатку перашкаджала кепская вывучка і нястача рыштунку, першыя тыдні — у красавіку і траўні — ледзь совалася.

Прамаскоўскія сэпаратысты, якія атрымліваюць з Расеі, як падазраецца, салідныя пастаўкі зброі і прыпасаў, хутка захапілі буйныя абшары Данбасу ды паўтваралі там урады дэ-факта. На чале гэтых урадаў сталі агенты расейскага паходжаньня з баявым досьведам, здабытым у такіх самаабвешчаных рэгіёнах, як Прыднястроўе ці Абхазія. Два найбуйнейшыя гарады рэгіёну, Луганск і Данецк, хутка апынуліся пад кантролем сэпаратыстаў. Апалчэнцы пачалі выкрадаць і часам забіваць мясцовых жыхароў, зьбіваць ракетамі «зямля — паветра» ўкраінскія вайсковыя самалёты — а таксама, як падазраецца, пасажырскі самалёт Малайзійскіх авіялініяў, на якім ляцела 298 чалавек. Гэтая жахлівая памылка ўзьняла па ўсім сьвеце хвалю асуджэньня Пуціна за ягоную падтрымку апалчэнцаў.

Аднак апошнімі тыднямі ўкраінскія сілы здабылі шэраг стратэгічных посьпехаў. Узяўшы ў аблогу Луганск і Данецк, яны зрабілі, як выказаўся вайсковы прэс-сакратар Андрэй Лысенка, «падрыхтоўчую працу» для вызваленьня абодвух гарадоў. Вядома, баі далёкія ад завяршэньня. Весткі з тэатру ваенных дзеяньняў цьмяныя і часта супярэчлівыя. Дагэтуль ідзе багата паведамленьняў пра рух расейскіх танкаў і бронетранспартэраў у рэгіён, а не ў адваротным напрамку — у Расею. Рост гвалту прывёў да вялізных людзкіх стратаў — дагэтуль загінула больш за 2080 цывільных асобаў і байцоў. Нават калі сэпаратысцкія сілы пасьпешна адступяць, Кіеву давядзецца мець справу з разбураным і неляяльным рэгіёнам.

Сама Расея, магчыма, шукае выйсьця

Нейкі час здавалася, што Масква мае са сваёй кампаніі ва Ўкраіне немалыя выгады — асабліва ў Крыме, дзе ёй удалося з галавакружным посьпехам вярнуць гэтую квітучую паўднёвую тэрыторыю Расеі, якой, на думку шматлікіх грамадзян са стужачкамі, яна ўвесь час і належала па праву.

Але вайна пачала муляць. На дадатак да падазрэньняў наконт віны ў зьбіцьці борта MH17, Крэмль зазнаў шэраг фінансавых стратаў, спрычыненых у тым ліку і ягонымі ж уласнымі дзеяньнямі. Санкцыі ЭЗ і ЗША ўдарылі па некаторых з найбагацейшых патронаў Крамля, а патрыятычная ініцыятыва самога Пуціна — забарона паставак ежы з Захаду — ужо прывяла да рэзкага росту цэнаў і выявіла прыкры стан сельскагаспадарчага сэктару Расеі. Расейскі прэзыдэнт, які грунтуе сваю палітычную кар’еру на прынцыпах кашалька, прагне пазьбегнуць незадавальненьня ў сваёй краіне. На думку шмат каго з назіральнікаў, Крэмль ужо даў знаць, што гатовы адступіць ва Ўкраіне. У якасьці прыкладу называюць адкліканьне сэпаратысцкіх лідэраў маскоўскага паходжаньня, такіх як Ігар Стралкоў — мяркуецца, што ён дзейнічае ў Данбасе як агент Крамля.

У сваёй нязвыкла стрыманай крымскай прамове на апошнім тыдні Пуцін заявіў, што Расея мае на гэтую тэрыторыю гістарычныя правы, але, здаецца, даў зразумець, што ягоныя імпэрыялістычныя амбіцыі на гэтым спыняюцца. Вядома, цяперашнія спадзяваньні на разрадку напружанасьці могуць быць заўчаснымі або хібнымі. Але пагадненьне, якое б легітымізавала прэтэнзіі Масквы на Крым, дазволіла б Пуціну вярнуцца дадому з выглядам пераможцы — нават страціўшы Ўкраіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG