Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнік зь Беразіно кінуў выклік Лукашэнку


21 жніўня звычайны школьнік з гораду Беразіно абліўся ажно трыма вёдрамі вады і зрабіў выклік Аляксандру Лукашэнку.

Так акцыя «выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge) дакацілася да Беларусі. Калі Аляксандар Лукашэнка на яе адгукнецца, то мусіць ці сам абліцца ледзяной вадой, ці на працягу 24 гадзін ахвяраваць 100 даляраў на карысьць фонду ALS Association, які ініцыяваў кампанію.

14 жніўня гендырэктар Facebook Марк Цукерберг выліў на сябе вядро ледзяной вады і выклаў відэа ў інтэрнэт. Такім чынам кіраўнік Facebook вырашыў прыцягнуць увагу да вывучэньня невылечнага захворваньня цэнтральнай нэрвовай сыстэмы — бакавога аміятрафічнага склерозу (ALS).

Перад тым як абліцца ледзяной вадой, кіраўнік сацыяльнай сеткі заявіў, што кідае выклік заснавальніку Microsoft Білу Гейтсу і сваім намесьнікам у кампаніі Facebook. Кожны зь іх павінен быў на працягу наступных 24 гадзін або выліць на сябе вядро вады, або ахвяраваць грошы аднаму з фондаў барацьбы з ALS.

Біл Гейтс прыняў выклік Цукерберга і ў межах дабрачыннай кампаніі, якая атрымала назву «ALS Ice Bucket Challenge», абліўся вадою і выклаў відэаролік у сваім акаўнце на YouTube.

З гэтага і пачалася акцыя, якая ўжо прымусіла абліцца вадою тысячы вядомых і невядомых людзей па ўсім сьвеце. Да таго ж усяго за два тыдні кампанія дапамагла прыцягнуць 4 мільёны даляраў як ахвяраванні на заяўленыя мэты.

Папулярны актор Він Дызэль ужо кідаў выклік Уладзімеру Пуціну — той яго не прыняў. Узяў удзел у акцыі і экс-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, сказаўшы, праўда, што аблівацца халоднай вадой — «не прэзыдэнцкая справа». Ён кінуў выклік свайму «калегу» Білу Клінтану.

У акцыя ўжо прынялі ўдзел Ліанэль Мэсі, Нэймар, Усэйн Болт, Леброн Джэймс, Кака, Новак Джокавіч, Хэрард Піке, Мілаш Раёніч, Джон Тэры, зборная ЗША па баскетболе ды іншыя папулярныя асобы.

XS
SM
MD
LG