Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кнігі пра ідэалёгію «русского мира» трапляюць у Беларусь


Ігар Гіркін (Стралкоў)
Ігар Гіркін (Стралкоў)

«Украина. Хаос и революция — оружие доллара», «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты» — гэтыя і іншыя выданьні бесперашкодна трапляюць у беларускія кніжныя крамы.

Расейскія выдаўцы называюць іх «хітамі прадаж» і кажуць, што ў кнігах «усё праўда».

Радыё Свабода паспрабавала даведацца, хто прывозіць ў Беларусь ідэі «русского мира».

Кнігі Мікалая Старыкава, расейскага пісьменьніка і ідэёляга Наваросіі, які падтрымлівае прарасейскіх сэпаратыстаў ва Ўкраіне, зьявіліся ў дзьвюх віцебскіх кнігарнях — «Асьвета» і «Равесьнік».

У Беларусь кнігі, сярод якіх «Украина. Хаос и революция — оружие доллара», «Кто финансирует развал России», трапляюць з расейскага выдавецкага дому «Питер» праз пасярэдніцтва яго менскага прадстаўніцтва «Питер-М».

Як адзначыла мэнэджар «Питер-М» Галіна Васюк, менскі філіял не выбірае кнігі для распаўсюду ў Беларусі, а распаўсюджвае ўвесь асартымэнт расейскага выдавецтва.

«Усе кнігі, якія выходзяць у выдавецкім доме „Питер“, трапляюць на продаж у Беларусь і таксама ва Ўкраіну — ва ўсе філіялы выдавецкага дому», — кажа Галіна Васюк.

У адрозьненьне ад кнігі Міхаіла Палікарпава «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты», выдадзенай маскоўскім выдавецтвам «Книжный мир», ад распаўсюду якой пасьля шматлікіх абурэньняў кліентаў адмовілася кніжная крама oz.by, выданьні аўтарства Мікалая Старыкава, на думку Галіны Васюк, больш стрыманыя і ляяльныя:

«У параўнаньні з гэтай кнігай, нашыя кнігі больш нэўтральныя і цалкам ляяльныя, і ў нас няма ніякіх падставаў забараняць рэалізоўваць іх у Рэспубліцы Беларусь. Яны карыстаюцца вялізным попытам. Нехта ж мусіць сказаць народу, што гэта такое. А гэта вельмі вядомы аўтар, гісторык. Яго кнігі набываюць з задавальненьнем. Калі мы не даем гэтыя кнігі ў крамы, то ў нас іх патрабуюць, таму што выдавецкі дом „Питер“ — старое і вядомае выдавецтва, якое не дазваляе сабе выдаваць скандальныя кнігі. У нас усё ў рамках палітычнай стрыманасьці».

Пераважная большасьць кніг Мікалая Старыкава выдадзена выдавецтвам «Питер» у адмысловай сэрыі «Николай Стариков рекомендует прочитать».

Эксклюзіўнае прадстаўніцтва «Питер-М» пастаўляе кнігі Мікалая Старыкава ва ўсе абласныя цэнтры Беларусі.

У Маскоўскім выдавецтве «Книжный мир», дзе выйшла кніга Міхаіла Палікарпава «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты», сказаць, хто пастаўляе кнігу ў Беларусь, ня здолелі.

«У нас няма пасярэднікаў, якія бяруць кнігі ў Беларусь наўпрост, — кажа мэнэджэр выдавецтва Аляксей Кузьняцоў. — Кнігі трапляюць туды праз дыстрыб’ютараў. У нас некалькі буйных дыстрыб’ютараў. Хто зь іх і праз каго адпраўляе ў Беларусь, сказаць немагчыма. У нас няма дакумэнтаў пра тое, якім чынам іншыя фірмы прадаюць кнігі».

Аляксей Кузьняцоў сказаў, што ў выдавецтве ня чулі пра скандал з кнігай Міхаіла Палікарпава ў Беларусі.

«У нас ніякіх праблем зь ёй няма. Яна ў хітах продажаў. Яе прадаюць як буйныя, так і дробныя крамы. Кніга Палікарпава нават паступала ў адміністрацыю прэзыдэнта на праверку і ніякіх пытаньняў ня ўзьнікла. Я проста не разумею, якія могуць быць незадаволенасьці, хто тыя людзі, якія напісалі незадаволеныя камэнтары на сайце oz.by. Аўтар кнігі добра ведае Стралкова, працаваў зь ім. Кніга ня ўнесеная ў сьпіс экстрэмісцкіх выданьняў, і ў ёй няма нічога экстрэмісцкага. Гэта проста біяграфія. Вядома, цяпер літаратура такога кшталту можа выклікаць нэгатыўныя водгукі, але ж гэтыя водгукі маглі пісацца зь Дзярждэпу ЗША», — лічыць Аляксей Кузьняцоў.

Усяго выдавецтва «Книжный мир» адгрузіла на рэалізацыю тры тысячы асобнікаў кнігі Міхаіла Палікарпава.

Інтэрнэт-крама oz.by адмовілася называць пастаўшчыка кнігі «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты» ў Беларусь, аднак ад учорашняга дня адмовілася ад продажу выданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG