Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канвой пайшоў

Канвой расейскай гуманітарнай дапамогі рухаецца ў бок украінскага гораду Луганску пасьля тыдня чаканьня на мяжы для афармленьня на ўезд ва Ўкраіну. У Службе бясьпекі Ўкраіны гэта расцанілі як «прамое ўварваньне» з боку Расеі.

21:15 22.8.2014

НАТО: Расея ўвяла ва Ўкраіну артылерыйскія падразьдзяленьні

19:54 22.8.2014

Рада Бясьпекі ААН – на запыт Літвы – правядзе сёньня экстраныя кансультацыі ў зьвязку з аднабаковым рашэньнем Расеі пачаць рух аўтакалёны з гуманітарнай дапамогай па тэрыторыі Ўкраіны.

19:53 22.8.2014

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель, што аднабаковае рашэньне аб руху гуманітарнай аўтакалёны па ўкраінскай тэрыторыі было прынятае Масквой з прычыны «відавочных затрымак з боку Кіеву» ў гэтым пытаньні.

Як гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Крамля, у тэлефоннай размове з Мэркель Пуцін адзначыў недапушчальнасьць зацягваць дастаўку дапамогі паўднёва-ўсходнім рэгіёнам Украіны, якія «перажываюць гуманітарную катастрофу». Расейскі лідэр таксама выказаў «заклапочанасьць маштабнай эскаляцыяй сілавой апэрацыі кіеўскіх уладаў у Данецкай і Луганскай абласьцях».

18:56 22.8.2014

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фон Расмусэн асудзіў уезд расейскага гуманітарнага канвою ва Ўкраіну без узгадненьня з украінскімі ўладамі і Міжнародным Чырвоным Крыжам.

«Гэта абуральнае парушэньне расейскіх міжнародных абавязацельстваў, у тым ліку, падпісаных у Бэрліне і Жэнэве, і парушэньне ўкраінскага сувэрэнітэту з боку Расеі», – гаворыцца ў заяве генэральнага сакратара.

Як адзначае Расмусэн, парушэньне міжнародных гуманітарных прынцыпаў ставіць пытаньне аб тым, ці зьяўляецца сапраўднай мэтай гуманітарнага канвою дапамога цывільным грамадзянам, ці ён накіраваны для падтрымкі ўзброеных сэпаратыстаў. Раней адпраўку канвою ва Ўкраіну асудзілі кіраўніцтва Эўразьвязу і прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка.

17:59 22.8.2014

Эўразьвяз называе адпраўку расейскага гуманітарнага канвою ва Ўкраіну парушэньнем закону і заклікае расейскія ўлады зьмяніць сваё рашэньне, – заявіў намесьнік Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах Сэбасьцян Брабант.

«Мы шкадуем аб рашэньні Расеі адправіць гуманітарны груз на ўкраінскую тэрыторыю без суправаджэньня Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа і згоды ўкраінскіх уладаў. Гэта відавочнае парушэньне ўкраінскай мяжы», – сказаў Брабант.

Паводле ягоны словаў, гэта супярэчыць папярэднім дамоўленасьцям, дасягнутым Украінай, Расеяй і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.

Раней прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што Кіеў быў згодны на атрыманьне грузу пад эгідай і ў суправаджэньні Чырвонага Крыжа, але Расея парушыла гэтыя дамоўленасьці.

17:06 22.8.2014

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што Кіеў занепакоены сытуацыяй вакол расейскага канвою з гуманітарнай дапамогай, які зайшоў на тэрыторыю Ўкраіны, у першую чаргу – яго бясьпекай, за якую ўзяліся адказваць Расея і сэпаратысты.

«Мы зробім усё магчымае для таго, каб гэта не прывяло да больш цяжкіх наступстваў», – сказаў Парашэнка на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам.

Прэзыдэнт паведаміў, што Кіеў данёс да расейскай улады гэтую занепакоенасьць і прапанаваў «вярнуць сытуацыю ў поле міжнароднага права».

Парашэнка адзначыў, што Ўкраіна была згодная на атрыманьне грузу пад эгідай і ў суправаджэньні Чырвонага Крыжа, але Расея парушыла гэтыя дамоўленасьці.

Паводле ягоных дадзеных, на тэрыторыю Ўкраіны зайшлі без агляду і афармленьня ўжо больш за 100 аўтамабіляў. У Расеі раней абвінавацілі Кіеў у зацягваньні працэсу афармленьня грузу.

16:00 22.8.2014

Ва Ўкраіну едзе яшчэ 90 расейскіх грузавікоў

У бок ўкраінскай мяжы пачаўся рух яшчэ 90 грузавікоў, да якіх расейскі бок не дапусьціў ні ўкраінскіх памежнікаў і мытнікаў, ні прадстаўнікоў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

14:57 22.8.2014

Кіеў: рух гуманітарнай калёны РФ — уварваньне ва Ўкраіну

Кіраўнік службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка назваў прамым уварваньнем Расеі ва Ўкраіну перасоўваньне расейскай гуманітарнай калёны.

14:36 22.8.2014
Мясцовыя жыхары сустракаюць расейскі канвой на КПП "Изварына".
Мясцовыя жыхары сустракаюць расейскі канвой на КПП "Изварына".

13:49 22.8.2014

Рух расейскай гуманітарнай калёны грузавікоў па тэрыторыі Украіны ў суправаджэньні ўзброеных сэпаратыстаў у Службе бясьпекі Украіны расцанілі як «прамое ўварваньне» з боку Расеі. Як перадае Ройтэрс, пра гэта заявіў кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка.

13:42 22.8.2014

Расейскі канвой заехаў ва Ўкраіну без суправаджэньня Чырвонага Крыжа -- памежнікі

Грузавікі з расейскага «гуманітарнага канвою» пачалі рух на тэрыторыю Ўкраіны, пры гэтым ўкраінская памежна-мытная група была блякаваная ў расейскім пункце пропуску «Данецк». Пра гэта паведамляе Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.

13:04 22.8.2014

Міністар абароны ЗША Чак Хэйгел перадаў афіцыйнаму Кіеву гарантыі Масквы, што расейскі канвой з гуманітарнай дапамогай, прызначаны для ўсходняй Украіны, «не стане падставай для ваеннай інтэрвэнцыі ва Ўкраіне».

12:33 22.8.2014

12:29 22.8.2014

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што зьвернецца да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з заклікам вывесьці прарасейскіх ваяўнікоў з украінскай тэрыторыі. Парашэнка і Пуцін маюць сустрэцца падчас саміту Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі, які адбудзецца ў Менску 26 жніўня. На саміце таксама маюць прысутнічаць прадстаўнікі Эўразьвязу.

12:09 22.8.2014

Агенцтва Ройтэрс паведаміла, што мяжу перасеклі ўжо каля 70 грузавікоў, і што іх суправаджае невялікая колькасьць прарасейскіх ваяўнікоў.

11:43 22.8.2014

Украіна ўжо выказала занепакоенасьць, што канвой можа быць выкарыстаны для забесьпячэньня паўстанцаў зброяй. Расея перасьцерагае ад любых спробаў «падрыву гуманітарнай місіі.»

AP паведамляе, што першыя грузавікі ўвайшлі ва Ўкраіну разам прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа.

Паводле ІТАР-ТАСС, 32 грузавікоў ужо ўехалі ва Ўкраіну.

11:28 22.8.2014

Па рашэньні расейскага боку калёна з гуманітарнай дапамогай для жыхароў усходу Ўкраіны пачынае рух у бок Луганска. Усе зачэпкі для адцягваньня дастаўкі дапамогі з боку Кіева - вычарпаныя, заявіла міністэрства замежных справаў Расеі.

«Вылучэньне ўсё новых штучных патрабаваньняў і адгаворак ужо стала зьдзеклівым», - гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце МЗС Расеі. У Маскве перасьцерагаюць ад якіх-небудзь спробаў сарваць гуманітарную місію, якая рыхтавалася даўно ва ўзаемадзеяньні з украінскім бокам і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа (МКЧК).

Раней сёньня паступалі паведамленьні, што калёна ня можа пайсьці ад расейска-ўкраінскай мяжы ў Луганскую вобласьць. Прадстаўнікі МКЧК патрабуюць гарантыяў бясьпекі для сваіх супрацоўнікаў ад усіх бакоў, якія былі задзейнічаныя ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле дасягнутай раней дамоўленасьці паміж Украінай, Расеяй і МКЧК машыны з гуманітарным грузам павінны былі ехаць да Луганску без прыпынкаў. Учора грузавікі пачалі перасякаць расейска-ўкраінскую мяжу.

Калёна з 280 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Данбаса адправілася на Ўкраіну з падмаскоўнага Нара-Фамінска 12 жніўня. Праз два дні гуманітарны канвой дасягнуў мяжы.

XS
SM
MD
LG