Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лядовы палац — не беларускае вынаходніцтва. Важнасьць такіх аб’ектаў у выхаваньні падрастаючага пакаленьня разумеў яшчэ Ганс Хрыстыян Андэрсэн.

Сумневаў няма, у Беларусі вялікаму казачніку спадабалася б. Праблема толькі ў тым, ці чакаў бы яго самога тут такі ўжо цёплы прыём. Па беларускіх мерках чалавек, які ніколі ня меў жонкі і дзяцей і ўсё жыцьцё пісаў казкі, выглядае падазрона, не раўнуючы польскі шпіён. А яшчэ ў гэтых ягоных казачках з буслоў зьдзекуюцца — што ўжо наўпрост пасягае на духоўныя каштоўнасьці беларусаў і нацыянальную бясьпеку іхнай дзяржавы.

Ну, хто дакладна б застаўся задаволены паездкай, дык гэта прыдуманая Андэрсэнам Сьнежная Каралева. Вядома, калі б яна завітала да нас ня проста так, а як прэзыдэнт Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі. Павадзілі б госьцю там-сям — і гонару ў яе б адразу паменела...

«Як холадна было ў гэтым белым палацы зь ягоным яркім зьзяньем! ...Холадна, пустэльна, зьмярцьвела... Пасярод самай вялікай залі было замерзлае возера. Лёд трэснуў на ім на тысячу аскепкаў, роўных і на дзіва правільных. Пасярод возера стаяў пасад Сьнежнай каралевы. На ім яна сядзела, калі была дома, і казала пры гэтым, што сядзіць на люстры розуму. На яе думку, гэта было адзінае і найлепшае люстра ў сьвеце...»

Беднай Гердзе, каб дабрацца да лядовага палаца Сьнежнай Каралевы, трэба было адолець тысячы кілямэтраў і атрымаць тысячы візаў, пераканаўшы самых розных чыноўнікаў у тым, што яна не зьбіраецца нелегальна эміграваць у краіну холаду і лёду. А, напрыклад, жыхару Менску, каб патрапіць у адзін зь лядовых палацаў, нават аленя купляць не абавязкова — дастаткова сесьці на мэтро і праехаць пару станцый. І можна сядзець на люстры розуму, пакуль ня выганяць.

Беларус — гэта Герда, якая не вярнулася дамоў зь лядовага палаца. Якая засталася са сваім братам, у поўнай адпаведнасьці з палітыкай партыі — бо нават у гімне пяецца пра тое, як важна быць «разам з братамі». Укалолася разам зь ім кавалкам лёду — усяго адна невялікая ін’екцыя ў вобласьць сэрца! — і вось яно, шчасьце, здароўе нацыі, багацьце краіны... Тая жэншчына-інастранка, каторая ўся ледзяная і лётае па Эўропе з інспэкцыяй, магла б намі ганарыцца.

Прыгадайма, якое слова спрабаваў скласьці хлопчык Кай зь лядзяшак. Слова «вечнасьць»! Лядовыя палацы таксама будаваліся ў Беларусі з разьлікам на гэтую няўдзячную часавую субстанцыю. Лядовы палац — гэта правобраз казачнай Беларусі, дзе ўсе будуць здаровыя. Фізычна, маральна, духоўна. І, канечне ж, палітычна. Бо ўсялякім там адмарозкам ня месца ў Лядовым палацы вялікай беларускай утопіі. Хаця, здавалася б, акурат туды, у лёд і зьмярцьвеласьць, іх бы і засунуць. Каб адмарозіць да канца — як пальцы на нагах, як рыбу колеру санта-фіш, ці як майго каня (белагрывага). Так ужо адмарозіць, каб увесь сьвет пераканаўся, што яны і праўда ня маюць нічога агульнага зь ісьціннай дэмакратыяй.

Але ж не. Адмарозкаў у лядовы палац чамусьці не пускаюць. Іх тут наогул мала куды пускаюць. Можа, электраэнэргію эканомяць, а можа, фрэон ня той — занадта фрыгідны. Бо чым яшчэ ёсьць лядовыя палацы — як не грандыёзнымі лядоўнямі, пастаўленымі дзеля таго, каб захоўваць сьвежымі паранаідальныя ідэі. Пра росквіт краіны з дапамогай канькоў і клюшак. Пра тое, што спорт здольны замяніць сабой культуру. Пра тое, што ой-мароз-мароз і «Славянскі базар» — гэта і ёсьць культура.

Праўда, цалкам магчыма, што Сьнежная Каралева знайшла б у Беларусі пэўныя недахопы і перагібы.

Узяць хаця б лядовы палац на Прытыцкага. Улічваючы, што там адбываецца, зьяўляецца сумнеў, што беларускае люстра розуму ўсё яшчэ на сваім месцы. Можа, яго ўжо даўно прадалі. Ніводнага Кая і ніводную Герду ў Менску ўжо даўно не зьбянтэжыш аб’явамі пра тое, што ў Лядовым палацы і вакол яго праходзяць выставы і кірмашы, дзе прадаецца зусім ня лёд і ня сьнег, і ня сьнежныя барсы, і нават не лядоўні «Атлянт», што было б яшчэ зразумела — а якія-небудзь садовыя інструмэнты, сувэнірныя міскі або бурштынавыя пацеркі. Выстава «Катэдж. Дача. Сад» на тэрыторыі Лядовага палаца — калі б я быў Сьнежным каралём, я б палічыў гэта асабістай абразай. І абвясьціў бы вайну дзяржаве, якая наважваецца замахвацца на такія сьвятыя для кожнага аматара казак рэчы.

А ў чым, па вялікім рахунку, вінаватая казка — яна прыйшла ў беларускую рэальнасьць і замяніла яе сабой, неўпрыкмет і надоўга. Безь лядовага палаца ўжо цяжка ўявіць сабе вялікі горад. «І лядовы палац, і бэтонны паркан», — як пяецца ў вядомай песьні. Што будзе зь імі, калі высьветліцца, што люстра розуму было фальшывае? Плюнуць і перапрафілююцца — як гэта часта бывае з рэчамі, на якія ўсім пляваць, і анфас пляваць, і ў профіль. Зробяцца помнікамі эпохі — вялікімі і непатрэбнымі, як старыя лядоўні на складзе нерэнтабэльнага прадпрыемства? Магчыма, што так. Але ў краіне мусіць быць месца, дзе будуць захоўвацца «скарапорцяшчыеся» ідэі. І чым грандыёзьнейшы будзе іхны запас — тым больш вусьцішны выгляд будуць мець палацы.

Сьнежная Каралева абяцала, калі Кай складзе слова «вечнасьць», падараваць яму ўвесь сьвет і — увага! — пару новых канькоў. Бо навошта чалавеку сьвет, калі ў яго няма пары канькоў? А можна сказаць і так: навошта чалавеку свабода, калі ў яго ёсьць хакей? І навошта яму мова, калі ён можа напісаць слова «вечнасьць»?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG