Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя філёлягі, выкладчыкі беларускай мовы з пачатку навучальнага года арганізуюць курсы беларускай мовы для самых маленькіх.

Выкладчыка Ірына Зімнева: Задума гэта — мая і майго мужа. Мы абодва скончылі філялягічны факультэт. У сваёй сям’і мы размаўляем выключна па-беларуску. Нашай дачушцы толькі годзік, але і мы, і таксама бабулі, нашы сябры зь ёй размаўляюць па-беларуску. Яна зараз вучыцца гаварыць, за намі ўсё паўтарае па-беларуску. Мне падаецца, што яна ўжо па-расейску ня ўсё разумее. Я спадзяюся, што ў яе праблем зь беларускай мовай увогуле ня будзе.

Але вельмі часта я сустракаюся з маладымі мамамі, якія адпраўляюць сваіх дзетак у школу. А ў дзетак — праблема з беларускай мовай. Практыкаваньні яны пішуць больш-менш пісьменна, чытаюць таксама, але цяжкасьці з размоўнай беларускай мовай. Менавіта размаўляць,

Менавіта размаўляць, кантактаваць паміж сабой па-беларуску для дзетак — складана

кантактаваць паміж сабой па-беларуску для дзетак — складана. З такой праблемай сутыкаюцца і мае стрыечныя сёстры, у якіх дзеткі, і яны самі ня могуць ім дапамагчы, бо ня ведаюць дасканала мову. Хтосьці з бацькоў наймае рэпэтытараў, хтосьці спрабуе сам дапамагчы свайму дзіцяці сам.

І ў нас узьнікла такая ідэя — адкрыць курсы для дзетак, каб яны там ўсё рабілі па-беларуску: размаўлялі, сьпявалі песьні, ладзілі забавы, каб гульні былі ў іх толькі па-беларуску. Назвалі гэтыя курсы мы «Урокі-крокі для беларусікаў».

— А як будуць праходзіць заняткі, ці распрацаваныя мэтодыкі?

Заняткі — па жаданьні, раз ці два разы на тыдзень. Дзетак падзелім на групкі па ўзросьце: з 6 да 9 гадоў, і з 10 да 12 гадоў. Бо, натуральна, 12-гадовым амаль тынэйджэрам будзе нецікава тое, што мы будзем распавядаць для 6-гадовых дашкалят. Будуць заняткі па літаратуры, культуры, казкі, паданьні, расповеды пра гістарычных асобаў.

Зараз мы распрацоўваем праграму асобных заняткаў, лекцыяў, якія потым хочам выдаць асобнай кнігай, дапаможнікам.

Акцэнт мы будзем рабіць менавіта на лексыку, слоўнікавы запас, на размоўную мову. Распрацоўваем пэўную тэму, лексыку да яе. Каб дзіця магло свабодна размаўляць на любыя тэмы. Хацелася, каб дзеткам гэта спадабалася, і яны ўвогуле перайшлі б на беларускую мову ў жыцьці. Каб яны адчулі сябе адметнымі і ганарыліся гэтым.

— А дзе будуць праходзіць заняткі, ці ёсьць памяшканьне? І колькі гэта будзе каштаваць?

Памяшканьне ў нас ёсьць — у вельмі зручным месцы, на вуліцы Валгаградзкай, на станцыі мэтро Маскоўская. Тры вялікія пакоі. Зараз туды мы замовілі мэблю. Умовы для дзетак добрыя: маленькія крэслы, сталы, маркерныя дошкі.

Курсы беларускай мовы для дзетак мы робім вельмі таннымі, чыста на энтузіязьме.

У нас там працуе Цэнтар славянскіх моваў (навучаем украінскай, польскай, чэскай, сэрбскай, славацкай, баўгарскай, расейскай мовам), наведнікі курсаў плацяць на нармалёвых коштах, каб аплаціць арэнду памяшканьня, заробкі выкладчыкам ды іншыя выдаткі. І сярод гэтых курсаў мы вылучаем асобна беларускую мову для дзетак. У нас усе выкладчыкі — прафэсійныя філёлягі, магістры, якія працуюць у школах.

Курсы беларускай мовы для дзетак мы робім вельмі таннымі, чыста на энтузіязьме. Бо вельмі хочацца, каб новае пакаленьне размаўляла па-беларуску больш за наша пакаленьне 30-гадовых. Гэта насамрэч праект дабрачынны. Бо, як сьведчыць беларуская прымаўка, «Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы».

4 верасьня мы плянуем адкрыцьцё, запрасіць дзетак, якія ўжо запісаліся да нас на курсы. Запрашаем усіх жадаючых!

Больш поўную інфармацыю і кантакты на сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG