Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія масквічы ламаюць галаву над рашэньнем расейскіх уладаў часова зачыніць чатыры рэстараны McDonald's у расейскай сталіцы. Сярод іх першы ў сьвеце McDonald's у Маскве, знакавы рэстаран на Пушкінскай плошчы, які ўпершыню адкрыўся 25 гадоў таму.

Чвэрць стагодзьдзя таму Зьміцер Бойка гадзінамі стаяў у чарзе, каб пакаштаваць чызбургер і бульбу фры, калі McDonald's адкрыў у Савецкім Саюзе на Пушкінскай плошчы ў цэнтры Масквы першы рэстаран.

З таго часу ён застаўся верным кліентам. Але калі Бойка ішоў з працы дадому 20 жніўня, ён быў узрушаны, убачыўшы закрыты McDonald's на Пушкінскай плошчы.

«Я ня веру ў гэта!», кажа 46-гадовы Бойка і дадае, што ўсяго некалькі гадзін таму ён наведаў рэстаран падчас абедзеннага перапынку і замовіў фішбургер.

20 жніўня расейскі «Роспотребнадзор» загадаў часова закрыць чатыры рэстараны McDonald's у Маскве, у тым ліку адзін на Пушкінскай плошчы, нібыта з прычыны шматлікіх парушэньняў санітарных прынцыпаў.

Тым ня менш, на фоне ўзаемных санкцый паміж Расеяй і Захадам, многія сталыя кліенты, такія як Бойка, разглядаюць гэты крок як «палітычны» і як далейшую шкоду ад найгоршага канфлікту паміж Усходам і Захадам з часоў халоднай вайны.

«Асабіста я супраць закрыцьця McDonald's, – сказаў Бойка. – Гэта быў першы McDonald's. Вы можаце паставіць помнік яму тут! Гэта не алькаголь – гэта частка цьвярозага ладу жыцьця».

Калі McDonald's быў упершыню адкрыты ў студзені 1990 году ў часы перабудовы Міхаіла Гарбачова, заходнія камэнтатары называлі McDonald's на Пушкінскай «укусам свабоды» для савецкіх грамадзянаў.

З тых часоў McDonald's, які мае 115 рэстаранаў у Маскве, стаў менш палітычным сымбалем. На рынку ў дарагой расейскай сталіцы яго роля стала падобнай на ролю McDonald's у іншых буйных гарадах сьвету: хуткая і недарагая альтэрнатыва.

«Нідзе нельга так танна паесьці, як у McDonald's», – скардзіцца Мікалай, 65-гадовы пэнсіянэр, паказваючы на дарагія рэстараны на Цьвярской вуліцы, бліскучым галоўным бульвары ў Маскве.

«Нашы кіраўнікі не разумеюць, што гэта такое», кажа Мікалай, дадаўшы, што ён жыве на пэнсію ў 14 000 рублёў (каля $ 385) на месяц. «Іх гэта не хвалюе!»

Раніцай 21 жніўня Мікалай, які прыйшоў у McDonald's па каву і сьняданак, пабачыў зачыненыя дзьверы. «Ён зачынены! Гэта палітыка! Глядзіце тэлевізар!»

McDonald's на Пушкінскай плошчы зьяўляецца найбольш наведвальным у сьвеце, паведамляецца на сайце кампаніі. У 1990 годзе вялізныя чэргі круціліся вакол плошчы і да Цьвярской вуліцы.

«Роспотребнадзор» сьцьвярджае, што цяпер плянуе праводзіць праверкі ўсіх 115 McDonald's у Маскве, паведамляюць «Известия».

Як толькі зьявілася навіна, што ўлады часова зачыняюць McDonald's на Пушкінскай плошчы, 17-гадовыя Юля і Паліна літаральна пабеглі ў рэстаран.

«Гэта мой другі дом», – кажа Юля (яе школа знаходзіцца за рогам). Як правіла, яна замаўляе бутэрброд McChicken і вялікую Cola.

«Толькі ўявіце сабе – мы прыяжджалі сюды зь першай клясы за апошнія адзінаццаць гадоў, паесьці і пасядзець», – згадвае Паліна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG