Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мяняецца роля і статус Аляксандра Лукашэнкі ў выніку таго, што Менск прымае трохбаковыя перамовы паміж Украінай і Расеяй пры пасярэдніцтве Эўразьвязу? Ці можна сказаць, што на фоне ўсіх апошніх падзеяў у Расеі Лукашэнка ўжо не «апошні дыктатар Эўропы»?Ці варта чакаць паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у сувязі з новым іміджам афіцыйнага Менску?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Цыганкоў: У Менску 26 жніўня пры ўдзеле высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу і кіраўнікоў Беларусі і Казахстану маюць прайсьці трохбаковыя перамовы паміж Украінай і кіраўнікамі дзяржаваў, якія ўваходзяць у Мытны зьвяз — Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Бадай, галоўнае пытаньне, якое хвалюе беларускіх экспэртаў і палітыкаў, — як мяняецца роля Лукашэнкі ў выніку таго, што Беларусь прымае такія перамовы? Ці Беларусь — усяго толькі геаграфічная пляцоўка для размовы, ці афіцыйны Менск становіцца пасярэднікам, а значыць, і ўдзельнікам перамоваў? А гэта ж зусім іншая паводле значнасьці роля і функцыя.

«Заходнія чыноўнікі едуць у Менск не сустракацца з Лукашэнкам»

Янукевіч: Я лічу, што, безумоўна, і роля, і імідж беларускіх уладаў зьмяняецца. Для Аляксандра Лукашэнкі гэта вельмі спрыяльная сытуацыя. Можна сказаць, што да гэтага моманту ён дастаткова эфэктыўна выкарыстоўвае гэтыя магчымасьці. Яшчэ некалькі месяцаў таму Лукашэнка насіў званьне, імідж «апошняга дыктатара Эўропы». Але Ўладзімер Пуцін адабраў гэты сумнеўны прыз. А цяпер Аляксандар Лукашэнка мае магчымасьць ня толькі пазбавіцца такога іміджу, але і здабыць у нейкай ступені пазытыўны імідж — прынамсі, на міжнароднай арэне. Імідж пасярэдніка, таго, хто можа паспрыяць замірэньню ва ўкраінскім канфлікце. Таму — так, я думаю, можна казаць, што роля і імідж афіцыйнага Менску зьмяняюцца, і такія зьмены, відавочна, на карысьць Аляксандру Лукашэнку.

Булгакаў: Я б тут не пагадзіўся з Аляксеем і сказаў бы, што адносіны Беларусі і Эўрасаюзу абсалютна не зьмяніліся. Эўразьвяз не адмяняў візавых санкцыяў супраць дзеячаў лукашэнкаўскага рэжыму, яны дзейнічаюць і ахопліваюць дзясяткі асобаў. Таму заявы некаторых аналітыкаў, што, маўляў, гэта грандыёзная ці, можа, найбольшая за гады незалежнасьці перамога беларускіх дыпляматаў ці ўвогуле беларускай палітычнай мадэлі, грандыёзны прарыў на замежным палітычным фронце — на мой погляд, гэта заўчасныя заявы, якія не падмацаваныя рэальнасьцю.

З другога боку — так, лукашэнкаўскі рэжым адчувае неабходнасьць быць пасярэднікам. Бо пагаршэньне сытуацыі ва Ўкраіне, уцягваньне Расеі ў вайну азначае аслабленьне рэжыму ўсярэдзіне краіны. Бо не сакрэт, што асноўныя рэсурсы, якія дапамагаюць беларускай уладзе выжываць, дастаўляюцца з Расеі. Таму быць пасярэднікам — гэта такое вымушанае крэда. Без энэргічных спробаў урэгуляваньня выжываньне беларускага рэжыму ў 2015–16 ці там у 2020 годзе можа апынуцца пад вялікім пытаньнем.

Цыганкоў: Так, стратэгічна палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі не зьмянілася. Але, зь іншага боку, упершыню ад 2010 году ў Менск прыяжджаюць высокія эўрапейскія чыноўнікі, такія, як Кэтрын Эштан.

Булгакаў: Тут часам адбываецца падмена паняцьцяў. Некаторыя аглядальнікі спрабуюць гэта падаць так, нібыта гэтыя людзі прыяжджаюць у Менск, каб выпакутаваць сваю віну, свае грахі і правіны перад Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, так сказаць, пакаяцца ў непрадукцыйнасьці раней выбранага палітычнага курсу. Але гэта радыкальна ня так. Гэтыя людзі сустракаюцца не з Лукашэнкам, гэтыя людзі прыяжджаюць у Менск, каб зрабіць высілкі для ўрэгуляваньня расейска-ўкраінскага канфлікту. Гэта значыць, матывы іхняга прыезду — не зьмякчэньне адносінаў зь Беларусьсю, а вера, што перамовы могуць спыніць кровапраліцьце, якое ўжо забірае тысячы жыцьцяў. Я думаю, што гэтая вера цалкам беспадстаўная і наіўная, але гэтыя людзі зыходзяць зь яе і мяркуюць, што такая тактыка — адзіна правільная ў цяперашніх варунках.

«Зьмякчэньне рэжыму стварае дадатковае акно магчымасьцяў для апазыцыі»

Цыганкоў: Аляксей, ці можа прыезд у Беларусь чыноўнікаў Эўразьвязу станоўча паўплываць на адносіны Менску і Брусэлю? У прыватнасьці, напрыклад, на вызваленьне палітвязьняў — а гэта галоўная перашкода ў адносінах?

Янукевіч: Насамрэч, часткова я магу пагадзіцца з Валерам, што ня варта чакаць хуткіх і рэзкіх пераменаў у адносінах паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам. Аднак разам з тым я перакананы, што гэта будзе дастаткова значным імпульсам, каб гэтыя кантакты пашыраліся і адносіны наладжваліся. Калі мы паглядзім у гісторыю, мы пабачым, што амаль заўсёды вынікам паляпшэньня стасункаў паміж Менскам і Эўразьвязам станавілася калі не лібэралізацыя, то пэўнае ўстрыманьне (яно заўсёды было часовым) беларускага рэжыму ад ужываньня больш жорсткіх рэпрэсіяў супраць сваіх апанэнтаў.

Таму нельга чакаць, што на наступны дзень пасьля перамоваў, або цягам тыдня ці месяца, палітвязьні апынуцца на волі. Надта шмат было такіх спадзяваньняў, і яны заўсёды былі дарэмнымі. Ня варта мець такіх дарэмных спадзяваньняў. Але факт, што гэтая сустрэча, безумоўна, будзе спрыяць наладжваньню дыялёгу. Нават няглядзячы на тое, што спадарыня Эштан знаходзіцца апошнія дні на сваёй пасадзе. У нейкай ступені для Эўразьвязу гэта нават зручна, бо нават калі яе будуць крытыкаваць за візыт у Менск — яна ўжо сыходзіць са сваёй пасады.

Стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам на больш нізкім узроўні апошнія месяцы разьвіваліся параўнальна інтэнсіўна, тут адзначаны пэўны прагрэс. Але, паўтаруся, нават з увагай на ўсе гэтыя чыньнікі Эўразьвяз ня будзе пераходзіць на якасна іншы ўзровень зь беларускімі ўладамі, пакуль застаюцца палітвязьні. Гэта жорсткая ўмова, і ад яе Эўразьвяз не адыдзе. Аднак, паўтаруся — лічу, што гэты візыт дасьць новы імпульс дыялёгу. Вынікам чаго можа стацца (не абавязкова, але магчыма) вызваленьне палітвязьняў.

Цыганкоў: Аляксей, але як гэтае ажыўленьне дыялёгу можа ўплываць на дзейнасьць беларускай апазыцыі?

Янукевіч: У нейкай ступені тактычна гэта ўскладняе інфармацыйную і агітацыйную дзейнасьць для беларускай апазыцыі. Бо той аргумэнт, што неабходна замірэньне з Захадам, нібыта зьнікае. То бок улады выглядаюць здольнымі кантактаваць ня толькі з Масквой, але нібыта здольныя таксама выбудоўваць стасункі з Захадам. Прынамсі, прапаганда будзе падаваць гэта менавіта так, і на частку грамадзтва гэта будзе дзейнічаць.

Зь іншага боку, калі адбываецца такі дыялёг, рэжым устрымліваецца ад ужываньня актыўнага гвалту супраць апанэнтаў, што стварае дадатковае акно магчымасьцяў, каб даносіць да людзей нашы прапановы, каштоўнасьці, бачаньне сытуацыі.

«Пасланьне Лукашэнкі да заходняй супольнасьці — не чапайце мяне»

Цыганкоў: На фоне таго, што Расея вядзе неабвешчаную вайну ва Ўкраіне, на фоне новых пасадак дэмакратычных актывістаў у Маскве, на фоне новых заканадаўчых ініцыятываў у Расеі, скіраваных на ўціск свабодаў і нават інтэрнэту — на фоне ўсяго гэтага ці можна казаць, што Лукашэнка ўжо не «апошні дыктатар Эўропы»? Што з гэтага вынікае для ролі Беларусі ў рэгіёне?

Булгакаў: Цяжка спрачацца, хто большы дыктатар ці ўзурпатар. Недзе чарод вядзе Ўладзімер Пуцін, недзе яго абыходзіць Аляксандар Лукашэнка. І калі на пачатку нулявых гадоў Лукашэнка быў больш зацятым аўтарытарным кіраўніком, то цяпер пальма першынства ўжо перайшла да ягонага расейскага калегі. Факт, што на руках беларускага прэзыдэнта няма адказнасьці за палітычныя рашэньні, якія прыводзілі да вайсковай інтэрвэнцыі і гібелі тысяч людзей.

Таму як пасярэднік і перамоўца Лукашэнка можа быць. Я думаю, акурат гэтай акалічнасьцю тлумачыцца выбар Менску як такой ціхай гавані для перамоваў наконт дээскаляцыі канфлікту.

Безумоўна, гэтая сустрэча стане вынікам нейкіх патаемных дамоўленасьцяў. Працавала беларуская дыпляматыя, працавала самастойна, без аглядкі на Расею.

Я хачу паразважаць наконт матывацыі беларускага прэзыдэнта. Безумоўна, гэтая сустрэча стане вынікам нейкіх патаемных дамоўленасьцяў. Працавала беларуская дыпляматыя, працавала самастойна, без аглядкі на Расею.

Я проста хачу правесьці паралелі паміж гэтай сустрэчай і тым, што адбывалася напярэдадні выбараў 2010 году. Тады сапраўды ў Менску назіралася пэўнае паломніцтва заходняй дыпляматыі. Але, як мы бачым, гэта было толькі тактычным манэўрам. Лукашэнка пасылае сыгналы Эўропе, што ён гатовы гаварыць з эўрапейскімі палітыкамі на варунках статус-кво. Ён мацуе той рэжым, які створаны ў краіне, а наўзамен чакае папросту адсутнасьці нейкіх агрэсіўных дэстабілізацыйных дзеяньняў. Акурат гэта — пасланьне Лукашэнкі да заходняй супольнасьці і дыпляматыі. Іначай кажучы — не чапайце мяне, не фінансуйце грамадзянскую супольнасьць і мэдыі, тады адносіны ў нас будуць добрыя і спакойныя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG