Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну гісторык Уладзімер Тольц распавядае, як тады працавала савецкая ваенная прапаганда — пра тое, што не ўвайшло ў «Белую кнігу», выдадзеную савецкімі прапагандыстамі дзеля абгрунтаваньня агрэсіі.

У 1968-м, пасьля ўводу войскаў у Чэхаславаччыну, ЦК КПСС пастанавіў ў 10-дзённы тэрмін выдаць прапагандысцкую «Белую кнігу» («Матэрыялы аб контррэвалюцыйнай змове супраць сацыялістычнай Чэхаславаччыны»).

Даручылі справу Агенцтву друку «Новости». Вызначылі аб’ём — «15-17 друкаваных аркушаў на рускай, чэскай, славацкай, нямецкай, польскай, вугорскай, баўгарскай, ангельскай, францускай, гішпанскай, арабскай і, па неабходнасьці, на іншых мовах». Аб’ём не абы які, а тэрміны гранічна сьціслыя. Як сабраць і апрацаваць за гэты час неабходны матэрыял, які раскрывае «падрыхтоўку і характар контррэвалюцыйнай змовы» (гэтая фармулёўка павінна была выціснуць аброслае пазытыўнымі канатацыямі словазлучэньне «Праская вясна»)? Адкуль узяць «доказы» задумы «антысацыялістычных сіл, накіраванай на адрыў Чэхаславаччыны ад сацыялістычнай сыстэмы і рэстаўрацыю капіталізму»? Міністэрства абароны, КГБ і ТАСС абавязалі падаць дакумэнты і матэрыялы.

У гарачцы падзеяў (трэба пасьпець да прызначанага тэрміну, прытым што прапаганда не зьяўлялася галоўнай функцыяй вайскоўцаў і кагэбэшнікаў) міністэрства абароны і КГБ выдалі кучу сваіх матэрыялаў, збольшага цалкам сакрэтных. Але публікаваць большасьць зь іх было немагчыма. Нават не з прычыны ваенных і палітычных таямніц, якія яны ўтрымлівалі. А таму, што такая публікацыя супярэчыла б контра-прапагандысцкім мэтам выданьня і магла б выклікаць у чытача скепсіс, недавер і горкую ўсьмешку.

Вось толькі некаторыя з пасажаў сакрэтных шматстаронкавых матэрыялаў, якія ніколі не ўбачылі чытачы «Белай кнігі»:

«Натоўп контррэвалюцыянэраў выкрыкваў грубыя антысавецкія лёзунгі: „Бі фашыстаў “, „Акупанты, прэч адсюль дадому“, „Вы дзейнічаеце, як фашысты“, „Сьмерць фашыстам“ і іншыя».

Гэта з даведкі начальніка асобага аддзелу КГБ (вайсковая частка 32050) маёра Зорына. А вось дакладная інструктара палітаддзелу 38-й арміі падпалкоўніка Касянкова начальніку палітаддзелу в/ч 48927 аб становішчы ў раёне Алямоўца:

«Па прапанове інжынэра Забранскага (зацятага правага) было прынятае рашэньне абвясьціць Алямоўц „мёртвым горадам“, што азначала не ўступаць у кантакт з савецкімі салдатамі, не выходзіць у горад, не даваць вады. На працягу 22, 23, 24, 25 жніўня ў горадзе ўсё часьцей зьяўляліся лёзунгі і надпісы. 26-га ўжо зьяўляюцца лёзунгі „Біце акупантаў, як Зоя Касмадзям’янская“, падпольнае радыё Алямоўца заклікала на сьмяротны, сьвятой бой супраць акупантаў».

На падставе агентурных дадзеных паведамлялася і пра нібыта існую змову прастытутак. Незразумела толькі, які быў іх намер: ці то ўступаць у інтымную блізкасьць з доблеснымі савецкімі ваярамі з мэтай іх маральнага разлажэньня і паслабленьня баяздольнасьці, ці то наадварот адмаўляць ім у брацкай савецка-чэхаславацкай любві і дружбе? Камандаваньне 20-й гвардзейскай арміі даносіла маршалу Пятру Кашавому:

«30.9.68. Газэта «Свабода», орган Сярэдне-Чэскага абкаму КПЧ, зьмясьціла артыкул, у якім ухваляецца расправа над дзяўчынамі (былі зьбітыя і астрыжаныя) за зносіны з савецкімі салдатамі. Газэта пісала «Не падаваць як мага даўжэй руку гэтым дзяўчынам».

Аднак і савецкае вайсковае камандаваньне да такіх кантактаў ставілася насьцярожана. «Культурна» сябраваць — калі ласка, а вось адносіны паміж мужчынам і жанчынай — гэта ні-ні. Але ад сяброўства чэхі чамусьці ухіляліся.

З таго ж данясеньня камандуючаму Групы савецкіх войскаў у Нямеччыне Пятру Кашавому:

«На ўсталяваньне шчыльных кантактаў і сяброўскіх сувязяў партыйныя, мясцовыя органы ўлады і камандаваньне частак Чэхаславацкай народнай арміі, як правіла, не ідуць. На прапанову даць канцэрт у брыгадзе абслугоўваньня Міністэрства нацыянальнай абароны начальнік палітаддзелу падпалкоўнік Стэнлд адказаў: «Глядзець ваш канцэрт, калі вашы войскі знаходзяцца тут, проста немагчыма» . Камандзір палка СПА падпалкоўнік Радгускі заявіў: «Можна прымусіць па загадзе што-небудзь зрабіць, але нельга прымусіць па загадзе думаць, зьмяніць свае перакананьні». Першы сакратар райкаму Прага-4 Капецкі заявіў: «Вы — акупанты, захапілі нашу краіну, і ў гэтай сытуацыі ня можа быць гаворкі аб сяброўскіх адносінах з савецкімі войскамі».

Спачатку адсутнасьць прыязнасьці нават зьдзіўляла і крыўдзіла некаторых савецкіх вайскоўцаў. Капітан Драздоў, старшына Міхеенка, старшыя сяржанты Храмаў, Шмараў і Казлавец (в/ч 11943), якім даручана было ахоўваць ад мітынгоўцаў адзін з мастоў чэскай сталіцы, скардзіліся начальству:

«23 жніўня 1968 грамадзяне змоўклі, ніхто да нашых вайскоўцаў не падыходзіў, размоваў не заводзіў, а калі хто спрабаваў, яго вокрыкам абрывалі „малойчыкі“, якія групамі знаходзіліся непадалёк. Пад мостам знаходзіўся туалет, які адмыслова быў зачынены, каб нашы вайскоўцы ім не карысталіся».

Калі ж нейкія адносіны паміж савецкімі вайскоўцамі і мясцовымі ўсё ж складваліся, то гэта таксама турбавала і чэхаславацкае, і савецкае палітычнае кіраўніцтва. Пасол у Празе Сцяпан Чырвоненка пераслаў у МЗС і міністру абароны наступнае паведамленьне:

«Савецкія салдаты мяняюць кансэрвы на грошы ці віно (некаторыя раёны Паўднёва-Мараўскай вобласьці)».

У той жа тэлеграме прыводзіліся і іншыя прыклады спробаў ўсталяваньня «сяброўскіх адносінаў»:

«У вёсцы Дубе на Цірыпецку жыхары запрасілі ў свае кватэры салдат і пачаставалі іх алькагольнымі напоямі. Пасьля гэтага савецкія салдаты, будучы ў нецьвярозым стане, стралялі ў супрацоўнікаў дзяржбясьпекі. Паранены ніхто не быў».

Бывалі і больш сур’ёзныя наступствы:

«У Дольны Лагоце, раён Індржыхаў Градзец, восем савецкіх салдатаў пілі ў мясцовай піўной. Позна ўвечары падчас дэбатаў каля піўной быў паранены ў нагу з пісталета студэнт Уладзімер Мотл, салдаты зь месца дзеяньня зьехалі ».

Увогуле, да моманту выхаду «Белай кнігі» сяброўскія адносіны паміж акупантамі і тымі, хто быў акупаваны, неяк ня склаліся. Але ж і на ўзоры «контррэвалюцыйнай дывэрсіі» усё гэта не цягнула. Былі эпізоды і больш сур’ёзныя. Да прыкладу, паведамленьне аб тым, што «ў вёсцы Войкавіцэ была атручаная вада (мыш’яком), прызначаная для савецкіх войскаў». У зводках асабістаў гэта праходзіць двойчы. Першапачатковае данясеньне выглядала так:

«3 верасьня г.г. лекарам в/ч 86725 (пантона-маставой полк) была здадзена вада ў санітарна-эпідэмічны аддзел на правядзеньне аналізу на атрутныя рэчывы. Вада ўзятая з гарадзкога вадаправоду з крану, разьмешчанага паблізу піваварнага заводу. Дадзенай вадой карыстаецца пантонна-маставы полк. Пасьля правядзеньня аналізу вады было выяўлена ў вадзе ўтрыманьне мыш’яку 0004 мг. на 1 літар вады. Па заключэньні спэцыялістаў, такая канцэнтрацыя мыш’яку бясьпечная, але мыш’як мае ўласьцівасьць не растварацца ў арганізьме, што прыводзіць да павольнага атручваньня. Варта таксама адзначыць, што месца забору вады не ахоўваецца.

Опэрупаўнаважаны, тэхнік-лейтэнант Харкоў»

Ня трэба было быць опэрам і тэхнікам-лейтэнантам, каб здагадацца, што з гарадзкога вадаправоду п’юць усе, а ня толькі савецкія воіны, якія прыехалі на танках аказаць чэхам і славакам «брацкую дапамогу». Ясна было, што і мясцовае піва, якое салдатам піць не забаранілі, утрымлівае ў мікрадозах тыя ж арсэніды, якія былі знойдзены ў вадзе з вадаправоду. Магчыма, на Лубянцы высьветлілі і тое, пра што шматкроць пісалі савецкія геолягі: некаторыя вуглі Чэхаславаччыны ўтрымліваюць кампанэнты мыш’яку. Карацей, у «Белую кнігу» гэты эпізод у якасьці ілюстрацыі «контррэвалюцыйнай змовы супраць сацыялізму», як і ўсе прыгаданае вышэй, ня трапіў.

***

Але аказалася, што можна абысьціся і прыдуманымі раней прапагандысцкімі байкамі. Заданьне ЦК было выкананае своечасова.

XS
SM
MD
LG