Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад мінулага месяца сьпіс краінаў, якія можна наведваць бязь візы і запрашэньня, папоўніла Манголія. Нягледзячы на вялізныя памеры, гэтая краіна застаецца «белай плямінай» для эўрапейцаў, і шмат хто перакананы, што колішняя імпэрыя Чынгісхана «замарозілася» ў сваім разьвіцьці.

Выпраўляючыся ў Манголію, маральна настройваўся ўбачыць парадкам абтрапаную копію Савецкага Саюзу. Але ўжо першае знаёмства з Улан-Батарам прымусіла адкінуць пэсымізм і прыемна парадавацца за манголаў — краіна зрабіла вялізны скачок у сваім разьвіцьці.

Сталіца шпарка забудоўваецца, уверх узносіцца дзелавы цэнтар з сучаснымі хмарачосамі. На вуліцах часьцяком сустракаюцца людзі эўрапейскай зьнешнасьці, а гэта значыць, што ўсясьветныя карпарацыі бачаць тут эканамічны патэнцыял і адчыняюць свае прадстаўніцтвы.

Архітэктура ўчорашняя і сёньняшняя

Архітэктура ўчорашняя і сёньняшняя

Пасьля згортваньня бясплённага будаўніцтва разьвітага сацыялізму ўлады перанялі ад Эўропы дэмакратычныя каштоўнасьці, забясьпечыўшы народу свабоду слова, выказваньняў і сходаў. У памяць пра ранейшыя ідэалягічныя абмежаваньні ў цэнтры гораду ўсталяваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў — тым, хто коштам уласнага жыцьця здабываў волю нашчадкам.

У памяць пра палітычных вязьняў

У памяць пра палітычных вязьняў

Як кажа жыхар Улан-Батару, прадпрымальнік Патболд Баяндэлгер, Манголія сацыялістычнага пэрыяду і цяперашняя — як неба і зямля:

«Манголія да пачатку 1990-х і Манголія сёньняшняя — гэта надзвычай вялікая розьніца. Відавочна, што зьмены гэтыя адбыліся ў лепшы бок. Камуністы сядзелі, нічога не рабілі, усё ў рот Маскве глядзелі. Самі толькі ўпустую балбаталі-балбаталі, нічога не рабілі, зараблялі сабе грошы, у кішэні складалі. А пасьля таго як дэмакратыя перамагла, усё зьмянілася. На дарогу паглядзі — няўжо такое можна было ўявіць раней? Ні машын, ні дарог не было. А перамагла дэмакратыя, усе пераселі на аўто, дарогі новыя будуюць. Прыгажосьць! Да 1990 году ў Манголіі было так, што фактычна „No English“. Толькі мангольская мова, расейская ў школах, па-ангельску разумелі small, зусім крыху. А цяпер амаль усе хоць на ўзроўні разуменьня ведаюць English. А ўвогуле кожны вучыць мову, якую сам захоча. У нас любая мова ў пашане, бо адкрывае добрыя пэрспэктывы».

Сам Патболд вывучыў расейскую мову, у сярэдзіне 1990-х ганяючы за 10 тысяч кілямэтраў аўтамабілі зь Нямеччыны ў Манголію. Затое ягоны сын ужо атрымліваў англамоўную юрыдычную адукацыю ў Сынгапуры.

Патболд Баяндэлгер

Патболд Баяндэлгер

Літаральна на кожным кроку ва Ўлан-Батары — банкі, прычым у бальшыні сваёй мангольскія. Ім, сярод іншага, даручана выконваць місію дзяржаўнай важнасьці: ад 2009 году ўсе грамадзяне краіны атрымліваюць з Фонду разьвіцьця чалавека прыбытак ад здабычы карысных выкапняў. Сумы не завоблачныя (у эквіваленце ад 15 даляраў і вышэй), але важны сам факт. Паказальна, што выплата дывідэндаў распаўсюджваецца і на дзяцей.

Мангольскія грошы

Мангольскія грошы

Варта адзначыць, што тэмпы росту мангольскай эканомікі — адны з самых высокіх у сьвеце: 17,5% у 2011 годзе і больш за 12% пазалетась і летась. Такая дынаміка тлумачыцца найперш рэалізацыяй буйных праектаў у горназдабыўной галіне.

Хоць бальшыня манголаў заможнымі людзьмі сябе ня лічыць, затое спаўна карыстаецца выгодамі капіталізму, у які ў свой час пераскочыла на шляху з фэадалізму ў сацыялізм. Танныя крэдыты ў тугрыках і замежнай валюце (у сярэднім пад 1%), даступны праезд у грамадзкім транспарце (у пераліку на беларускія рублі — крыху больш за 2 тысячы), недарагое харчаваньне і камунальныя паслугі дазваляюць пазьбягаць дзірак у сямейным бюджэце.

Тутэйшы Цэнтрабанк

Тутэйшы Цэнтрабанк

На вуліцах Улан-Батара пастаянна сутыкаесься з добра апранутымі маладымі людзьмі «офіснага» выгляду, а гэта значыць, што інтэлектуальныя кадры ў краіне запатрабаваныя.

А побач існуе Манголія архаічная. Варта выехаць за межы сталіцы ўсяго 5–10 кілямэтраў, каб пабачыць традыцыйную карціну — геры (юрты) чабаноў, якія гадуюць, як продкі, коней, авечак, якаў ды іншую жывёлу. Дарэчы, яе ў мангольскіх стэпах пасецца ажно 50 мільёнаў — амаль па 20 галоў на кожнага жыхара (насельніцтва вялізнай па тэрыторыі краіны не дацягвае нават да 3 мільёнаў).

Не павальны дабрабыт і ў самім Улан-Батары. Па пэрымэтры раскіданыя сапраўдныя «хрушчобы», у якіх месьцяцца сярэднестатыстычныя манголы. Зрэшты, для многіх гэта своеасаблівы адказ сыстэме, якая ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя паставіла на мэце цывілізаваць качэўнікаў, перасяліўшы іх зь юртаў у стацыянарнае жытло. Але ў бальшыні выпадкаў гены не адпускаюць, і ў двары дома будзе стаяць гер.

Жывёлы і людзі

Жывёлы і людзі

Пазбавіўшыся навязанай з Масквы ідэалёгіі, манголы вярнуліся да ўласных каранёў, рэанімаваўшы прыхаваныя культы. Самы галоўны — культ Чынгісхана. Выявы мангола № 1 упрыгожваюць ня толькі цэнтральныя плошчы і мэмарыялы, але і выкарыстоўваюцца дзеля рэклямы і гандлю.

Культ асобы мангола № 1

Культ асобы мангола № 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG