Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр: Беларускі кавун будзе пародыяй на хэрсонскі


Уладзімер Матусевіч

Уладзімер Матусевіч

У пералік харчоў пад імпартазамяшчэньне Аляксандар Лукашэнка прапануе ўвесьці бахчавыя культуры — кавуны і дыні.

Напярэдадні Беларускае тэлебачаньне нават паказала сюжэт, як прэзыдэнцкая сям’я пасьпяхова культывуе пакуль яшчэ рэдкі для Беларусі прадукт і такім чынам паказвае іншым прыклад для перайманьня. Ці могуць беларускія кавуны замяніць знакамітыя астраханскія ці хэрсонскія гатункі, а дыні — узбэцкія ці туркмэнскія?

Сваю думку выказвае вядомы фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч, які вырошчвае самую разнастайную гародніну:

«У сучасным клімаце можна вырасьціць усё. Але якасьць такога прадукту будзе зусім іншая — яму проста ня будзе хапаць сонца. Хоць цяпер такія біятэхналёгіі, што можна рабіць што заўгодна. Але гэта ўжо будзе, як кажуць, эрзац. Калі ўжо есьці клясыку, каб было смачна, то дыня павінна быць туркмэнская, а кавун — як мінімум з Кахоўкі. Тое, што Лукашэнка ўжо разьлічыў, колькі можна зьбіраць тонаў, якая будзе ўраджайнасьць, колькі зямлі можна аддаць — гэта проста сьмех. Тое, што ён зьбіраецца ўсё замяніць — танкі, ракеты таксама хоча ў Беларусі кляпаць — ужо падобна да таго, што адбываецца з „імпартазамяшчэньнем“ у Паўночнай Карэі. Дарэчы, падобна да таго, як у свой час Хрушчоў насіўся з кукурузай.

Усяму ёсьць разумная мяжа. Вядома, можна вырасьціць тыя ж кавуны, ёсьць адпаведныя гатункі, але смак будзе зусім ня той. Зусім ня той будзе кавун, які вырас на астраханскай зямлі ці дзесьці на поўдні Ўкраіны, хэрсонскі. А так, зразумела, растуць яны і ў Беларусі. Ёсьць галяндзкае насеньне, якое дае добры ўраджай. Сёлета мы з сынам таксама хацелі паспрабаваць, але ў нас не атрымалася, не атрымалася добрай расады. То бок купілі і нават плянавалі заняцца. Але сэнсу папросту няма, бо гэта будзе не кавун, а пародыя на яго. Апошнім часам шмат за што пачалі брацца, ведаю, што ў Віцебскім раёне хтосьці займаецца вінаградарствам амаль што ў прамысловых маштабах, і кажуць, што хутка нават каньяк пачнуць гнаць свой. Але гэта ня той каньяк будзе і ня той кавун».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG