Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны: Усё ідзе паводле пляну


«Перамяшчэньне вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі вядзецца ў адпаведнасьці з плянамі падрыхтоўкі Ўзброеных сіл, распрацаванымі яшчэ ў мінулым годзе», — паведаміў Радыё Свабода начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў.

Радыё Свабода зьвярнулася ў Міністэрства абароны з просьбай пракамэнтаваць відэазапісы, якія зафіксавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі ў Берасьці, Гомелі і Менску. Відэазапісы зьявіліся ў інтэрнэце.

«Гэтыя матэрыялы на працягу ледзьве не паўгода зьяўляюцца. Усё перамяшчэньне вайсковай тэхнікі РБ вядзецца ў плянавым парадку і адпавядае падрыхтоўцы Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Ніякай пагрозы гэта нікому не нясе. Пляны падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў былі распрацаваныя яшчэ ў мінулым годзе, задоўга да адпаведных падзеяў. Ні пра якую эскаляцыю напружанасьці ўнутры Беларусі, зьмену плянаў гаварыць не выпадае», — заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны.

На апублікаваных відэа відаць перамяшчэньне самаходных артылерыйскіх установак «Гіяцынт-С» у Гомелі і «Акацыя» — у Берасьці. Пад Калодзішчамі карыстальнік зьняў перамяшчэньне танкаў і БТР.

На пачатку жніўня сьпікер Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру РНБА Андрэй Лысенка заявіў: «У Рэспубліку Беларусь, горад Гомель, на чыгуначную станцыю „Паўночны“ ўчора прыбыў расейскі ваенны эшалён у складзе 65 плятформаў з самаходнымі мінамётнымі ўстаноўкамі».

XS
SM
MD
LG