Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Ўліцкая: «Эўропа, бывай!»


Людміла Ўліцкая
Людміла Ўліцкая

Культура пацярпела ў Расеі жорсткую паразу, а людзі культуры ня ў стане зьмяніць самагубнай палітыкі дзяржавы.

Публікацыя ў нямецкім штотыднёвіку «Шпігель» эсэ Людмілы Ўліцкай «Эўропа, бывай!», відавочна, дала расейскім уладам нагоду для неадкладнай рэакцыі. Праз пару дзён пасьля выхаду часопіса (няпоўны пераклад або пераказ артыкула зьявіўся ў расейскіх СМІ), у ІТАР-ТАСС зь дзіўным тлумачэньнем была адмененая прэс-канфэрэнцыя пісьменьніцы, заплянаваная раней у сувязі з прысуджэньнем Уліцкай – а яна адзін зь нямногіх расейскіх сучасных аўтараў, якіх добра ведаюць за межамі былога СССР, – Аўстрыйскай дзяржаўнай прэміі за эўрапейскую літаратуру.


У напісаным для «Шпігеля» тэксьце Ўліцкая шкадуе пра тое, што Расея «знаходзіцца ў стане вайны з культурай, каштоўнасьцямі гуманізму, свабодай асобы», пра тое, што краіна «хворая на агрэсіўнае невуцтва, нацыяналізм і імпэрскую манію велічы»: «Мне сорамна за наш парлямэнт, невуцкі і агрэсіўны, за ўрад, агрэсіўныя і некампэтэнтны, за кіраўнікоў краіны, цацачных супэрмэнаў, прыхільнікаў сілы і хітрасьці, мне сорамна за ўсіх нас, за народ, які страціў маральныя арыенціры». Вось што распавяла Людміла Ўліцкая ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Андрэю Шараму:

– Пару тыдняў таму назад я атрымала прапанову правесьці прэс-канфэрэнцыю ў ІТАР-ТАСС. Я трошкі зьдзівілася, таму што гэта агенцтва – такое патаснае і вельмі афіцыйнае месца, і звычайна я ў такія месцы не трапляю, але я пагадзілася. Яны склалі нейкі вызначаны сьпіс журналістаў, якіх звычайна запрашаюць на такія сустрэчы, але за дзьве гадзіны да пачатку прэс-канфэрэнцыі мне патэлефанавалі і сказалі, што яна адмяняецца, таму што ў будынку прарвала трубу. Я хутчэй зьдзіўленая таму, што мяне запрасілі, чым той акалічнасьці, што трубу прарвала.

– Ну, арганізатараў прэс-канфэрэнцыі, відаць, паправілі вышэйстаячыя таварышы пасьля вашай публікацыі ў «Шпігелі»?

– І я вельмі ім спачуваю, шчыра кажучы, таму што патрапіць у такое становішча – гэта даволі непрыемна. Яны відавочна хацелі пагаварыць пра аўстрыйскую прэмію, бо гэта дастаткова цікавы сюжэт (Уліцкая – першы расейскі аўтар, ганараваны прэстыжнай эўрапейскай узнагародай за паўстагодзьдзя яе існаваньня. – РС). Мабыць, іх асадзілі... Ня стану гэтага напэўна сьцьвярджаць, паколькі я не сантэхнік і становішча труб у гэтай залі не правярала, але ў мяне такое ўражаньне, што арганізатараў і сапраўды асадзілі.

– Раз у мяне ёсьць такая магчымасьць, я сваіх фармальна калег з ІТАР-ТАСС выручу: што б вы хацелі сказаць расейскім журналістам?

– Я, строга кажучы, усё, што хачу сказаць, – кажу. Нядаўна я давала інтэрвію Дзьмітрыю Бавільскаму, гэта «Часкор», нейкія мае матэрыялы разьмешчаны на сайце расейскага ПЭН-Цэнтру. Так што я адказваю на пытаньні, калі мне іх задаюць. У мяне зусім няма жаданьня займацца «вуснай дзейнасьцю», таму што я ўсё ж такі лічу, што мая прафэсія некалькі ў баку ад актуальнай палітыкі, але тым ня менш, калі мне задаюць пытаньні, я на іх адказваю.

Цалкам інтэрвію – на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG