Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

​Манголія: Культ Буды, свастыкі і Чынгісхана


Суровы Чынгісхан

Суровы Чынгісхан

Працяг дарожных нататак пра адну з самых прыхаваных ад вонкавага сьвету краінаў — Манголію.

Рашуча сышоўшы з сацыялістычных рэек, манголы нарэшце атрымалі магчымасьць згадаць пра свае нацыянальныя карані. А мінулае ў гэтага народу такое, што хапіла б на стос энцыкляпэдыяў дзясятка іншых этнасаў.

За часамі маскоўскай апекі ідэолягі насаджалі паднявольным народам сваіх герояў — партыйцаў, камісараў, змагароў з гнілым капіталізмам. Але на мяжы 1980–90-х жыць па савецкіх лякалах надакучыла. На першы плян пачалі выходзіць гістарычныя асобы, якіх дзесяцігодзьдзямі намагаліся заціснуць на задні плян. Для Манголіі галоўная фігура ўсіх часоў і народаў — безумоўна, Чынгісхан. Заснавальнік і першы вялікі хан Мангольскай імпэрыі ня толькі аб’яднаў тутэйшыя плямёны, але і нагнаў страху на паўсьвету — ад Кітаю і Сярэдняй Азіі да Каўказу і Эўропы.

Воіны Чынгісхана

Воіны Чынгісхана

Палкаводзец, які «падмяў» паўсьвету

Палкаводзец, які «падмяў» паўсьвету

У сярэдзіне 2000-х у Манголіі з размахам сьвяткаваліся дзьве даты: у 2005-м — 850-годзьдзе ад нараджэньня Чынгісхана (паводле іншых зьвестак, ён нарадзіўся ў 1162 годзе, таму пазалетась юбілей паўтарылі), у 2006-м — 800-годзьдзе Мангольскай дзяржавы. У зьвязку з гэтым было вырашана, што краіне патрэбны адметны сымбаль, які б назаўжды ўвекавечыў заслугі «праайца» ўсіх манголаў. Так у 2008 годзе за паўсотні кілямэтраў ад Улан-Батара, у самоне Эрдэнэ, паўстаў велічны мэмарыял пад назвай «Залатая пуга». Згодна зь легендай, у 1177 годзе Тэмуджын, ён жа будучы Чынгісхан, вяртаўся дадому ад сябра свайго бацькі, які навучаў яго жыцьцёвай і вайсковай мудрасьці. І менавіта ў гэтым месцы знайшоў пугу — сымбаль посьпеху. Волатаўскіх памераў пуга — адзін з экспанатаў музэю.

Агульны выгляд манумэнта

Агульны выгляд манумэнта

Тая самая «шчасьлівая пуга»

Тая самая «шчасьлівая пуга»

Аднак, памер быў у Чынгісхана...

Аднак, памер быў у Чынгісхана...

Дарэчы сказаць, што шматузроўневы 50-мэтровы помнік з пастамэнтам для некаторых эўрапейцаў выглядае досыць крыўдна: конны Чынгісхан стаіць на авальным будынку барочнага стылю, што сымбалізуе заваяваньне Эўропы. На галаве каня — аглядная пляцоўка, адкуль адкрываецца цудоўны від на бяскрайнія стэпы. Працы яшчэ не завершаныя: вакол па пэрымэтры будзе тэматычны парк, прысьвечаны побыту манголаў эпохі Чынгісхана. Сьледам за цэнтральнай брамай з коньнікамі ўзводзіцца паўночная; на тэрыторыі плянуецца ўсталяваць некалькі сотняў гасьцявых юртаў і высадзіць блізу 100 тысяч дрэваў. Насупраць, праз аўтадарогу, закладаецца помнік старэйшай і ўлюбёнай жонцы Чынгісхана — Бартэ, якая нарадзіла яму чатырох сыноў і пяць дачок. Усяго пад мэмарыял «Залатая пуга» адведзена больш як 200 гектараў зямлі.

Пляцоўку яшчэ даводзяць да ладу

Пляцоўку яшчэ даводзяць да ладу

Галоўная брама мэмарыялу

Галоўная брама мэмарыялу

Насупраць будзе помнік жонцы Чынгісхана

Насупраць будзе помнік жонцы Чынгісхана

Для абсалютнай бальшыні манголаў Чынгісхан — асоба культавая. Дый што казаць: на адным са схілаў гары Багдо-уул, які навісае над улан-батарскім раёнам Зайсан, 240-мэтровы Чынгісхан назірае за сваімі нашчадкамі і ўдзень, і ўначы — тут зь белага мармуру выкладзены ягоны партрэт. Ня кажучы пра плошчу Чынгісхана ў цэнтры сталіцы і ягонага манумэнта на месцы зьнесенага маўзалею Сухэ Батара, аэрапорт ягонага імя, месца паломніцтва на малой радзіме за 100 кілямэтраў ад Улан-Батара, дзе збудавалі цэлае паселішча ХІІІ стагодзьдзя, ды іншыя адрасы пампэзнай мэмарыялізацыі. Пры гэтым сапраўднае месца пахаваньня Чынгісхана невядомае, а так адной «мэкай» было б яшчэ больш.

Выява Чынгісхана на схіле гары

Выява Чынгісхана на схіле гары

Запрашэньне на тэматычную выставу

Запрашэньне на тэматычную выставу

Міжнародны аэрапорт усё таго ж імя

Міжнародны аэрапорт усё таго ж імя

Чынгісхан на месцы зруйнаванага маўзалею Сухэ-Батара

Чынгісхан на месцы зруйнаванага маўзалею Сухэ-Батара

Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што ў завочным спаборніцтве Чынгісхан наўрад ці саступае самому Буду, якому ў Манголіі пакланяюцца больш за 90% насельніцтва. Адпачатку манголы былі шаманістамі, але будыйскім місіянэрам нечакана хутка ўдалося навярнуць іх на новую веру. Зрэшты, некаторыя традыцыі ўдалося сумясьціць — прыкладам, насыпаць пры дарогах цэлыя курганы з каменьня. Але ў цэлым Буда ўсё ж перамог. Будысцкія храмы масава пачалі аднаўляць дзейнасьць толькі пад «перабудову», а за часамі савецкага ўплыву блізу 800 з больш чым 1000 былі зачыненыя і пераабсталяваныя пад гаспадарчыя патрэбы. Цяперашнія манастыры — гэта збор раскошы і велічы, а перад асобнымі «помнікамі» адчуваеш сябе пясчынкай. Фатаграфаваць у бальшыні месцаў забаронена, але не зафіксаваць асобныя цуды проста немагчыма. Прыкладам, амаль 30-мэтровага Буду ў храме Гандан — адным з галоўных манастыроў Улан-Батара.

Буда ў храме Гандан

Буда ў храме Гандан

Храм — толькі футляр для Буды

Храм — толькі футляр для Буды

У адным з раёнаў Улан-Батара здалёк прыцягвае позірк Залаты Буда — нельга не заўважыць 20-мэтровую скульптуру, якая літаральна сьлепіць вочы. Хоць месца і называецца Паркам Буды, збольшага навакольле нагадвае зусім ня парк адпачынку, а будаўнічую пляцоўку. Для вернікаў тут засталіся толькі ступа ды барабаны, кручэньне якіх замяняе чытаньне мантраў. Дзеля справядлівасьці, культавым збудаваньням у сучасных умовах усё цяжэй супрацьстаяць наступу «высотак», і ў бальшыні выпадкаў старыя храмы аказваюцца заціснутыя гмахамі са шкла і бэтону. Такі лёс неўзабаве чакае і зімовы палац з культавымі збудаваньнямі апошняга хана Манголіі Богд-хана VIII Жаўзандамба. Цяпер гэта — музэй з найбагацейшай экспазыцыяй, якая паказвае побыт апошняй манаршай сям’і. А побач з вуліцай Сэул месьціцца яшчэ адзін будыйскі комплекс, які носіць гучную назву «Шаалінь-лама». Ягоныя суседзі — скрозь офісы ды дзелавыя цэнтры.

Залаты Буда ў аднайменным парку

Залаты Буда ў аднайменным парку

Рытуальны барабан

Рытуальны барабан

Прыстанішча апошняга хана Манголіі

Прыстанішча апошняга хана Манголіі

Крыважэрныя вобразы будызму

Крыважэрныя вобразы будызму

Непадрыхтаванаму турысту першы час ніякавата ў атачэньні іншага культу, абсалютна звыклага для мясцовага чалавека. Гэта культ свастыкі, які ў сьвядомасьці нашага пасьляваеннага пакаленьня ўстойліва асацыюецца з жахамі Другой усясьветнай вайны. Між тым свастыка як сымбаль хоць і мае шмат значэньняў, але традыцыйна нясе станоўчую нагрузку. Старадаўнія народы, якія выкарыстоўвалі падобны графічны вобраз, жывучы ў розных частках сьвету, лічылі свастыку сымбалем Сонца, сьвятла, жыцьця, дабрабыту. Продкі манголаў не былі выключэньнем і, суседнічаючы з магутнымі рэлігійнымі плынямі Індыі і Тыбэту, перанялі старадаўні сымбаль.

Для Эўропы — рызыкоўны сувэнір

Для Эўропы — рызыкоўны сувэнір

У сувэнірным аддзеле ЦУМу

У сувэнірным аддзеле ЦУМу

Убраньне шараговай «забягалаўкі»

Убраньне шараговай «забягалаўкі»

Гандлёвая рэкляма на вуліцы

Гандлёвая рэкляма на вуліцы

Пасьля таго як у ХХ стагодзьдзі з ініцыятывы Гітлера «Hakenkreuz» — «крыж з крукамі» — стаў сымбалем нацызму, у заходнім сьвеце свастыка пачала ўстойліва асацыявацца з гітлераўскай ідэалёгіяй. Манголы хоць і супраць фашызму, але старадаўніх традыцыяў не цураюцца. Свастычныя канфігурацыі можна разгледзець у самых розных месцах — ад музэйнай амуніцыі мангольскіх воінаў да інкрустацыі сучасных кавярняў. Свастыку можна ўбачыць нават на гіганцкім 11-мэтровым боце Чынгісхана, выстаўленым у мэмарыяле «Залатая пуга». Ня кажучы ўжо пра сувэнірную прадукцыю, процьма якой прадаецца ў кожнай краме.

Свастыка на Чынгісханавым боце

Свастыка на Чынгісханавым боце

Пячатка часоў Вялікай Арды

Пячатка часоў Вялікай Арды

Крыж на спартовых луках

Крыж на спартовых луках

Свастычны абярэг на стылізаваным шчыце

Свастычны абярэг на стылізаваным шчыце

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG