Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбурыць галівудзкія стэрэатыпы пра Ўкраіну


 Андрэй Прыймачэнка
Андрэй Прыймачэнка

Такую мэту ставіць перад сабой Андрэй Прыймачэнка, 24-гадовы ўкраінскі рэжысэр.

Напачатку ён зрабіў дасьледаваньне, як Украіна і ўкраінцы прадстаўленыя ў фільмах Галівуду. Вынікі аказаліся нясуцяшальнымі.

«Для прасоўваньня Ўкраіны на Захадзе мы павінны ведаць, перш за ўсё, што Захад думае пра Ўкраіну — кажа Прыймачэнка. — Вобраз Украіны ў амэрыканскіх фільмах і тэлевізійных шоў падаўся вельмі эфэктыўным спосабам высьветліць гэта».

Малады кіеўскі рэжысэр праглядзеў сотні стужак — камэдый, дэтэктываў, «мыльных опэр» і тэлеперадачаў.

Вынікам ягонай працы стаў паўгадзінны ролік, які ўяўляе сабой кампіляцыю фрагмэнтаў 89 розных фільмаў і тэлепраграмаў за 56 гадоў галівудзкага шоу-бізнэсу. «56 гадоў, 89 назваў і адзіны аповед пра Ўкраіну» — назва роліку. Гэты адзіны аповед, паводле Прыймачэнкі, даволі гнятлівы: «Украіна малюецца як месца, дзе вырабляюцца няякасныя тавары ці здараюцца вельмі кепскія рэчы. Украінскія мужчыны альбо бандыты альбо салдаты альбо поўныя дурні. Украінскія жанчыны, на жаль, фігуруюць у гэтых стужках альбо як прастытуткі альбо як непрывабныя бамбізы. З гэтых стужак паўстае вельмі непрывабны вобраз Украіны».


Прыймачэнка адзначае, што ў гэтых кліпах ў самым лепшым выпадку Ўкраіна — край фальклёрных танцаў, вясковых дзяўчат і таннай гарэлкі. А ў горшым — гняздо постсавецкай злачыннасьці і прастытуцыі, якое шырокім патокам пастаўляе на Захад прыбіральшчыц і кіроўцаў таксі.


У адным кліпе з камэдыі 1961 году «Адзін, два, тры» герой лае мае маладую манікюршчыцу: «Ты здаровая дзяўчына, табе трэба ня стрыгчы пазногці, а жаць пшаніцу ўва Ўкраіне».


У другой камэдыі «Джой», зьнятай у 2005 годзе, маладая жанчына прадстаўляецца, як адвакат, і чуе ў адказ: «Дарагая, мне ўсё роўна, кім вы былі б, калі б вярнуліся ўва Ўкраіну. Але зараз вы ў Амэрыцы і вы прыбіральшчыца».

Ролік Андрэя Прыймачэнкі — ня першая ягоная спроба разбурыць стэрэатыпы наконт яго суайчыньнікаў. Падчас Эўрамайдану ён і мастак Аляксандар Камякоў рабілі сэрыю партрэтаў удзельнікаў пратэстаў
— «тэрарыстаў»
, як іх называў тагачасны прэм’ер-міністар Мікалай Азараў.

Трэба, каб заходняя публіка больш даведалася пра вялікую краіну на ўсходняй ўскраіне Эўропы

Паводле рэжысэра, трэба шмат часу, каб зьмяніць заходняе ўяўленьне пра Ўкраіну і ўкраінцаў: «За апошнія паўгода мы паказалі, што мы — ня тыя людзі, якіх заходнія гледачы бачылі ў гэтых фільмах і шоў. Але паколькі больш за 50 гадоў нас малявалі менавіта такімі, то зразумела, што людзі на Захадзе такімі нас і ўспрымаюць».

Прыймаченка, які зараз навучаецца журналістыцы ў каталіцкім унівэрсытэце ўва Львове, зьвяртаецца да новага пакаленьня ўкраінскіх пісьменьнікаў і рэжысёраў з заклікам прасоўваць на Захад больш рэалістычныя ўяўленьні пра Ўкраіну і ўкраінцаў.

«Трэба, каб заходняя публіка больш даведалася пра вялікую краіну на ўсходняй ўскраіне Эўропы. У бліжэйшы час мы зьбіраемся стаць часткай гэтага заходняга сьвету, і было б вельмі добра для ўсіх нас, каб мы даведаліся больш адзін пра аднаго» — кажа Андрэй Прыймачэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG