Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст з турмы ў турму праз Свабоду: «Гэта наш 37-мы»


Лейла і Арыф Юнус.

Лейла і Арыф Юнус.

Азэрбайджанская праваабаронца Лэйла Юнус праз Радыё Свабода зьвярнулася зь лістом да свайго мужа Арыфа. Яны сядзяць у адным сьледчым ізалятары, але ў розных камэрах.

«Арыф, дарагі!

Ну вось, праз 36 гадоў нашага жыцьця з табой мы апынуліся ў розных камэрах ў розных зонах...

Мілы мой, ты хіба ня ведаеш, я ўсё вытрымаю: і страшны фізычны боль (ад халоднай вады ў мяне пайшоў запаленчы працэс) і ціск крымінальніцы зь вялікім стажам у камэры (дарэчы, яна родам з Гянджы, ізноў наша Гянджа нас падвяла) і нават візыты гэтых шакалаў з пракуратуры. Я вытрымліваю адсутнасьць перадачаў (ведаю, і ты зусім без перадачаў, бяз зьмены бялізны, лекаў). Я таксама бяз ежы і бяз лекаў. Уяўляеш, якімі шакаламі зьяўляюцца гэтыя усубавы, лембэранскія, што ім мала, што мы ў душнай камэры, яны нас яшчэ і голадам мораць і бяз лекаў. (Усубаў і Лімбэранскі — міністар ўнутраных спраў і пракурор — рэд.).

Але самае цяжкае — гэта тое, што ты ня побач. Мы ж амаль не расставаліся усе 36 гадоў!

Я не магу ня мець магчымасьці нават перагаварыць з табой у лістах, і я вырашыла пісаць табе гэтыя адкрытыя лісты. Як-небудзь яны дойдуць да цябе.

Ты ведаеш, мы прачыталі з табой усё — і Салжаніцына, і Варлама Шаламава, і Гросмана і Аксёнава. Мы з табой часта абмяркоўвалі, што адчуваюць муж і жонка, якіх ўзялі разам. А ў 1937 годзе іх было вялікае мноства.

Мы з табой проста не ўяўлялі, што ў XXI стагодзьдзі мы прыйдзем да рэпрэсій 30-х гадоў. Учора мне ўспомніліся словы Гросмана ў яго „Жыцьця і лёсу“. Ён піша пра пачуцьці вязьняў: „жудасная туга зьмяняецца бессэнсоўным опіюмам — аптымізмам...“ .

Як дакладна сказана пра аптымізм ў турмах аўтарытарных структураў. І яшчэ там жа: габрэі ў 1942 годзе ў лягерах перадавалі адзін аднаму дакладную інфармацыю: „Гітлеру перадалі жорсткі ультыматум — тэрмінова вызваліць усіх габрэяў“.


І людзі верылі ... Верылі, таму, што чапляліся за бессэнсоўны опіюм — аптымізм.

Мы з табой — рэалісты. „Палітыка — брудная справа“. Мы з табой усё разумеем. Як бы не склалася жыцьцё — самае жудаснае, што я не магу цябе бачыць. І гэта наш з табой 37-ы год.

Абдымаю,
Лэйла».

Лэйле і Арыфу Юнусам выстаўленыя абвінавачваньні ў здрадзе радзіме, ухіленьні ад падаткаў, махлярстве і вядзеньні незаконнага бізнэсу.

XS
SM
MD
LG