Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск адхіляе абвінавачваньні Масквы ў рээкспарце забароненага харчаваньня


18 жніўня кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данквэрт заявіў аб выяўленьні спробаў рээкспарту празь Беларусь эўрапейскіх гародніны і садавіны, забароненых у РФ. "Некаторыя краіны Эўразьвязу пачалі адпраўляць у Беларусь прадукцыю, не паказваючы рэальную краіну паходжаньня. Пішуць, напрыклад,"Македонія", а мы высьветлілі, што гэта Польшча і Грэцыя, таму што няма пацьверджаньня македонскага паходжаньня« — сказаў Данквэрт.

Ён нагадаў, што ва ўмовах санкцый фітасанітарная сэртыфікацыя транзытных эўрапейскіх грузаў ляжыць на Беларусі. «Калі мы выявім каранцінныя аб’екты, мы будзем уводзіць абмежаваньні на пастаўкі зь Беларусі» — папярэдзіў кіраўнік Рассельгаснагляду.

19 жніўня Рассельгаснагляд апублікаваў паведамленьне, у якім прывёў канкрэтныя выпадкі спробаў увозу забароненай да паставак у Расею расьліннай прадукцыі. «У выніку мерапрыемстваў па прадухіленьні ўвозу ў Расею забароненай да паставак расьліннай прадукцыі на ўчастку аўтадарог М13 Бранск — Навазыбкаў (Бранская вобласьць) і М1 Масква — Менск (Смаленская вобласьць) у пэрыяд з 11.08 па 15.08. 2014 спыненая спроба ўвозу такой прадукцыі ў 11 выпадках агульнай вагой больш за 93 тоны» — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

«Зь іх у дзевяці выпадках выяўленая прадукцыя неўстаноўленага фітасанітарнага стану без суправаджэньня фітасанітарных сэртыфікатаў, у тым ліку паходжаньня з краін ЭЗ у чатырох выпадках з дзевяці, а ў двух выпадках — забароненая да ўвозу з краін паходжаньня Вугоршчына і Гішпанія ў суправаджэньні фітасанітарных сэртыфікатаў, выдадзеных Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй па насеньняводзтву, каранціну і ахове расьлін Рэспублікі Беларусь пасьля ўступленьня ў сілу харчовага эмбарга » - гаворыцца ў паведамленьні.

«Гэта сьведчыць аб няздольнасьці Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтву, каранціну і ахове расьлін Рэспублікі Беларусь кантраляваць перамяшчэньне прадукцыі, у тым ліку прызначанай для Расеі, што ў сваю чаргу з-за неадназначнага падыходу і адсутнасьці адзінага пераліку каранцінных аб’ектаў і адзіных каранцінных фітасанітарных патрабаваньняў Мытнага саюзу пацягне за сабой пагрозу харчовай бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі » - заявіў Рассельгаснагляд.

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарчу Беларусі Аляксей Багданаў заявіў, што беспадстаўнасьць прэтэнзій расейскага боку пацьвердзілася ў выніку дэталёвага разгляду дакумэнтаў, якія паступілі з Масквы.

Паводле Багданава, высьветлілася, што частка сэртыфікатаў на груз, які перасоўваўся празь Беларусь, была выпісаная да ўступленьня ў сілу расейскага эмбарга, а частка грузу падпадала пад дзеяньне заканадаўства аб памежным гандлі, згодна зь якім гэтыя дакумэнты выпісваць ня трэба. Такім чынам, рэзюмаваў прадстаўнік Мінсельгасхарчу, факты, выкладзеныя Рассельгаснаглядам, ёсьць, але ўсе яны былі абсалютна законнымі.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарчу падкрэсьліў, што Беларусь жорстка кантралюе мяжу ў пляне недапушчэньня рээкспарту забароненых у Расеі тавараў. «Расея — наш асноўны партнэр, і псаваць адносіны мы з ёй не зьбіраемся, і нават думаць не будзем пра гэта» — запэўніў Аляксей Багданаў.

XS
SM
MD
LG