Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адна зь бібліятэк спрабуе завабіць чытачоў на «тэрыторыю беларускага чытаньня», выкарыстоўваючы папулярнае ў моладзі паняцьце «тэгі».

Беларуская мова ў вонкавым афармленьні бібліятэк — хутчэй выключэньне. Найчасьцей бібліятэчныя вітрыны расьпісваюць па-расейску, а ўвагу чытачоў прыцягваюць, выстаўляючы кнігі на расейскай мове.

На вонкавае афармленьне бібліятэкі ў магілёўскім мікрараёне Мір-2, як кажуць ейныя супрацоўнікі, зьвярнуў увагу ня толькі журналіст. Паводле бібліятэкараў, вітражная беларускамоўная выстава на ўваходзе ў чытальню стымулюе цікавасьць наведнікаў да беларускай літаратуры. Выкарыстаньне ж папулярнага ў асяродзьдзі моладзі паняцьця «тэгі», лічаць супрацоўнікі бібліятэкі, надае гэтай цікавасьці асаблівае значэньне.

Выстава называецца: «Дзесяць клясычных твораў беларускай літаратуры, трансфармаваных у аблокі тэгаў». На экспанатах — словы, якія найчасьцей ужываюцца ў творах беларускіх клясыкаў, прадстаўленых на выставе.

«Для падлеткаў 14–15 год цікава, ці насамрэч столькі слоў выкарыстоўваецца ў тым ці іншым творы, — адзначае супрацоўніца бібліятэкі. — Яны бяруць чытаюць, некаторыя нават пералічваюць словы — тым самым яны перачытваюць літаратуру беларускую. Мы стараемся праз такую неардынарную форму нагадаць чытачам, што ёсьць яшчэ беларуская літаратура».

Бібліятэкарка ня ўтойвае, што ідэю выставы падгледзелі ў інтэрнэце на сайце адной зь менскіх чытальняў ды крыху яе падпрацавалі. Вынікам задаволеная. Цікавасьць да беларускай літаратуры за час выставы ўзрасла. Суразмоўніца, аднак, прызнаецца, што найбольш запатрабаванымі ў чытачоў застаюцца творы школьнай праграмы.

Пра тое, што беларускамоўнае афармленьне бібліятэк падахвочвае цікавасьць чытачоў да беларускай літаратуры, кажуць і ў іншых гарадзкіх чытальнях. Бібліятэкары, аднак, прызнаюцца, што выкарыстоўваюць беларускую мову хутчэй прынагодна. Тым ня менш і гэта спрыяе інтарэсу:

«Вось, напрыклад, стаіць кніжка проста на паліцы, і ніхто на яе не зьвяртае ўвагі, — тлумачыць супрацоўніца адной зь бібліятэк. — А вось калі мы ставім выставу, неяк арыгінальна яе падаем, то ў людзей выклікае яна ўвагу».

У кожнай бібліятэцы ёсьць група чытачоў, якія бяруць кніжкі толькі на беларускай мове. Такія суполкі невялікія, кажуць у бібліятэках. «У нас адна такая чытачка дакладна ёсьць. Яна прыходзіць — з намі гаворыць толькі па-беларуску. І бярэ беларускую літаратуру», — кажа супрацоўніца бібліятэкі. Што да запатрабаванасьці кніг на беларускай мове, то суразмоўніца адзначае: «У прынцыпе, у нас бяруць беларускую літаратуру, менавіта беларускую. Але гэта абмежаваная колькасьць чытачоў».

На думку наведнікаў бібліятэк, беларускія кніжкі стануць запатрабаванымі, калі іх будуць рэклямаваць. Некаторыя зазначаюць, што ў беларускіх бібліятэках зашмат кніжак расейскіх.

«Расейскай літаратуры шмат. Шмат беларусаў аддаліся расейскай мас-культуры, — мяркуе сталага веку чытач магілёўскай абласной бібліятэкі. — Сур’ёзная літаратура ў Беларусі выдаецца. Я вось чытаю часопісы „Полымя“, „Маладосьць“ і газэту „ЛіМ“. Там шмат чаго цікавага, але гэта варта рэклямаваць».

Студэнтка магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова наведала абласную бібліятэку, каб падрыхтавацца да навучальнага году. Яна чытае беларускую літаратуру. З жалем прызнае, што мала хто зь ейных аднагодкаў чытае кнігі на беларускай мове. На яе думку, для папулярызацыі беларускіх кніг амаль нічога ня робіцца:

«Трэба, відаць, зьвяртацца да нашых вялікіх дзеячаў, каб яны зацікавілі неяк моладзь. Калі запытацца цяпер пра нашых беларускіх пісьменьнікаў, то мала хто назаве іх. Ну, можа, Якуб Колас. А сучасных аўтараў мала хто ведае».

Яшчэ адзін наведнік абласной бібліятэкі прызнаўся, што не чытае беларускіх кніг, бо ня ведае беларускай мовы. Ён нядаўна прыехаў з Расеі. Тым ня менш зазначыў, што беларуская літаратура яго цікавіць. Выказаў суразмоўца і зьдзіўленьне: яму незразумела, чаму беларусы мала чытаюць па-беларуску і амаль не гавораць на сваёй мове. Патлумачыць гэты фэномэн ён ня можа, але адзначае: «Мо працэнтаў дзесяць і хочуць гаварыць па-беларуску, але бальшыня, нават калі і вучыліся, то наўрад ці змогуць сказаць правільныя словы беларускія, бо ніхто ж не гаворыць. Каб гаварыць прыгожа і зразумела, трэба гаварыць кожны дзень».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG