Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сур’ёзныя перамовы аб міры ў Данбасе пачнуцца месяцы праз тры


Менскі вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін перакананы, што нейкага рэальнага выніку ад перамоваў паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі 26 жніўня чакаць не варта.

Вайна ў Данбасе стала партызанскай і гэта паўплывае на вынікі перамоваў, перакананы Аляксандр Алесін:

«Сэпаратысты пачалі манэўраную вайну. Яны перасталі трымаць фронт, як раней, і, каб ня быць атакаванымі авіяцыяй і артылерыяй украінскай арміі, не заседжваюцца на адным месцы. Як бы ўпускаюць часьці ўкраінскае войска і Нацыянальную гвардыю ў населеныя пункты, а потым нападаюць з тылу: б’юць па калёнах забесьпячэньня, нападаюць на пазыцыі артылерыстаў і гэтак далей. То бок яны вядуць манэўраную лятучую вайну, а ўкраінская армія б’е ўжо па пазыцыях, які кінутыя. З-за гэтага вялікія разбурэньні, снарады трапляюць у жылую забудову, ёсьць

Сэпаратысты пачалі манэўраную вайну. Яны перасталі трымаць фронт, як раней, і, каб ня быць атакаванымі авіяцыяй і артылерыяй украінскай арміі, не заседжваюцца на адным месцы

страты сярод мірных жыхароў. Такая вайна вельмі моцна абяскроўлівае нападнікаў, бо пад удары ў іх трапляюць самыя неабароненыя часткі баявых парадкаў, і таму гэта можа цягнуцца вельмі доўга. Тым больш, калі ёсьць падмацаваньне з усходу сьвежым кантынгентам, боезапасам і зброяй.

Зь іншага боку, і сярод кіраўнікоў украінскай арміі, Нацыянальнай гвардыі і камандзіраў добраахвотніцкіх батальёнаў няма жаданьня адступаць. Сярод іх таксама склалася вайсковае лобі, якое стаіць за завяршэньне Антытэрарыстычнай апэрацыі без адкладу на чарговыя перамовы. Таму мой прагноз досыць пэсымістычны наконт заканчэньня вайны — гэта адбудзецца ня хутка».

Карэспандэнт: «Калі з гэтым згодныя і палітыкі, ці ня гэта падштурхнула іх сесьці за стол перамоваў?»

Наўрад ці Лукашэнка гэтак аўтарытэтны для Парашэнкі. Справа ў тым, што шмат якія крэдыты і фінансавая дапамога абяцаныя Парашэнку ў выпадку, калі сытуацыя будзе стабілізаваная. Пакуль ідуць ваенныя дзеяньні, вельмі мала тых, хто гатовы пазычаць грошы Ўкраіне

«Мяркую, тут найперш ціск з боку Эўразьвязу. Наўрад ці Лукашэнка гэтак аўтарытэтны для Парашэнкі. Справа ў тым, што шмат якія крэдыты і фінансавая дапамога абяцаныя Парашэнку ў выпадку, калі сытуацыя будзе стабілізаваная. Пакуль ідуць ваенныя дзеяньні, вельмі мала тых, хто гатовы пазычаць грошы Ўкраіне. Таму, мяркую, ініцыятарам перамоваў найперш стаў Эўразьвяз, які зацікаўлены ў надзейным транзыце энэрганосьбітаў ва ўмовах зімы, — гэта першае. Другое, — гэта ж гарачая кропка. А мы ведаем прыклад Сырыі, калі экстрэмісты з краін Эўропы ў гарачых кропках набываюць баявы вопыт, зброю, і ў выніку нестабільнасьць пераносіцца ў тыя краіны, адкуль яны выехалі. Гэта для Эўропы таксама вельмі непажадана. Таму, мяркую, перамовы адбудуцца пад ціскам Эўразьвязу, але адносна іх вынікаў мой прагноз пэсымістычны. Тое, пра што я казаў вышэй, — гэта што сілы бакоў яшчэ не патрачаныя. Яны яшчэ не стаміліся ад збройнай барацьбы да такой ступені, каб спыніцца, як тыя два баксёры, якія ў канцы бойкі павісьлі адзін на адным і ня могуць адарвацца. Не, сілы яшчэ не растрачаныя. Таму, мяркую, сама меней тры месяцы сытуацыя будзе ў такім прамежкавым стане, і толькі потым пачнуцца сур’ёзныя перамовы».

XS
SM
MD
LG