Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фэстываль «Казантып» пераехаў з Крыму ў Грузію


Падрыхтоўка да фэстывалю

Падрыхтоўка да фэстывалю

Фэстываль электроннай музыкі «Казантып» (Каzантип) сёлета праходзіць у Грузіі, а не ў Крыме, як традыцыйна. Ён адкрываецца сёньня і працягнецца да 30 жніўня. Пра «Казантып», які стаў «Грузантыпам» — рэпартаж карэспандэнта Свабоды Георгія Кабаладзэ.

У сераду ў курортным мястэчку Анаклія на чарнаморскім узьбярэжжы Грузіі адкрываецца дзесяцідзённы фэстываль электроннай музыкі «Казантып», які больш за 20 гадоў адбываўся ў Крыме і быў адным зь яго культурных знакаў. У фэстывалі возьмуць ўдзел каля 30 тысяч маладых людзей з Грузіі, Расеі, Ўкраіны і Беларусі. Грузінскія ўлады разьлічваюць на разьвіцьцё курорта і працаўладкаваньне жыхароў дэпрэсіўнага рэгіёну Самэгрэла. З пратэстамі выступіла Грузінская праваслаўная царква, абвінаваціўшы арганізатараў фэстывалю ў «насаджэньні распусты і наркаманіі».

Да далучэньня Крыму да Расеі фэстываль «Казантып» быў пляцоўкай рэйву і электроннай музыкі, якія прывабліваюць у тым ліку і эўрапейскую моладзь. У траўні гэтага года пасьля разгону АМАПам сходу актывістаў фэстывалю, а таксама пагрозаў ад Фэдэральнай службы Расеі па барацьбе з абаротам наркотыкаў і судовых прыставаў, арганізатары «Казантыпу» зьвярнуліся да ўладаў Грузіі з просьбай выдзеліць тэрыторыю для фэстывалю. На зьмену краіны правядзеньня дасьціпна адрэагавала група Comedy Club, пераназваўшы фэстываль у «Грузантып».

Было абрана мястэчка Анаклія на чарнаморскім узьбярэжжы ля мяжы з Абхазіяй. Тут часта праводзіліся моладзевыя мерапрыемствы (праўда, не такога маштабу, як «Kaзантып») — былы прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі разьлічваў даць стымул разьвіцьцю рэгіёну Самэгрэла, які мяжуе з Абхазіяй, і прыцягнуць абхаскую моладзь.



Былы кіраўнік агенцтва па турызьме міністэрства эканамічнага разьвіцьця Георгі Сігуа падпісаў пагадненьне з прэзыдэнтам «Рэспублікі Казантып» Мікітам Маршунком, і рэгіянальныя ўлады прыступілі да работ па паляпшэньню інфраструктуры — у Анаклія ніколі не прыяжджала столькі гасьцей.

Мясцовыя жыхары ўзрадаваліся будучаму наплыву турыстаў, разьлічваючы на вялікія даходы: многія ўзялі крэдыт у банку, каб добраўпарадкаваць свае дамы і нават двары з разьлікам здаць у арэнду пакои і тэрыторыю для ўстаноўкі намётаў.

Па-іншаму тое, што адбываецца, ўспрынялі ў Грузінскай праваслаўнай царкве (ГПЦ). Гіерархі ГПЦ заклікалі на казаньнях не толькі не ўдзельнічаць у мерапрыемстве, але «актыўна выступіць супраць насаджэньня распусты».

Журналістка Нана Дэвдарыяні заявіла Радыё Свабода, што абурэньне вернікаў, на яе думку, апраўданае, паколькі фэстываль з неадназначнай рэпутацыяй праводзіцца ў дні цяжкага паста:

Дэвдарыяні: Эўрапейцам цяжка зразумець тое, што адбываецца, таму што пост у заходняй царкве не выконваюць ўжо вельмі даўно Але ў Грузіі з 14 па 28 жніўня — пост у гонар Сьвятой Багародзіцы. Так што рэакцыя зразумелая, таму што пост — гэта ўстрыманьне, а не толькі адмова ад мясной і іншай ежы. Я ведаю, што быў такі фэстываль рок-музыкі Вудсток. Але і ў ЗША ня ўсе былі ў захапленьні ад таго, што там адбывалася. так што ня трэба ўсё прадстаўляць так, нібыта толькі ў Грузіі нэгатыўная рэакцыя. І ў ЗША для многіх гэта было непрымальна, асабліва распушчанасьць ў сэксуальным пляне і вольнае абыходжаньне з наркотыкамі. Арганізатары абяцаюць, што нічога падобнага ў Анаклія не будзе. Паглядзім. Прынамсі абурэньне мне цалкам зразумелае. Адны захапляюцца, іншыя абураюцца. На маю думку, нічога ў гэтым дзіўнага няма.

Пратэсты пад агульным лёзунгам: «Не дамо ператварыць Анаклія ў Садому і Гамору» сабралі натоўп незадаволеных на мяжы «Рэспублікі Казантып». Паліцыянты ледзь здолелі стрымаць націск людзей, якія пры ўдзеле сьвятароў мясцовых цэркваў спрабавалі прарвацца ў сяло Ганмухуры, дзе ішлі работы па будаўніцтве сцэны і падрыхтоўкі апаратуры.

Рэлігійна настроеныя грамадзяне пакляліся не дапусьціць правядзеньня фэстывалю. Цэнтральныя ўлады прынялі меры засьцярогі: у Анаклія мабілізаваныя тысячы паліцыянтаў, людзей прапускаюць на тэрыторыю «Рэспублікі Казантып» пасьля дбайнай праверкі, у тым ліку мэталядэтэктарамі.

Апошнія дні ў цэрквах ідуць набажэнствы за выкупленьне грахоў удзельнікаў фэстывалю і за выратаваньне Грузіі ад Боскага гневу. Некаторыя царкоўныя дзеячы палохаюць землятрусамі і патопам, у выніку чаго Анаклія і ўсё Самэгрэла пакрые моры, як Садом і Гамору.

Рэктар унівэрсытэту Ільлі Гігі Тевзадзе упэўнены, што такая рэакцыя царквы сьведчыць аб памяншэньні яе рэальнага ўплыву ў краіне:

Тэвзадзэ: Царква зараз губляе ўплыў, гэта відавочна. Падчас апошніх выбараў у Грузіі царква паспрабавала капіталізаваць сваю ўладу, і аказалася, што рэальнай улады ў яе значна менш, чым сымбалічнай. Падзеі вакол «Казантыпу» паказваюць, што царква спрабуе набыць рэальную ўладу. Але дасягнуць гэтага будзе вельмі цяжка У рэшце тут замяшаныя эканамічныя інтарэсы насельніцтва. Так што, на мой погляд, гэтая задача недасягальная.

Улады не маглі не адрэагаваць на пратэст царквы. Міністар эканомікі дэманстратыўна адправіў у адстаўку кіраўніка агенцтва па турызьме Георгія Сігуа, але забараняць «Казантып» ня сталі.

Прэзыдэнт «Рэспублікі Казантып» Мікіта Маршунок публічна абяцаў, што распаўсюджваньне наркотыкаў на фэстывалі будзе жорстка спыняцца. Што тычыцца абвінавачваньняў у распусьце, то Маршунок параіў пратэстоўцам не выступаць супраць каханьня, паколькі «ўсе яны таксама зьявіліся на сьвет дзякуючы сэксу».

Ўваходны квіток у «Рэспубліку Казантып» каштуе каля 200 долараў. Грузінская моладзь актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемстве. Прынамсі, такой актыўнасьці ў Анаклія ніколі не было. Арганізатары абяцаюць, што фэст адбудзецца на вышэйшым узроўні, а Анаклія ператворыцца ў адзін з самых папулярных курортаў на чарнаморскім узьбярэжжы.

XS
SM
MD
LG