Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Мэта Пуціна па перамовах у Менску — пакінуць за Расеяй Крым


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

26 жніўня ў Менску адбудзецца сустрэча Пятра Парашэнкі, Уладзімера Пуціна, прадстаўніцы Эўразьвязу Кэтрын Эштан, Нурсултана Назарбаева і Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька гэтак ацаніў пэрспэктывы сустрэчы ў справе спыненьня вайны ў Данбасе?

«Пакуль няма падстаў гаварыць пра нейкія якасныя паказчыкі, толькі пра колькасныя. Колькасьць рэпартажаў, публікацыяў, камэнтароў значна павялічыцца. Але па сутнасьці хуткіх зьменаў ня будзе. Палітыкам трэба дэманстраваць хоць маленькія, але крокі наперад. А калі іх няма, то складаецца ўражаньне, што гэта неэфэктыўныя палітыкі. Усе хочуць паказаць, што рухаюцца наперад — такая тактыка, але яна не прывядзе да хуткіх сапраўдных зрухаў. Нехта арыентуецца на парлямэнцкія выбары, якія будуць ва Ўкраіне, нехта арыентуецца на грамадзкую думку ў краіне».

Карэспандэнт: «А навошта, на вашу думку, паедзе ў Менск Уладзімер Пуцін? Падтрымка грамадзкай думкі ў Расеі ў яго як ніколі вялікая. Навошта яму ехаць і дамаўляцца пра мір, калі на ўсходзе Ўкраіны яшчэ не здабытая перамога?»

«Пуцін спрабуе контратакаваць Эўропу. Яму закрывацца нявыгадна, ён мусіць дэманстраваць, што нібыта таксама за мір. Але пакуль будуць ісьці перамовы, якраз магчымыя больш інтэнсіўныя дзеяньні расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне. Але для той часткі эўрапейскага электарату, якая вагаецца, яму трэба дэманстраваць, што ён нібыта за мір і згодны на перамовы. У Расеі сёньня дастаткова добра адпрацаваны прапагандысцкі складнік, яны задзейнічаюць амбасады, нават няўрадавыя арганізацыі, мэдыі на поўную моц. Такім чынам Пуцін змагаецца ня толькі за падтрымку ўнутры краіны — і пасьля гэтых перамоваў падтрымка ўзрасьце, — але ён спрабуе павялічыць падтрымку і ў Эўропе, якая застаецца вельмі важнай для Расеі, найперш дзеля эканамічных аспэктаў».

Карэспандэнт: «Ён гэтак паспрабуе дамагчыся адмены санкцыяў?»

«Натуральна. Бо для Расеі найбольшая небясьпека, якая цяпер існуе ад канфлікту, — гэта небясьпека ад эканамічных санкцыяў. Хай пакрысе, але яны робяць сваю справу. Таму ён тут будзе задзейнічаць усе мажлівасьці: і дыпляматыю, і контратакі санкцыямі, і гатоўнасьць уступаць у адкрытую дыскусію».

Карэспандэнт: «Як вы мяркуеце, а чым Пуцін гатовы ахвяраваць на перамовах? Забаронай на ўвоз прадуктаў харчаваньня з Эўропы гатовы ахвяраваць?»

«У выніку можа. Бо гэтае эмбарга з боку Расеі б’е больш па самой Расеі. Таму для яго вельмі важна пачаць паніжаць узровень санкцыяў.

Ягоная мэта — пакінуць за Расеяй Крым і захаваць рэжым дэстабілізацыі ўва Ўкраіне настолькі доўга, наколькі магчыма.

Мяркую таксама, будзе зроблена спроба інтэграваць адначасова Ўкраіну і ў Мытны зьвяз, і ў Эўразьвяз. Але празь якія мэханізмы? Гэта, відаць, будзе ў партфэлі ў Пуціна ў Менску. Наколькі гэта атрымаецца? На мой погляд, гэта абсалютна немагчыма, бо гэта абсалютна неспалучальныя рэчы, як рухавік ад „Жыгулёў“ з „Мэрсэдэсам“. Але, тым ня менш, Расея будзе шукаць мажлівасьці неяк захаваць эканамічную прывязку Ўкраіны да Расеі. Калі яна захоўваецца, у іх заўсёды застанецца мажлівасьць узбуджаць сытуацыю і нават даводзіць яе да канфлікту».

Карэспандэнт: «Ці ўдасца зараз у Менску дамовіцца пра спыненьне ваенных дзеяньняў на паўднёвым усходзе Ўкраіны?»

«Для Пуціна, мяркую, вельмі важна паказаць, што тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — гэта іх унутраная справа, і што яна ня мае адносін да Расеі. Праўда, у гэта ўжо даўно ніхто ня верыць з сур’ёзных палітыкаў. Думаю, што будзе прапанаваны неякі сьпіс плянаў, і калі ён будзе прыняты, то Расея возьме на сябе нейкія абавязаньні з прывязкай да часу. Але наколькі гэта ўдасца выканаць, сказаць вельмі цяжка. Вядома, канфлікт, які ідзе ўва Ўкраіне, бязь зьнешняй падтрымкі Расеі згасьне на працягу 1–2 месяцаў. Таму, калі будуць прынятыя нейкія абавязаньні па ўрэгуляваньні канфлікту, то па часе яны будуць карацейшыя за гэты тэрмін».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG