Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаў пэнсіянэрам, не падазраючы, у якую сацыяльную яму мяне выкінулі»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 20 жніўня 2014 году

За вакном — жнівень. На маленькіх кірмашах, дзе гандлююць беларускімі вясковымі прысмакамі, зьявіліся першыя яблыкі і грушы. Пасьля спорных дажджоў зноў можна знайсьці грыбы. А яшчэ гэты час — традыцыйны сэзон варанай кукурузы: яе прапануюць і легальныя, і нелегальныя гандляры ледзь не на кожным скрыжаваньні. Кукурузны сэзон пачаўся з кошту 3 тысячы рублёў за кіях. Летась прадавалі за 2 тысячы. І фактычна ўся кукуруза — крадзеная з калгасных палёў: на прыватных участках гэтую культуру амаль не вырошчваюць. Пачну сёньняшнюю размову з гэтай тэмы.

Пачуўшы ў эфіры Свабоды рэпартаж пра гандаль крадзенай кукурузай, у рэдакцыю напісаў наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну (цытую ліст):

«Гарачая кукурузна-кіяшная тэма ў нашай „рэспубліцы“ нагадала мне, старому кіяшнаму экспрапрыятару, пра адно апавяданьне з 2008 году. Тады я стаў пэнсіянэрам, не падазраючы, у якую сацыяльную яму мяне выкінулі.

Быў цудоўны ціхі верасьнёўскі ранак, я ехаў на лісапеці з паўмяшком кіяшоў і падумаў: а што б было, каб мяне спаймалі? Пакуль я ехаў — а гэта хвілін 5–6 па шасейцы — я прыдумаў апавяданьне. Дома я збольшага яго запісаў, шчэ пару ранкаў дарабляў. Апавяданьне я даваў чытаць сябрам і не спрабаваў яго дзе-небудзь друкаваць.

Дадатак да апавяданьня мае хвакультатыўны характар і служа для выказваньня маёй агіды да нашага жыцьця.

Дасылаю свой опус вам. Я чуў, што Радыё Свабода цікавіцца тэмай, чаму крадуць кіяшы. Дзяржава разбойна ўкрала ў мужыка ўсё, уключна з доляй. А тут нейкія кіяшы... Саромейцеся, панове! „Які вас выклікаў прымус?!“

Дарэчы, ураджай кіяшоў сёлета ў нас у Рудабельскім раёне — нікчэмны. Лічы, прапалі кіяшы».

Заўважу, што ў вёсках, аддаленых ад буйных гарадоў, кукурузу з калгаснага поля мясцовыя жыхары нясуць не на продаж, а пераважна для ўласных патрэбаў — на корм свойскай жывёле. У апавяданьні, што даслаў спадар Мікалай, галоўны герой — былы настаўнік замежных моў, а цяпер пэнсіянэр — вёз на ровары з поля мех з кукурузай менавіта дзеля такіх мэтаў. І быў злоўлены калгасным начальнікам. Цалкам пераказаць апавяданьне мы, на жаль, ня маем магчымасьці. Працытую толькі фінал, у якім дырэктар, пасьля роздуму пра тое, як пакараць зламысьніка, прыйшоў да наступнай высновы:

— От што, — прамовіў дырэктар. — Каб выкупіць сваю правіну, прыйдзеш і запішасься на збожжаток на пятнаццаць дзён. Болей за дзесяць дзён там людзі не трымаюцца. Нам трэ кадры.

Стары маўчаў. Потым апусьціў руку ў кішэню шальвар і скруціў там дулю.

Дырэктар бразнуў дзьверцамі, і ягоная службовая «Ніва» папулярнага колеру «сьвітаньне над Ведрыччу» — сукравіца з сырадоем — пакацілася па новай шасейцы.

Настаўнік уздыхнуў, вярнуўся да мяшка, ускінуў яго на лісапетку і таксама паехаў дадому.

Лісапетка была старая і іржавая: хваробы ў старых, сапраўды, нятанныя«.

З прычыны вялікага распаўсюду кукурузных крадзяжоў сёлета з адмысловымі папярэджаньнямі і застрашваньнямі выступіла кіраўніцтва беларускай міліцыі. Маўляў, нават за адзін скрадзены кіях штраф можа вымярацца больш як мільёнам рублёў.

Я ў гэтай сувязі згадваю карціну, якую назіраю ў розных кутках Беларусі амаль штогод. Едзеш позьняй восеньню на машыне, а ўздоўж дарогі — няўбранае поле зжаўцелай, збуцьвелай кукурузы. Бывае, ужо і сьнег ляжыць, і мароз прыціснуў... Дык што, ці не пашле ў адпаведнасьці з новымі дырэктывамі кіраўніцтва МУС міліцыянтаў на такія палі? Няхай бы палічылі ўсе кіяхі і выпісалі нядбайнаму старшыні абяцаны штраф — па 100 даляраў за кіях — за марнаваньне народнай уласнасьці.

Па-ранейшаму нямала ў нашай пошце допісаў на тэму вайны на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Наш слухач Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну, працяглы час назіраючы за тым, што адбываецца ў паўднёвых суседзяў, прыйшоў да такой высновы (цытую ліст):

«Няўжо не зразумела, што асноўная маса ўкраінцаў — ніякія не бандэраўцы, не пятлюраўцы? Проста яны захацелі мець такую ўладу, якая б складалася не са злодзеяў і прайдзісьветаў. Што ў гэтым заганнага? І чаму б было Маскве, пасьля таго як у Кіеве з дапамогай Майдана гэтых злодзеяў прагналі, — не падтрымаць змагарных украінцаў? Гэта ж было б зусім лягічна. Але ж замест гэтага Масква пачала змаганьне за даўно памерлае і відавочна бессэнсоўнае — за загінулую імпэрыю, якая працягвае распадацца і атручваць навакольле сваім трупным смуродам. Украіна якраз і спрабуе ад гэтага трупа адарвацца, каб не атруціцца і не загінуць.

Тое, што цяпер адбываецца з расейцамі — гэта гарачка, высокая тэмпэратура (я б назваў яе ІМПЭРАтура), мо перад тым, як выздаравець ці згінуць.

Розумам, канечне, Расею не зразумець і не адолець. Дый зброяй яе адолець вельмі цяжка. Добрага жыцьця большасьць расейцаў ніколі ня ведала і не паспытала. Можа, таму гэтак лёгка і выпраўляецца на вайну — нібы на працу. І так за пакаленьнем пакаленьне — то з туркамі, то са швэдамі, то з французамі, то зь немцамі. А цяпер вось нават з народам этнічна, культурна, гістарычна вельмі блізкім — і, па сутнасьці, толькі таму, што народ гэты скінуў са свайго карку злодзея і пажадаў называцца народам, нацыяй».

Калі б украінцы проста выгналі прэзыдэнта-злодзея ды ягоных памагатых — Масква, можа, яшчэ і сьцярпела б, — але толькі пры ўмове, што на гэтае месца прыйшоў бы новы ейны стаўленік, павернуты галавой выключна на Ўсход. А вось тое, што ўкраінцы зрабілі свой выбар на карысьць эўрапейскіх каштоўнасьцяў, Эўрапейскага Зьвязу — гэтага Масква дараваць Кіеву не магла. Бо якая ж новая імпэрыя, які «Русский мир», якая «Историческая Россия» — калі ў ёй няма Ўкраіны?

На гэтую ж тэму — ліст ад Віталя Макаловіча зь вёскі Няловы Валожынскага раёну. Слухач піша:

«Па-ранейшаму праслухоўваю вашы радыёперадачы: прыемна атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і ў сьвеце.

Найчасьцей пагаджаюся з вашымі ацэнкамі падзеяў — асабліва ва Ўкраіне. Там нахабнае ўмяшаньне Расеі спачатку ў Крыме, а потым на Данбасе прывяло да вялікай бяды. Але ўкраінцы ў гэтай сытуацыі трымаюцца годна. Калі б такі ж дружны народ быў у нас — ня стала б Беларусь цалкам русыфікаванай краінай. На жаль, і я сам вымушаны падпарадкавацца гэтаму працэсу — каб не выглядаць белай варонай. Вось і гэты ліст пішу па-расейску. Але справа, мяркую, ня толькі ў мове, але і ў ладзе мысьленьня, у сьветапоглядзе, у мэнталітэце...».

Вядома, спадар Віталь, справа ня толькі ў мове. І ўсё ж яна — вельмі істотны фактар, асабліва на этапе постімпэрскага станаўленьня незалежнай дзяржавы. Ня стане беларускай мовы — дык чым Беларусь будзе адрозьнівацца ад Смаленскай ці Бранскай абласьцей Расеі? І навошта ў такім разе беларусам незалежная дзяржава, калі дэ-факта яны ўжо зрабіліся часткай таго «Русского мира», пра які так марыць Уладзімер Пуцін?

І на заканчэньне — некалькі кароткіх водгукаў на зборы лістоў, якія нядаўна выйшлі асобнымі выданьнямі ў нашай сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Наш слухач Андрэй Паско зь Берасьця піша:

«Шчыра дзякую за дасланыя кнігі — яны мне нагадалі многія адметныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі на працягу мінулага дзесяцігодзьдзя. Усе гэтыя гады я зь няспыннай цікавасьцю слухаў ваша радыё. Слухаю і цяпер. Посьпехаў у вашай нялёгкай працы. Веру, што яна дасьць свой плён і мы яшчэ пажывем у новай дэмакратычнай Беларусі».

І яшчэ адзін ліст — яго даслаў наш даўні слухач і аўтар Віктар Лісоўскі зь Менску. Ён піша:

«Атрымаў ад вас кнігу „Лісты пра Свабоду“, вялікі дзякуй. У мяне ўжо назьбіралася большасьць кніжак зь „Бібліятэкі Свабоды“. Цяпер чытаю ў інтэрнэце ўрыўкі з новай кнігі Сяргея Навумчыка „Дзевяноста чацьверты“. Спадзяюся пасьля выданьня атрымаць і яе».

Так, спадар Віктар, і вы, і многія іншыя нашы актыўныя слухачы па-ранейшаму будзеце атрымліваць кніжныя навінкі, якія працягваюць зьяўляцца ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG