Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяць Бандэры – пра апаганьваньне магілы лідэра АУН


Акт вандалізму адносна магілы лідэра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) Сьцяпана Бандэры ў Мюнхэне адбыўся 17 жніўня. Хто, на думку сям’і Сцяпана Бандэры, мог гэта зрабіць? Ці гэта так званыя «абураныя санкцыямі расейскія турысты», ці, магчыма, тамтэйшыя спэцслужбы, якія ўжо ня раз і пры жыцьці Сьцяпана Бандэры, і пасьля яго сьмерці замахваліся на яго і спрабавалі зганьбаваць памяць аб ўкраінскім нацыянальным героі? Сваім поглядам на сытуацыю падзяліўся з карэспандэнткай украінскай службы Радыё Свабода Людмілай Ваннэк па тэлефоне з Мюнхэна муж дачкі Сьцяпана Бандэры Андрэй Куцан.

Куцан: Мне здаецца, у гэтым замяшаныя, напэўна, расейскія спэцслужбы. Бо вядзецца пэўная прапаганда па тэлебачаньні, у друку, рыхтуюць грунт — а гэта быў ужо факт, які адбыўся — акт гэтага вандалізму. Раней таксама, калі рыхтаваўся нейкі тэрарыстычны акт ці забойства — то загадзя вялася прапаганда, а потым адбывалася гэтае забойства ці, скажам, выкраданьне некага. Гэтыя практыкі былі ў Савецкім Саюзе, і, думаю, што яны працягваюцца і ў сучасную пару, таму што так хутка гэта ўсё не праходзіць.

РС: Прэсавая служба могілак Вальдфрыдгоф паведаміла мне па тэлефоне, што могілкі вельмі вялікія, 61 гектар, што немагчыма адсачыць, што там адбываецца, і толькі сям’я і паліцыя ведаюць падрабязнасьці. Вы як прадстаўнік сям’і Бандэры, якую інфармацыю атрымалі ад паліцыі, і ці зьвярталася паліцыя да вас па інфармацыю, па дапамогу?

Куцан: Ад паліцыі мы не атрымалі ніякай інфармацыі. Я паінфармаваў генэральнага консула, як толькі мы даведаліся пра разбурэньне магілы Бандэры. Тады я выклікаў паліцыю і прыехаў адзін паліцэйскі. Потым я паведаміў у генэральнае консульства, прыехаў генэральны консул і ён праз свае кантакты выклікаў мюнхэнскага камэнданта паліцыі высокага рангу. Яны зрабілі пратакол, усе сьляды, якія былі, яны сфатаграфавалі. Была кароткая інфармацыя ў інтэрнэце, што адбыўся гэты акт вандалізму. У паліцыі мне сказалі, што яны толькі нэўтральна інфармуюць пра гэта злачынства, а больш ніякай інфармацыі мы ад паліцыі не атрымалі.

РС: Ці не абурае вас, як некаторыя нямецкія выданьні адгукаюцца пра Сьцяпана Бандэру ў сваіх артыкулах на тэму гэтага акту вандалізму? Можна пачуць нават, што Сьцяпана Бандеру называюць «сэпаратыстам».

Куцан: Сэпаратыстам, а акрамя гэтага калябарацыяністам. Гэта выклікала ў нас абурэньне і мы, сям’я, стараліся гэта абвергнуць. Мы давалі інтэрвію для прэсы, для радыё нямецкага давалі раней, але яны тады некаторыя факты паперакручвалі і гэтак жа называлі Бандэру калябарацыяністам. Потым, калі да мяне зьвярнулася нямецкае тэлебачаньне, я сказаў, што з прычыны таго, што яны скажаюць факты, мы больш ніякіх інтэрвію ці інфармацыю ім даваць не будзем. Але гэтая практыка працягваецца ўвесь час. Я ўжо заўважыў, напрыклад: у інтэрнэце Spiеgel зьмясьціў інфармацыю і там напісаў, што Бандэра былы калябарацыяніст.

РС: Па законах зямлі Баварыя, месца для магілы даецца ў арэнду. На колькі гадоў сям’я Бандэры мае гэтую арэнду, калі можна спытаць?

Куцан: Гэта па-рознаму бывае, але я думаю, што гэта прыватная справа. Але калі бярэцца, то мінімум на 5 гадоў. Мы пакуль не бралі арэнду на працяглы тэрмін, бо калі б сытуацыя ва Ўкраіне зьмянілася, то парэшткі Бандэры былі б перавезеныя ў сталіцу Ўкраіны.

РС: Гэта такое жаданьне сям’і?

Куцан: Гэта ня толькі жаданьне сям’і, а таксама жаданьне Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, кіраўніком якой быў Сьцяпан Бандэра. Так што гэта было б, я думаю, завяршэньнем яго працы, калі б Бандэра быў перапахаваны ў сталіцы Ўкраіны. Яго вялікія заслугі даюць яму такое права.

РС: Ці вы можаце сачыць за тым, як часта прыходзяць людзі на магілу Сьцяпана Бандэры, якія шануюць яго памяць, ці наадварот, калі агрэсіўна настроеныя людзі зьяўляюцца там?

Куцан: Да гэтага часу агрэсіўна настроеных людзей на магіле не было, не было нейкіх тэрарыстычных актаў або актаў вандалізму — разбурэньне магілы. Але для Ўкраіны, пачынаючы з усходняй і заканчваючы заходняй, магіла Сьцяпана Бандэры стала ўкраінскай Мекай, куды прыходзяць паломнікі, аддаюць даніну памяці парэшткам Сцяпана Бандэры і пакідаюць розныя свае рэчы — на памяць, што яны там былі.

XS
SM
MD
LG