Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Майсюк: «Пахавайце мяне на футбольным полі, адтуль буду камэнтаваць»


Звольнены дыктар стадыёну ў Баранавічах: «Жыве Беларусь!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

У Баранавічах адхілілі ад працы дыктара на футбольных матчах Уладзімера Майсюка, пасьля таго як ён выказаўся ў прэсе пра дрэнны стан стадыёну.

У інтэрвію Свабодзе спадар Майсюк распавёў, што пра сказанае не шкадуе, і выказаў меркаваньне, што па яго паслугі яшчэ зьвернуцца.

Уладзімер Майсюк больш за 20 гадоў працаваў у Баранавічах дыктарам на матчах. Яго ведаюць усе футбольныя фанаты, зь якімі ён нават жартаваў: «Калі памру, то пахавайце мяне пасярэдзіне футбольнага поля, каб я адтуль мог вам камэнтаваць».

Праца спадара Майсюка была аматарскай — ён ня быў прыняты ў штат, яму плацілі толькі за гадзіны дыктарства.

Уладзімер Майсюк паказвае свае газэтныя падшыўкі
Уладзімер Майсюк паказвае свае газэтныя падшыўкі

Як распавядае сам дыктар, для яго футбол — хобі, якому ён прысьвяціў значную частку жыцьця. Дома Ўладзімер паказвае карэспандэнту Свабоды падшыўкі з газэтнымі выразкамі — як ён кажа, гісторыяй баранавіцкага футболу.

— Уладзімер, праца дыктарам на стадыёне для вас не асноўная, а дадатковая?

— Я працую ў музычным каледжы выкладчыкам фізвыхаваньня ўжо сямнаццаты год. Да гэтага 15 гадоў прапрацаваў у сярэдняй школе.

А дыктарства... Гэта для мяне хобі, я жыву гэтым. Жонка нават часам сварыцца на мяне, што я ўвесь у гэтым футболе (сьмяецца). 20 год быў дыктарам на матчах у Баранавічах, з 1994 году...

Баранавіцкі стадыён зьмяшчае каля 5 тысяч чалавек
Баранавіцкі стадыён зьмяшчае каля 5 тысяч чалавек

— 1994 год — гэта яшчэ пэўныя парасткі беларусізацыі прысутнічалі. Ці не даводзілася працаваць па-беларуску?

— Так, быў тады адзін матч, мяне папрасілі, і я без пытаньняў працаваў па-беларуску. Мне і самому спадабалася... Але потым прыйшлі людзі і сказалі... Але мне, каб падрыхтавацца да рэпартажу на беларускай мове, трэба проста вечар пасядзець, узгадаць тэрміналёгію... Беларуская мова мне падабаецца, гэта мая родная мова.

— З вамі ўжо ня першы раз здарылася такая гісторыя, калі адмаўляюцца ад вашых паслугаў з-за крытыкі адміністрацыі стадыёну?

— У 2011 годзе такая ж сытуацыя была, калі я даў інтэрвію газэце, якое выйшла пад назвай «Чыноўнікам пара павярнуцца тварам да футболу». Выказаў сваё меркаваньне, як павінны чыноўнікі ставіцца да футболу... Вялікі ж наш горад — восьмы па велічыні ў Беларусі. А цяпер другі раз я выказаў сваё меркаваньне. У ліпені трава на стадыёне была на трэць зьнішчаная, палітая хімікатамі ад пустазельля. Усе ахнулі, калі прышлі на матч тады...

Я раскрытыкаваў, параўнаўшы з калгасным полем, якое заворваюць пад збажыну, дык яно бывае раўнейшае, чым у нас на стадыёне футбольнае поле... Яго ж трэба ўежджваць, стрыгчы, паліваць, глядзець за ім. А яны... як дождж пойдзе, дык і нармальна.

Вытаптаныя яміны ў брамах прысыпалі пяском з каменьчыкамі
Вытаптаныя яміны ў брамах прысыпалі пяском з каменьчыкамі

— І за гэтую крытыку вас адхілілі ад дыктарства?

— Мяне выклікала кіраўніцтва клюбу 24 ліпеня перад матчам з брэсцкім «Дынама» і папярэдзіла, што я ўжо ня буду працаваць. Вось, маўляў, ты выказаў такое меркаваньне...

І я прыйшоў ужо на футбол як звычайны глядач. І як мяне звольнілі, то ўжо два матчы правяла каманда, і два прайграла. А да гэтага не прайгравалі...

Я, вядома, перажываў, але ўсе сьмяяліся з новага дыктара, які карыстаўся хакейнай тэрміналёгіяй, напрыклад, «мяч закінуў...»

Ён таксама быў у выканкаме. Яны ўсіх сваіх падцягваюць, «камсамольцаў». Гэта тое самае, што паслаць мяне на завод ды паставіць начальнікам цэху. Прысылаюць «камсамольцаў» на стадыён, яны не разьбіраюцца, ня ведаюць, як правільна разьмеркаваць трэніровачны працэс. Стадыён павінен спартыўнай працай кіпець, павінны праводзіцца трэніроўкі, турніры бясплатныя. А яны ж — усё платна. Дык што ў нас за камэрцыя? Гэта што, прыватны стадыён? Дзяржаўны стадыён у цэнтры гораду — тут павінны быць дзеці з ранку да вечара. Так, асноўнае футбольнае поле павінна, вядома, рыхтавацца толькі для каманды, можна хіба правесьці зрэдку якія турніры аматараў. А пляцоўкі, запасное поле... гэта ж павінна праводзіцца... Але яны ня ведаюць, як гэта рабіць, і ня хочуць.

Картынгісты езьдзяць вакол стадыёну нават у часе трэніровак футбалістаў
Картынгісты езьдзяць вакол стадыёну нават у часе трэніровак футбалістаў

— То бок вы лічыце, што стадыён павінен атрымліваць датацыі ад дзяржавы, а не зарабляць грошы?

— Так, вядома, дзяржава павінна прыплочваць, бюджэтныя арганізацыі павінны добра аплочваць працаўнікоў стадыёну... Вядома, кажуць, што мы бедныя і ўсё такое... Але трэба падымаць, спачатку ўкладаць у дзіцячы футбол, будаваць палі для дзяцей...

У меншых гарадах, як Жлобін ці Калінкавічы, ужо ёсьць футбольныя палі са штучным футбольным пакрыцьцём. А ў нас дагэтуль няма. Я не разумею, чаму. 200–300 тысяч даляраў — няўжо гэта дорага для такога гораду?

У Баранавічах людзі вельмі любяць футбол. Калі б наша каманда ў вышэйшай лізе была, як «БАТЭ», у нас быў бы поўны стадыён. Цяпер каманда ідзе на першым месцы ў групе. ФК «Баранавічы» цяпер — адна з камандаў, якія прэтэндуюць на выхад у першую лігу.

У інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Майсюк выказаў меркаваньне, што ягоная адстаўка часовая. У футбольным клюбе яму намякалі, што ў наступным годзе ён можа вярнуцца.

Ігар Астапчык (справа) і Ўладзімер Майсюк на стадыёне
Ігар Астапчык (справа) і Ўладзімер Майсюк на стадыёне

Ігар Астапчык, былы дырэктар футбольнага клюбу «Баранавічы», кажа, што салідарны з пазыцыяй Уладзімера Майсюка пра тое, што за футбольным стадыёнам трэба лепш глядзець:

«Раней тэхнічны стан стадыёну быў зусім іншы. Поле ўвесь час палівалася, выклікаліся нават машыны для гэтага. А месяц таму, калі я тут быў, на гэтае поле было немагчыма глядзець... Горад павінен мець поле вельмі добрай якасьці, бо ў нас адно футбольнае поле, якое адпавядае стандарту».

На стадыёне сыплецца тынк
На стадыёне сыплецца тынк

Баранавіцкія футбольныя заўзятары кажуць, што з жалем прынялі вестку пра адхіленьне Ўладзімера Майсюка ад дыктарства:

«Я вам скажу шчыра, для заўзятараў гэта — невялікі накдаўн... І для мяне сьмеху варта, што паставілі чалавека, далёкага ад спорту. Гэта сьмешна і адначасова крыўдна... На кожным матчы сьвісьцяць, што няма Ўладзімера Трафімавіча ля мікрафона...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG