Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі крызіс і перамоўны працэс: якая роля Вашынгтона?


Уладзімер Пуцін і Пятро Парашэнка

Уладзімер Пуцін і Пятро Парашэнка

Зацікаўленыя бакі працягваюць шукаць кампраміс, каб пакласьці канец кровапраліцьцю ва Ўкраіне.

Адміністрацыя ЗША станоўча ўспрыняла ідэю правядзеньня шматбаковай сустрэчы 26 жніўня ў Менску, заявіла на брыфінгу для журналістаў намесьніца начальніка прэс-службы Дзярждэпартамэнта ЗША Мары Харф, паведаміў «Голас Амэрыкі».

У Маскве пакуль не далі адназначнага адказу, ці заплянаваныя ў рамках саміту перамовы прэзыдэнтаў Пуціна і Парашэнкі.

Амэрыканскія ўлады перакананыя ў тым, што для ўрэгуляваньня крызіснай сытуацыі ва Ўкраіне «неабходны дыялёг», заявіла Харф.

У Вашынгтоне выказалі задавальненьне тым, што выпрацаваныя пляны абмеркаваньня гэтага пытаньня на ўзроўні прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны ў сталіцы Беларусі, падкрэсьліла яна. Але, на думку амэрыканскага боку, «словы павінны быць падмацаваныя справамі» у тым, што тычыцца ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту.

Адказнасьць за адсутнасьць тут прагрэсу прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША ўсклала ў першую чаргу на Расею. Яна абвінаваціла Маскву ў падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і перадачы ім ўзбраеньня. «Расея павінна зрабіць крокі па дээскаляцыі», — сказала Харф.

У адміністрацыі Парашэнкі ахарактарызавалі будучую сустрэчу ў Беларусі як намаганьне, накіраванае «на стабілізацыю сытуацыі ва Ўкраіне». Тым часам расейскі бок паведаміў, што ў рамках саміту адбудзецца шэраг сустрэчаў, не ўдакладніўшы, аднак, ці заплянаваная асабістая сустрэча Пуціна і Парашэнкі.

Трох- і чатырохбаковыя сустрэчы лідэраў Расеі, Украіны, Эўразьвязу, а таксама Германіі і Францыі, якія праводзіліся да гэтага, ні да якіх прыкметных вынікаў не прывялі. З пункту гледжаньня некаторых расейскіх экспэртаў, падобнае адбываецца шмат у чым з-за пазыцыі ЗША.

Намесьнік галоўнага рэдактара Полит.ру Барыс Далгін, наадварот, мяркуе, што Вашынгтон падтрымлівае намаганьні перагаворшчыкаў.

«Легенда часткі расейскіх прапагандыстаў, быццам бы ЗША выступаюць супраць дээскаляцыі канфлікту і хочуць яго распальваньня, на мой погляд, нічым не абгрунтаваная, — сказаў ён у інтэрвію „Голасу Амэрыкі“. — Тыя фінансавыя ўліваньні, якія непазьбежна спатрэбяцца Ўкраіне, каб стабілізаваць сытуацыю ў краіне, у значнай меры лягуць на структуры, зьвязаныя з Вашынгтонам — на Сусьветны банк, МВФ і гэтак далей. Таму ЗША зусім не зацікаўленыя ў тым, каб усё ва Ўкраіне руйнавалася, ішло па сыходнай ».

Як яму ўяўляецца, цяпер востра паўстала стратэгічнае пытаньне, ці магчыма наогул вярнуць (і на якіх умовах) фактар даверу.

«Ён (давер) сур’ёзна пацярпеў разам зь людзьмі, эканомікай, — працягнуў Далгін. — Як зрабіць так, каб бакі давяралі адзін аднаму, каб дасягнутыя пагадненьні выконваліся, а не былі пры ўсякім зручным выпадку праігнараваныя, — гэта праблема ».

Як яе вырашаць, трэба вызначаць сумесна і «відавочна з удзелам Вашынгтона», лічыць палітоляг.

«Ён — гулец, зацікаўлены ў гэтай сытуацыі, і безь яго яна вырашацца ня можа, — перакананы Далгін. — Але пакуль Расеі ў сілу розных умоў дасягаць першаснага кампрамісу камфортней з краінамі Эўразьвязу, што даволі лягічна. Аднак на нейкім этапе далучэньне ЗША да перамоўнага працэсу стане практычна непазьбежным ».

Сябра навуковай рады Маскоўскага цэнтра Карнэгі, прафэсар факультэта паліталёгіі ВШЭ Мікалай Пятроў таксама думае, што Вашынгтон зацікаўлены ў посьпеху перамоваў па Ўкраіне.

«Але не на любых умовах, — дадаў ён у камэнтары „Голасу Амэрыкі“. — Мне здаецца, што тыя ўмовы, якія вылучае цяпер Крэмль, наўрад ці прымальныя для Захаду ў цэлым і для Вашынгтона ў прыватнасьці, і для Вашынгтона нават у большай ступені, чым для Эўразьвязу».

На жаль, сытуацыя разьвіваецца так, што пазыцыі Крамля хутчэй узмацняюцца, чым слабеюць, а пазыцыі ўкраінскага ўрада і Захаду наадварот хутчэй слабеюць, чым узмацняюцца, канстатуе Пятроў.

«Па меры таго, як зацягваецца ваенная апэрацыя, паўстаюць у поўны рост праблемы эканамічнага крызісу ва Ўкраіне, якія прымаюць калясальныя маштабы, і растуць энэргетычныя праблемы Эўропы, становішча Кіева пагаршаецца, і рана ці позна тыя ўмовы, якія вылучае Крэмль, хутчэй за ўсё Захаду давядзецца прымаць», — прагназуе ён.

Загадчыца аддзела Цэнтра эўрапейскай інтэграцыі Інстытута сусьветнай эканомікі і міжнародных адносінаў РАН Надзея Арбатава ня здолела даць ацэнку падыходу ЗША да вырашэньня ўкраінскага крызісу.

«Усё залежыць ад таго, якія мэты перасьледуе Вашынгтон у гэтым канфлікце, — заўважыла яна ў размове з карэспандэнтам „Голасу Амэрыкі “. — Мне да канца ня ясная стратэгія ЗША: чаго яны хочуць і якую мэту ставяць. Калі хутчэй спыніць кровапраліцьце, то, зразумела, Вашынгтон абавязаны падтрымаць гэтую ініцыятыву (з нагоды перамоваў) дзьвюма рукамі».

Калі ж мэта — пакараць Расею і асабіста Пуціна, то ў гэтым выпадку Вашынгтон не павінен падтрымліваць гэтыя намаганьні, настойвае Арбатава. Аднак яна схіляецца да таго, што ЗША настроеныя ўсяляк спрыяць усталяваньню шматбаковых каналаў па правядзеньні падобных перамоваў, паколькі канфлікт нікому не ідзе на карысьць.

«Паглядзіце, сёньня на задні плян адышлі рэальныя пагрозы, пра якія нядаўна казалі ўсе без выключэньня: гэта і распаўсюджваньне зброі масавага зьнішчэньня, і міжнародны тэрарызм. Вядома, ва ўсеагульных інтарэсах — як мага хутчэй скончыць з крызісам на ўсходзе Ўкраіны і вярнуцца да абмеркаваньня надзённых праблемаў», — зрабіла выснову экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG