Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: На менскай сустрэчы Парашэнка ня пойдзе на саступкі Пуціну


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што сустрэча чатырох прэзыдэнтаў — Пятра Парашэнкі, Уладзімера Пуціна, Нурсултана Назарбаева і Аляксандра Лукашэнкі — у Менску дае шанец палепшыць міжнародны ўплыў беларускага лідэра.

У інтэрвію Свабодзе Каспрук заявіў, што вынікам сустрэчы могуць стаць толькі саступкі з боку Ўладзімера Пуціна, на якія той можа пагадзіцца пад ціскам прадстаўнікоў Эўропы.

— Ці можна назваць сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі, а таксама высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу, якая адбудзецца ў Менску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, «асабістым палітычным трыюмфам беларускага прэзыдэнта»? Што можна сказаць пра ролю Лукашэнкі ў гэтай сустрэчы?

— Калі гаварыць пра дыпляматыю, якая цяпер круціцца вакол справакаванай Расеяй украінскай трагедыі, трэба сказаць, што частка міжнародных дзеячаў могуць падчас вырашэньня ўкраінскага пытаньня пэўным чынам падняць свой рэйтынг. Напрыклад, Лукашэнка. Ён можа перафарматаваць калі ня свой імідж, то хаця б свой уплыў сярод сусьветнай супольнасьці. Зразумела, што наўрад ці хто ў дэмакратычных краінах дасьць веры, што Лукашэнка можа ператварыцца з дыктатара ў дэмакратычнага кіраўніка, але тыя манэўры, якія робіць беларускі лідэр, паказваюць, што ён далёка не такі просты чалавек, якім яго часта выстаўляюць у міжнароднай прэсе. Магчыма, ён шмат якіх сусьветных працэсаў і не разумее, але ў яго вельмі моцна разьвітае пачуцьцё асабістай бясьпекі. Не такі ўжо наіўны Лукашэнка, каб верыць, што ён яшчэ гадоў 20 зможа быць прэзыдэнтам. Таму ня выключана, што, не дэкляруючы гэтага, Лукашэнка шукае шляхоў адступленьня. А такіх шляхоў толькі два: поўная здача Беларусі Пуціну і дамова з Эўразьвязам і нават ЗША пра тое, што Беларусь выходзіць з дыктатарскага жаху ў абмен на гарантыю ягонай асабістай бясьпекі. Вядома, Лукашэнку цяжка адмовіцца ад татальнага кантролю над Беларусьсю, але і скончыць так, як Януковіч і Кадафі, ён наўрад ці хоча.

— Усё ж асноўная ўвага падчас сустрэчы будзе скіраваная да пэрсонаў украінскага і расейскага прэзыдэнтаў. Як яны будуць дзейнічаць?

— Украіне моцна пашанцавала ў тым, што пятым прэзыдэнтам стаў чалавек, які ёсьць прафэсійным дыпляматам. Бачна, што Пуціна выводзіць зь сябе спакой і неагрэсіўнасьць украінскага прэзыдэнта, бо сваімі агрэсіўнымі дзеяньнямі Расея мусіла б выклікаць зусім іншую рэакцыю. Пятро Парашэнка ўжо паказаў сябе вельмі ўдалым перамоўнікам на міжнароднай арэне — ён не зрабіў ніводнага рэзкага кроку, які б мог пагоршыць міжнародную пазыцыю Ўкраіны. І тое, што Ангела Мэркель прыедзе ў Кіеў перад менскай сустрэчай, кажа пра тое, што канцлер Нямеччыны мяняе сваё стаўленьне да Ўкраіны і да Расеі. Таму калі тыя перамовы, якія будуць у Менску, будуць падмацаваныя дапамогай Эўрапейскага Зьвязу, Пуцін мусіць пайсьці на саступкі. Вядома, калі ён увогуле здольны на гэта.

— Украінская прэса называе будучую сустрэчу «чарговай поўхай сьвету ад Пуціна», маючы на ўвазе, што самім фактам сустрэчы Пятро Парашэнка ідзе на саступкі Расеі. Як вы лічыце, на чыім баку стратэгічная перавага ў перамовах — Украіны ці Расеі?

— У Расеі няма стратэгічнай перавагі, але ёсьць стратэгічная нахабнасьць, якую яна дэманстравала пяць месяцаў. Нават калі б Пятро Парашэнка захацеў прыняць усе тыя ўмовы, якія дыктуе Ўкраіне Пуцін і ягоная маскоўская кліка, — а гэта прызнаньне Крыму расейскай тэрыторыяй, адмова ад НАТО і эўраінтэграцыі — украінскі народ на гэта ніколі не пагодзіцца. Цяпер сытуацыя і настрой на Ўкраіне зусім не такія, якія былі да пачатку Эўрарэвалюцыі. Таму зразумела, што Парашэнка не пагодзіцца з прапанаванымі Расеяй саступкамі, але можа пагадзіцца разглядаць пэўныя аспэкты пры актыўным удзеле ЗША і Эўразьвязу. Але казаць, што відавочная перавага за Расеяй, тут нельга ні ў якім разе.

— Да сустрэчы застаецца тыдзень. Што будзе адбывацца ў гэты час на ўсходзе Ўкраіны? Украінскія СМІ паведамляюць, што, нягледзячы на пацьверджаньне сустрэчы, з расейскага боку ва Ўкраіну працягваюць паступаць калёны ваеннай тэхнікі і ўзброеныя наёмнікі...

— Выглядае, што Пуціна не спыніць тымі захадамі, якія ўжо былі зробленыя супраць яго. Відавочна, што патрэбныя сур’ёзныя санкцыі, пра якія ня раз гаварыў сэнатар Джон Маккейн. Але нягледзячы на тое, што Расея вельмі пільна маніторыць сытуацыю ва Ўкраіне, яна да канца не разумее, наколькі казацкія гены ўкарэненыя ва ўкраінскі народ. Казацкая Ўкраіна, якая прайшла галадамор і рэпрэсіі, пачынае прачынацца. Як бы Расея ні ціснула на Ўкраіну, у Пуціна няма шанцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG