Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латыніна: «Для Эўропы Лукашэнка стаў больш адэкватны за Пуціна»


Юлія Латыніна

Юлія Латыніна

Асабістай перамогай Аляксандра Лукашэнкі лічыць будучую сустрэчу ў Менску Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі ўплывовая расейская палітычная аглядальніца і публіцыстка Юлія Латыніна.

«Сустрэча павінна была адбыцца ў Бэрліне, але перанесеная ў Менск, — нагадвае яна. — У гэтай сытуацыі Аляксандар Лукашэнка грае ролю, якую мелася граць Мэркель. Тое, што чалавек, які яшчэ нядаўна быў ізгоем у вачах Эўропы, цяпер зьяўляецца пасярэднікам паміж Расеяй і Ўкраінай, — гэта, безумоўна, ягоны асабісты посьпех».

Юлія Латыніна перакананая, што беларускі прэзыдэнт выступае менавіта ў ролі пасярэдніка, а ня проста дазваляе скарыстаць Менск як пляцоўку для перамоваў паміж Кіевам і Масквой.

«Лукашэнка, як я разумею, шмат зрабіў, каб сустрэча адбылася. Безумоўна, ня вельмі прыемна, што на фоне Пуціна Лукашэнка выглядае „памяркоўным“ палітычным дзеячам.

Але яшчэ нядаўна мы казалі, што ў нас у Расеі ўсё больш-менш, а вось у Беларусі дыктатура. А цяпер мы бачым, што беларуская дыктатура значна цьверазейшая, чым тое, што адбываецца ў Расеі».

На думку Юліі Латынінай, незалежна ад вынікаў сустрэчы ў Менску, для Аляксандра Лукашэнкі факт яе правядзеньня выключна пазытыўны.

«Аляксандар Лукашэнка робіць крок, каб а) вярнуцца ў міжнародную палітыку, і б) аказваецца нават з пункту гледжаньня Эўропы больш адэкватным чалавекам, чым Уладзімір Уладзіміравіч. А гэта значыць шмат», — заключае Латыніна.

Сустрэча кіраўнікоў краінаў Мытнага зьвязу, прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і прадстаўнікоў Эўракамісіі адбудзецца ў Менску 26 жніўня. Праграма мерапрыемства не абвешчаная, аднак сайт расейскага прэзыдэнта паведамляе пра заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы.

Прэс-сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітры Пяскоў паведаміў: «Плянуецца абмяркоўваць дачыненьні Мытнага саюзу і Ўкраіны ў сьвятле падпісаньня Кіевам пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG