Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Там ужо жыць няма дзе» — жыхары Луганску, якія выехалі з гораду


Луганск пасьля абеду амаль бязьлюдны, а сытуацыя ў Данецку пагаршаецца пэрыядычнымі праблемамі з газам і водазабесьпячэньнем.

Людзі кажуць, што чакаюць ужо ня столькі гуманітарнай дапамогі, колькі мірнага часу. Баевікі адначасова працягваюць сьцьвярджаць, што ня маюць дачыненьня да абстрэлаў сацыяльных аб’ектаў. Між тым кола сілаў антытэрарыстычнай апэрацыі вакол іх пазыцый звужаецца.

Адна зь першых задач украінскіх вайскоўцаў на вызваленых ад баевікоў тэрыторыях Данбаса — разьмінаваньне сацыяльных аб’ектаў і месцаў традыцыйнага збору людзей. Па словах сьпікера Рады нацбясьпекі і абароны Украіны Андрэя Лысенкі, баевікі мінуюць масты і дарогі, мэтанакіравана зьнішчаюць аб’екты інфраструктуры.

«Захопнікі замінавалі цэнтральную раённую бальніцу і бальніцу чыгуначнікаў у Ясінаватай, падыходы да школы нумар 19 у Шахтарску і нават могілкі ў сяле Першамайскае Шахтарскага раёну», — распавёў ён у аўторак.

«Людзей хаваюць на гародах»

На відэа, апублікаваным сіламі Антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) па абстрэлу калёны грамадзянскіх у панядзелак, жыхары Луганску, якія ацалелі, распавядаюць: у іх горадзе шмат разбураных будынкаў, знаходзіцца там далей немагчыма. «Усе будынкі разбураныя, там ужо жыць няма дзе. — Там ужо ўсё пабіта! Разумееце, там усё гудзе, дзень і ноч! Мы ўсе пакінулі », — распавядаюць мужчыны сталага веку.

Паводле зьвестак Радыё Свабода, гэта сытуацыя датычыцца пераважна аддаленых ад цэнтра раёнаў Луганску. У цэнтральнай частцы разбураных будынкаў хоць і хапае, але казаць пра поўнае іх зьнішчэньне нельга.

«Людзей хаваюць на гародах. Забіла — а хаваць няма дзе, таму ў агародзе і закопваюць. І салдацікаў, і мірных жыхароў — усіх », — кажуць жыхары Луганску, якія спрабавалі выехаць.

Пасьля абеду Луганск бязьлюдны

У РНБА інфармуюць, што сілы АТА вызвалілі адзін з раёнаў Луганску, а ў цэнтры гораду «працягваюцца вулічныя баі». У інтэрнэт-супольнасьцях, дзе аб’ядналіся жыхары Луганску, якія выехалі з гораду, але трымаюць кантакт з тымі, хто там застаўся, пішуць, што ў аўторак па Луганску праехала калёна бронетэхнікі. Карэспандэнты, аднак, мяркуюць, што гэта танкі баевікоў, паколькі на іх не было апазнавальных знакаў.

У Луганску па-ранейшаму няма сьвятла і вады, газ падаецца не ва ўсе раёны. Прадукты завозяць з ваколіц на стыхійныя базары. «Горад жыве толькі да 12:00, пасьля замірае», — пішуць луганчане. На відэа, зьнятым з вакна аўто ў панядзелак і апублікаваным у сетках, відаць, што горад амаль бязьлюдны.

Немаўлятаў хаваюць у падвал далей ад абстрэлаў

У Данецку, дзе гуманітарная сытуацыя крыху лепшая, асноўныя праблемы абумоўленыя перабоямі з газам і водазабесьпячэньнем у некаторых раёнах, а таксама, як і ў Луганску, абстрэламі жылых кварталаў. Праз пэрыядычную страляніну ўскладненая праца некаторых мэдыцынскіх установаў. У прыватнасьці, для бясьпекі немаўлят у адным з данецкіх радзільняў кюветы з нованароджанымі перанесьлі ў склеп.

Лекар гэтай мэдустановы Натальля Мухіна распавяла агенцтву Reuters, што гуманітарнай дапамогі яе радзільня пакуль не атрымлівае.

«Ніводзін з бакоў, уключаючы Чырвоны Крыж, ні адна арганізацыя не прыйшла ў наш радзільны дом, не паглядзела на гэтых дзяцей, не прапанавала сваю дапамогу. Як іх і ўвесь пэрсанал абараніць ад абстрэлу, як эвакуяваць?» — пытаецца мэдык.

У Міжнародны дзень гуманітарнай дапамогі ў лісьце ў Раду міністраў замежных спраў Эўразьвязу генсакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд заклікаў урады краін Эўразьвязу павялічыць гуманітарную падтрымку для жыхароў Усходняй Украіны. На Данбас — як на вызваленыя тэрыторыі, так і на тыя, што падкантрольныя баевікам,— сваю гуманітарную дапамогу накіраваў украінскі ўрад. Чырвоны Крыж абяцае разьмеркаваць туды і «гуманітарны канвой» з Расеі.

Адначасова данецкая актывістка Альбіна Чылімава кажа: яе горад чакае не гуманітарнай дапамогі, а вызваленьня і міру.

«Наша жыцьцёвая прастора ў Данецку скарацілася да часу паміж бамбаваньнямі, разумееце? Калі ў цябе ёсьць 15 хвілінаў на тое, каб выскачыць са сховішча, схапіць якую ежу і зноў вярнуцца ў сховішча », — распавядае яна.

Баевікі з «ДНР» і «ЛНР» сьцьвярджаюць, што гэта ўкраінскія сілы абстрэльваюць на Данбасе жылыя масівы і сацыяльныя аб’екты. Яны таксама і далей абвяргаюць датычнасьць да расстрэлу калёны грамадзянскіх у панядзелак, заяўляючы, што ўкраінскі бок нібыта ня мае доказаў дачыненьня да гэтага баевікоў.

Тым часам Рада нацбясьпекі паведамляе пра ўсё шчыльнейшае акружэньне сіламі АТА пазыцый баевікоў. У адміністрацыі прэзыдэнта кажуць: бліжэйшыя два тыдні — вырашальныя на шляху да міру на Данбасе.

XS
SM
MD
LG