Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісламісты ў Сырыі заяўляюць пра пакараньне сьмерцю амэрыканскага журналіста


Джэймс Фоўлі ў горадзе Алепа 5 лістапада 2012 году

Джэймс Фоўлі ў горадзе Алепа 5 лістапада 2012 году

Групоўка «Ісламская дзяржава» апублікавала відэа, дзе паказваецца забойства амэрыканскага журналіста.

Джэймс Фоўлі быў выкрадзены ў Сырыі ў лістападзе 2012 года невядомымі ўзброенымі людзьмі.

Відэа, якое апублікавалі ісламісты, называецца «Пасланьне Амэрыцы». Яно было распаўсюджана ў сацсетках 19 жніўня.

Фоўлі зьнік у Сырыі ў лістападзе 2012 года. Ён працаваў там па заданьні бостанскага онлайн-часопіса Global Post.

Відэазапіс абезгалоўліваньня Фоўлі быў разьмешчаны на сайце Youtube, аднак потым быў выдалены.

На відэа таксама прысутнічае карэспандэнт амэрыканскага часопіса Time Стывен Сотлаф, які прапаў бязь вестак у Лібіі ў 2013 годзе. Гэты відэазапіс суправаджаецца заявай тэрарыстаў, у якім гаворыцца, што лёс Сотлафа залежыць ад «наступнага рашэньня» прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.

Незалежнага пацьверджаньня аўтэнтычнасьці запісу няма. Прадстаўніца Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Кэйтлін Хэйдэн заявіла, што амэрыканскія афіцыйныя асобы прагледзелі відэазапіс, і амэрыканская выведка правярае яго сапраўднасьць.

«Калі гэты запіс сапраўдны, мы ўзрушаныя жорсткім забойствам нявіннага амэрыканскага журналіста і выказваем нашы самыя глыбокія спачуваньні яго сям’і і блізкім», — сказала Хэйдэн.

«Ісламская дзяржава» зьяўляецца групоўкай баевікоў, якая падтрымлівае жорсткую лінію ісламскага халіфата. Яго баевікі захапілі значныя тэрыторыі ў Іраку і Сырыі. На пачатку лета ісламісты значна прасунуліся на поўначы Ірака, што прымусіла ЗША прымяніць авіяцыю ў падтрымку іракскіх і курдзкіх сіл бясьпекі. Гэта здарылася ўпершыню з моманту адводу войскаў ЗША з Ірака ў 2011 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG