Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея, Украіна і Эўразьвяз пагадзіліся правесьці сустрэчу на вышэйшым узроўні менавіта ў Менску? І якія наступствы гэта будзе мець для стасункаў Беларусі з Эўразьвязам?

Фармальна кажучы, усё проста – Аляксандар Лукашэнка агучыў прапанову сустрэцца кіраўнікам «тройкі мытнага зьвязу» з украінскім лідэрам у Менску, запрасіў папрысутнічаць (ці паўдзельнічаць) у перамовах прадстаўнікоў ЭЗ і ЗША, яшчэ на мінулым тыдні была агучаная згода на сустрэчу менавіта ў Менску і менавіта зь Пятром Парашэнкам Уладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева. Ну а зараз такі фармат перамоваў палічылі прыймальным і астатнія запрошаныя. І што ў гэтым дзіўнага? Як у вядомым анэкдоце – дзяўчына за Ракфэлера згодная, засталося ўгаварыць Ракфэлера. Ну і ўгаварылі.

Хаця пэўная інтрыга ў гэтай агульнай згодзе ёсьць, бо хто ў цяперашнім канфлікце дзяўчо, а хто Ракфэлер – пытаньне няпростае. І чаму сталіца лідэра, якога называюць апошнім дыктатарам Эўропы, аказалася найбольш прыдатным месцам для падобнай сустрэчы – гэта насамрэч невідавочна.

Больш за тое, паведамленьні апошніх дзён сьведчылі хутчэй пра тое, што сустрэча ў вярхах наконт Украіны сапраўды адбудзецца, але недзе ў Эўропе. Папярэднія раўнды перамоваў адбываліся ў Жэнэве, Пуцін сустракаўся з Парашэнкам у Францыі, на сьвяткаваньні гадавіны высадкі саюзьнікаў у Нармандыі, літаральна на мінулым тыдні кіраўнікі МЗС Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны вялі перамовы ў Бэрліне.

Але зараз – гэта не раней, і сустрэча на вышэйшым узроўні – гэта не сустрэча кіраўнікоў МЗС. Выглядае, што выбар на карысьць Менску, як пляцоўкі да перамоваў, абумоўлены тым, што Беларусь аказалася найменш з усіх эўрапейскіх краінаў ангажаваная ў канфлікт ва Ўкраіне і вакол яе. Чаму ня Кіеў і не Масква, і наагул ніякі горад ва Ўкраіне і Расеі – зразумела. Яны варагуючыя дэ-факта бакі і перамовы на чужым полі – гэта ўжо саступка, якой ніхто на такім сымбалічным узроўні рабіць не зьбіраецца.

Але ёсьць жа шмат гарадоў у Эўропе. Так, ёсьць. У сэнсе – былі. Дакладней і былі, і ёсьць, але зараз ужо прыезд у любы зь іх на перамовы Ўладзімера Пуціна – гэта тая самая сымбалічная саступка, на якую Масква не зьбіраецца і на гэтым этапе ня мае патрэбы ісьці. Дзяржавы, якія ўводзяць супраць Расеі санкцыі трэцяга ўзроўню, супраць якіх Расея ў сваю чаргу прымае харчовае эмбарга – гэта ніяк не нэўтралы, не бесстаронныя маклеры.

Ну Беларусь – вайсковы, палітычны і ўсялякі іншы саюзьнік Расеі, аб'ект візавых і фінансавых санкцый з боку таго ж ЭЗ – таксама ня тое, каб была на роўнай адлегласьці ад бакоў.

Але ў тым канкрэтным канфлікце, для вырашэньня якога моцныя сьвету вырашылі сабрацца ў Менску – што менавіта рабіла Беларусь? Украінскую ўладу прызнае і прызнавала, сэпаратыстаў не падтрымлівала ані матэрыяльна, ані маральна, да расейскіх контрсанкцый не далучылася, у зьнішчэньні малайзійскага Боінга не абвінавачвала ні сэпаратыстаў, ні Маскву, ні Кіеў. Так, галасавала ў ААН разам з Расеяй, так, пусьціла да сябе расейскія самалёты (якія зь беларускай зямлі бамбаваць Украіну не паляцелі). Але гандлёвы канфлікт з Украінай даволі апэратыўна вырашыла, вось нават саляркай дапамагла.

Сьпіс гэтых «так» і «але» можна працягваць, але агулам атрымліваецца, што пазыцыя Менску аказалася далей ад пазыцыі Масквы, чым пазыцыя Эўразьвязу ад пазыцыі Кіева. Аднак не настолькі, каб у Менск на перамовы не пагадзіўся ехаць Пуцін. Ну а што тычыцца Эўропы, то для яе вырашэньне ўкраінскага крызісу – зараз галоўнае пытаньне бясьпекі на кантынэнце. Калі ключ ад гэтага «замка» ляжыць у Менску – трэба ехаць у Менск.

Дарэчы, наконт ключа. Калі ў Менску праходзілі перамовы кантактнай групы па Ўкраіне з прадстаўнікамі сэпаратыстаў, то нехта, спрабуючы зьменшыць ролю ўладаў Беларусі, дасьціпна пажартаваў: «Парашэнка проста папрасіў у Лукашэнкі на час ключы ад кватэры». Жарцік з крыху скабрэзным падтэкстам сапраўды сьмешны, але ён мікшуе сутнасьць справы. Удзельнікі і той сустрэчы, якая ў Менску адбылася пару тыдняў таму, і той, якая плянуецца – людзі зусім не бескватэрныя. І калі кватэра эўрапейскага ізгоя аказваецца хіба не адзіным месцам, дзе пажаданая ўсімі сустрэча можа адбыцца – то ключык ад яе робіцца падобным на залаты. Ключ ад такой кватэры, якую цяжка ці немагчыма зьмяніць на нейкую іншую – гэта паслуга, якая дорага каштуе.

Да таго ж сустрэча ў вярхах 26 жніўня абвешчаная як сустрэча высокіх прадстаўнікоў Украіны, Эўразьвязу і «мытнай тройкі». Невідавочна, што Пуцін у сваёй асобе будзе прадстаўляць на ёй і Беларусь і Казахстан, іншымі словамі, цалкам імаверна, што Лукашэнка будзе не гасьцінным гаспадаром кватэры, які адно пастаіць за дзьвярыма, пакуль госьці будуць вырашаць свае складаныя адносіны, а паўнапраўным, хай і не галоўным, удзельнікам саміту, на якім, кажучы высокім штылем, будзе вырашацца лёс сьвету.

Фармальна за пляцоўку для перамоваў ніхто плаціць не абавязаны. Але фактычна статусы эўрапейскага ізгоя і неабходнай Эўропе пляцоўкі для перамоваў ня надта стасуюцца. Нейкі адзін зь іх так ці інакш будзе скасаваны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG