Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Сустрэча ў Менску не азначае, што неяк зьменіцца стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі»


Помнік Леніну ў Славянску. Ілюстрацыйнае фота

Помнік Леніну ў Славянску. Ілюстрацыйнае фота

Чаму Беларусь абраная для такой сустрэчы ў фармаце Ўкраіна — Эўразьвяз — «Эўразійская тройка» (Беларусь, Казахстан, Расея)? Што гэта будзе азначаць для Беларусі? Ці сьведчыць гэта пра міратворчую ролю кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі?

На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказалі беларускія палітолягі Андрэй Фёдараў і Алесь Лагвінец, а таксама адзін зь лідэраў БХД, былы палітвязень Павал Севярынец.

«Я думаю, што для Беларусі гэта нічога асаблівага не азначае. Гэта як пляцоўка для сустрэч. Беларусь у тым ліку сябра Мытнага саюзу. Але гэта не азначае, што нейкім чынам зьменіцца стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі як да краіны. Ну, палічылі, што гэта пляцоўка, якая найбольш пасуе. І нечага надзвычайнага я тут ня бачу. Хоць гэта, вядома, будзе падавацца ў Беларусі як значнае дасягненьне, але я ня думаю, што гэта тут нешта надзвычайнае».

Карэспандэнт: «Ці азначае гэта, што Лукашэнка бярэ на сябе нейкую міратворчую місію?»

Фёдараў:"Я ня бачу тут пакуль нейкай міратворчай місіі. З ЭЗ едуць высокія, але ня першыя асобы. Тут будзе абмяркоўвацца тое, пра што Лукашэнка казаў падчас наведваньня Бярозаўскай ДРЭС. Маўляў, ёсьць праблемы, ёсьць пытаньні: калі Ўкраіна падпіша пагадненьне з ЭЗ аб асацыяцыі — ці гэта не захлісьне нашы эканомікі? Гэтае пытаньне насамрэч важнае. Але найперш трэба вырашыць пытаньне стасункаў паміж Расеяй і Ўкраінай, спыніць фактычную вайну, бо бяз гэтага іншыя пагадненьні сэнсу ня маюць. Можа, яны будуць гэта абмяркоўваць у разьліку на будучыню, бо гэта ня той фармат, які будзе міратворчы. Гэта фармат хутчэй такі эканамічны«.

Алесь Лагвінец адзначае, што Беларусь у пэўнай ступені стала пляцоўкай для дыялёгу:

«Пабачым, ці насамрэч прыедуць кіраўнікі Ўкраіны і Расеі, бо сытуацыя настолькі складаная на ўсходзе Ўкраіны, што могуць памяняцца намеры прэзыдэнтаў Украіны і Расеі. Тое, што Ўкраіне трэба знайсьці нейкі спосаб узаемадзеяньня з ЭЗ і Мытным саюзам, які будуе Расея, — гэта відавочна. І, можа, гэтая сустрэча стане адпраўным пунктам, каб нармалізаваць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. Але выглядае на тое, што Расея больш дэкляруе і проста цынічна маніць адносна сваіх дзеяньняў. Я не ўскладаю вялікіх надзеяў на гэтую сустрэчу, але тое, што яна адбываецца ў Менску, для Беларусі гэта добра».

Карэспандэнт: «Ці можа гэта сьведчыць пра нейкія міратворчыя посьпехі Лукашэнкі?»

Лагвінец: «Я ня думаю, што гэта хоць нейкім чынам зьвязана з Лукашэнкам. Проста атрымліваецца, што ён больш-менш прымальны і для аднаго, і для другога боку. Тым больш што насамрэч пэўны час Лукашэнка гэта дэкляраваў. Але проста так складаецца сытуацыя. Я б не перабольшваў ролі ўласна Беларусі альбо ўладаў Беларусі ў тым, што Ўкраіна і Расея пагадзіліся сустрэцца менавіта ў Менску. Там ёсьць свая лёгіка адносінаў, і Менск, магчыма, найбольш прымальны для абодвух бакоў варыянт».

Карэспандэнт: «Ці можа гэта неяк спрыяць паляпшэньню адносінаў паміж афіцыйным Менскам і ЭЗ?»

Лагвінец: «Я ня думаю, што моцна паспрыяе. Вядома, унутрана Лукашэнка пастараецца атрымаць дывідэнды. Але ёсьць таксама свая ўнутраная лёгіка адносінаў Беларусі з ЭЗ, і яна ня зводзіцца толькі да таго, што адбываецца паміж Расеяй і Ўкраінай».

Карэспандэнт: «Ці можна чакаць, што прыезд важных чыноўнікаў ЭЗ у Менск можа паспрыяць вызваленьню палітвязьняў у Беларусі?»

Севярынец: «Хацелася б верыць, што палітвязьні будуць вызваленыя. Але шанцы не такія вялікія. Бо Захад не ў такім становішчы, каб патрабаваць. А калі патрабаваньняў няма, то гэта тэарэтычна магчыма, але малаверагодна».

Карэспандэнт: «Чаму Беларусь абраная як пляцоўка для такой сустрэчы?»

Севярынец: «Я думаю, што сустрэча ў Менску не выпадковая. Гэта спроба ня толькі скарыстаць перамоўную пляцоўку, але і адцягнуць Лукашэнку далей ад Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG