Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Яблычны спас у Бабічах


У вёсцы Бабічы Чачэрскага раёну мясцовыя жыхары сьвяткавалі 19 жніўня Яблычны спас — старажытнае земляробчае сьвята, зьвязанае з высьпяваньнем пладоў.

Здавён у Бабічах ды навакольных вёсках Яблычны спас быў днём, вольным ад працы. Людзі адпачывалі, даўшы пасьля жніва роздых рукам і душы.

У гэты дзень у бажніцах асьвячалі яблыкі ды іншую садавіну, пасьля чаго іх дазвалялася спажываць.

82-гадовая Ганна Гапеенка, у маладосьці ці ня самая галасістая сьпявачка на ўсю ваколіцу, прыгадвае:

Усё пасьвяцалі ў гэты дзень, а тады ўжо можна было есьці. А адна жанчына з Бабіч ажно ў Кіеў хадзіла памаліцца

«Рабілі, рабілі, а потым ужо адпачывалі — так было ў старыя часы. Жалі жыта ж раней сярпамі, а тады ўжо сьвята наступала — і людзі ўжо адпачывалі. Царквы ў нас не было, а была калісьці ў Фёдараўцы царква — яе ў нас і цяпер няма — дык у Фёдараўку хадзілі за чатыры кілямэтры, яблыкі насілі, грушы, сьлівы. Усё пасьвяцалі ў гэты дзень, а тады ўжо можна было есьці. А адна жанчына з Бабіч ажно ў Кіеў хадзіла памаліцца».

Крыху маладзейшая кабета, пэнсіянэрка Тацяна Лахцерава, тлумачыць, чаму да Спаса нельга спажываць яблыкі:

«Гэта ж ня елі да Спаса яблыкі. Кажуць, што калі ў каго памёр хтосьці з радні — дзіця там ці бацька, — то ня будзе яму на тым сьвеце яблыка, калі хто з жывых да Спаса будзе іх есьці».

Паколькі ў Бабічах і сёньня няма царквы, то вяскоўцы запрасілі з Чачэрску сьвятара пасьвяціць крынічку, што бруіцца ля сядзібы Марыі Брайцавай, а пасьля й яблыкі. А каб Спас стаў яшчэ больш разнастайны і запамінальны, сюды запрасілі яшчэ сьпеўныя і фальклёрна-этнаграфічныя гурты зь іншых вёсак Чачэрскага раёну.

Вядоўца: «Сьвята „Традыцыйныя плыні Чачэршчыны“ набірае сваю моц. Кожны год мы яго сьвяткуем па-рознаму. Сёлета мы вырашылі правесьці яго крышачку інакш, каб пазнаёміць вас з абрадамі, звычаямі — з усім тым, з чым сутыкаемся ў штодзённым нашым жыцьці. Што датычна яблык, то няхай яны зь сёньняшняга дня кожны дзень будуць на вашым стале, бо гэта тая садавіна, якая дае сілу і моц».

Мы гэтым сьвятам хацелі паказаць, што ў нас на Чачэршчыне яшчэ не адышлі ў нябыт абрады, звычаі

З імправізаванай сцэны загучалі беларускія песьні, паказаны былі тутэйшыя абрады. Самадзейныя артысты з Бабічаў пацешылі вяскоўцаў пастаноўкай дасьціпнага мясцовага абраду «Заручыны», а госьці зь Меркулавічаў паказалі летні абрад «Ваджэньне зялёнай купіны».

Пад гучныя воплескі выступаў народны самадзейны хор з Залесься пад кіраўніцтвам Міхаіла Фіяся.

Дырэктарка Бабіцкага сельскага дому культуры Людміла Міхалкоўская дадае:

«Мы гэтым сьвятам хацелі паказаць, што ў нас на Чачэршчыне яшчэ не адышлі ў нябыт абрады, звычаі. І вось бачыце, як людзі добра рэагуюць на гэтае сьвята. Кожны год яно ладзіцца ў нас 19 жніўня. Наш аддзел культуры прывозіць сюды розныя самадзейныя калектывы. Адзін год мы паказваем абрады, другі год заяўляюцца ў праграме старадаўнія песьні, танцы. Кожны год штосьці новае. На ўсе гэтыя сьвяты назва адна: „Плыні Чачэршчыны“. Яны яшчэ ёсьць, не перасохлі гэтыя плыні. Людзі могуць сьпяваць, танчыць, распавесьці байкі, показкі, прымаўкі. Усё гэта ў нас на Чачэршчыне жыве».

XS
SM
MD
LG