Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У віцебскіх кнігарнях гандлююць расейскімі сьцяжкамі і кнігамі «ідэоляга Наваросіі»


Кнігі Мікалая Старыкава, адыёзнага расейскага пісьменьніка і публіцыста, які падтрымлівае сэпаратыстаў на Ўкраіне, зьявіліся ў дзьвюх віцебскіх кнігарнях — «Асьвета» і «Равесьнік».

Што паказальна, абедзьве яны традыцыйна гандлююць адукацыйнай літаратурай, бо месьцяцца каля дзьвюх ВНУ — Віцебскага дзяржаўнага і Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэтаў.

У іншых дзяржаўных кнігарнях гораду кнігі Мікалая Старыкава, у тым ліку «Украина. Хаос и революция — оружие доллара», пакуль не заўважаныя. Гандляркі крамы «Асьвета» разьмясьцілі творы аўтара кнігі «Какой должна быть идеология Новороссии» на асобнай паліцы пад шыльдачкай «Новинка». Ахвотных набыць Старыкава, кажуць гандляркі, зусім ня шмат. Прынамсі, меней, чымсьці тых, хто цікавіцца дэтэктывамі Аляксандры Марынінай, якія таксама выстаўленыя ў якасьці літаратурных навінак.

Расейскія сьцяжкі, якія прадаюцца ў аддзеле канцтавараў, таксама ня вельмі часта, але набываюць. Есьць тут і беларускія сьцяжкі дзяржаўнага ўзору, і сувэнірныя — з выявамі Мірскага замку і разнастайных краявідаў. Дзяржаўнай сымболікі якіх-колечы іншых краінаў у продажы няма.

Што да кніг Мікалая Старыкава, то ў суседняй кнігарні «Равесьнік» пад іх аддалі ажно некалькі паліц у разьдзеле «Гісторыя і грамадзкія навукі». Па суседзтве з выданьнямі да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі выстаўленыя творы Старыкава пад нашмат больш пагрозьлівымі назвамі: «Удар по России», «Так говорил Сталин», «Кто финансирует развал России? От декабристов до моджахедов» і зноў жа «Украина. Хаос и революция — оружие доллара». Пераважная большасьць кніг Мікалая Старыкава выдадзена выдавецтвам «Питер» у адмысловай сэрыі «Николай Стариков рекомендует прочитать».

Пра тое, што гэтыя кнігі «рэкамендуе прачытаць» сам аўтар, паведамляе і адмысловая абвестка на паліцы ў кнігарні. Што за пісьменьнік Мікалай Старыкаў, чым ён такі славуты і адметны, раз пара дзясяткаў ягоных твораў выстаўлены асобна, гандлярка кнігарні «Равесьнік» патлумачыць ня здолела. Сказала толькі: «Нам завезьлі, а мы прадаём. Ды яго й не купляюць — хутка 1 верасьня, і ў нас бяруць пераважна сшыткі, атлясы ды контурныя карты».

Між тым нават у роднай расейскай дзяржаве стаўленьне да асобы і творчасьці Мікалая Старыкава далёка не адназначнае. Ён — стваральнік «Партии Великое Отечество», прыхільнік Уладзімера Пуціна і Ёсіфа Сталіна. Што да літаратурнай творчасьці, то спадар Старыкаў, інжынэр-эканаміст хімічнай прамысловасьці паводле адукацыі, пачаў друкавацца ў 2006 годзе — дэбютаваў кнігай «Кто убил Российскую империю? Главная тайна ХХ века». Апошнія творы прысьвечаныя падзеям на Ўкраіне — «Россия. Крым. История», «Какой должна быть идеология Новороссии», дзе аўтар выступае за аб’яднаньне так званага «русского мира».

«Неабыякавы» Мікалай Старыкаў і да Беларусі: у адным з выступаў на БТ (у 2011 годзе) ён заяўляў, што беларусы не давяраюць сваім грашам і робяць валютныя накапленьні, бо ў гэтым вінаватыя СМІ, якія «падтрымліваюць даляр», а «ў абвальваньні беларускай эканомікі зацікаўлены Захад».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG