Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вінаваты ня той, хто падвысіў кошты на бэнзін, а хто праводзіць макраэканамічную палітыку»


Канцэрн «Белнафтахім» з 19 жніўня падвысіў кошты на аўтамабільнае паліва. Сёлета гэта другое падаражэньне, і гэтым разам рост коштаў склаў 4–4,8%. Адмыслоўцы называюць гэта вынікам камандна-адміністрацыйнага ўпарадкаваньня беларускай эканомікі.

Першае сёлета падвышэньне кошту бэнзіну і дызпаліва на 5,2–6,3% адбылося 8 ліпеня. Пры гэтым кошты нафты на сусьветных рынках за гэты час толькі зьніжаліся. Напрыклад, нафта расейскай маркі Urals за апошнія 12 месяцаў стала таньнейшай на 11,3%, а з пачатку году — на 8,2%. Аднак падаражэньне аўтамабільнага паліва ў Беларусі не зьвязанае з усясьветнымі працэсамі цэнаўтварэньня на энэрганосьбіты, кажа экспэрт у галіне паліўнага рынку Тацьцяна Манёнак:

«Формы рэгуляваньня рынку нафтапрадуктаў у Беларусі — яны прынцыпова адрозьніваюцца ад сыстэмы рэгуляваньня рынку ў эўрапейскіх краінах. Там рынкавыя адносіны, і яны дыктуюць кошты як нафты, так і нафтапрадуктаў — аўтамабільнага паліва. У Беларусі ўсё інакш — у нас адміністрацыйнае рэгуляваньне рынку нафтапрадуктаў. Трэба разумець, што ўрад як можа, так і стрымлівае рост цэнаў на нафтапрадукты. Маю на ўвазе, што Беларусь купляе нафту за даляры. І таму, калі мяняецца курс даляра, а ён ад пачатку году павысіўся больш як на 9%, — відавочна, што і цэны на нафту і нафтапрадукты павінны быць суаднесеныя з ростам даляра. Таму, вядома, „Белнафтахім“ пад уплывам нафтаперапрацоўчых заводаў, якія церпяць страты, і мяняе цэны аўтамабільнага паліва. У гэтай сытуацыі ручнога кіраваньня рынкам, калі ўжо нельга іначай нічога зрабіць, то падвышаюць кошты аўтамабільнага паліва.

Вядома, вельмі моцна ўплывае на гэта і стан рэчаў на расейскім рынку аўтамабільнага паліва. У Расеі даволі істотна — на 11% ад пачатку году — павысіліся цэны на бэнзін. І калі ў Беларусі яны будуць істотна ніжэйшыя, то пачнецца адток гэтага паліва ў Расейскую Фэдэрацыю. Таму гэта таксама момант стрымліваньня, каб захаваць стабільным унутраны рынак аўтамабільнага паліва ў Беларусі».

Падвышэньне цэнаў на бэнзін і дызпаліва — ня вынік рынкавых ці нават адміністрацыйна-камандных працэсаў, якія адбываюцца ў эканоміцы Беларусі. Галоўная прычына ў тым, што Беларусь — закладніца палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў Расеі, мяркуе экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак:

«Мы не сваю эканоміку падтрымліваем, а мы падтрымліваем маскоўскую эканоміку. У Расеі сёньня не хапае грошай, бо вайна з Украінай забірае шмат грошай. А неабходна набываць тавары, выконваць сацыяльныя праграмы, таму і паднялі цэны на бэнзін. А беларусы ў сувязі з тым, што ў нас адзіная эканамічная прастора, сталі закладнікамі гэтай вайны з Украінай, а затым, магчыма, і з усёй Эўропай. Мы плацім за Расею — за яе зьдзекі з украінскага народу і за тыя падзеі, якія разгорнуцца крыху пазьней».

Той думкі, што прычына росту цэнаў на аўтамабільнае паліва — інфляцыйныя працэсы ў беларускай эканоміцы, трымаецца і эканаміст Леанід Злотнікаў. І падаражэньне бэнзіну — толькі невялікая частка праблемы неўпарадкаванасьці гаспадараньня ў краіне, кажа спадар Злотнікаў:

«Інфляцыя ў краіне складае 10%. Гэта значыць, што грошы на 10% страцілі сваю вартасьць. І калі нехта падцягвае свае кошты да тэмпаў інфляцыі, то гэта не азначае, што адбылося падаражэньне. Гэта проста намінальная зьмена кошту. Таксама нельга патрабаваць, каб кошт паліва быў прывязаны да сабекошту — гэта будзе вяртаньне ў сацыялізм. Дыктаваць павінен рынак. Але калі павінен рынак дыктаваць, то ён таксама павінен быць вольны для доступу — павінна быць некалькі самых розных гульцоў. А вольнага рынку паліва ў Беларусі няма. Пакуль усё дыктуе ўрад, а ўрад можа вырашаць любыя задачы. Да прыкладу, няма грошай на выплату пэнсіяў. І ўрад пачынае шукаць, дзе ўзяць і куды перанесьці. Тады і атрымліваецца, што не вінаватыя тыя, хто падвышае цэны на паліва, а вінаватыя тыя, хто абы-як праводзіць у краіне макраэканамічную палітыку».

XS
SM
MD
LG